06:30 07.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ РАКІРОЎКА
На адбыўшымся ў мінулую нядзелю пазачарговым з'ездзе Беларускай
сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч змяніў на пасадзе
старшыні Аляксандра Казуліна
Нагадаем, што
спачатку гэты з'езд планавалася правесці як тэхнічны. На ім павінны былі толькі
вылучыць ад партыі патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Аднак большасць дэлегатаў (а іх з'ехалася 76 з 86 абраных) запатрабавала
ўключыць у парадак дня пытанне аб пераабранні партыйнага кіраўніцтва. На пасаду
старшыні партыі спачатку вылучылі чатыры асобы. Аднак Алег Трусаў і Мечыслаў
Грыб адмовіліся балатавацца. Таму прэтэндэнтаў засталося двое: старшыня партыі
Аляксандр Казулін, які знаходзіцца за кратамі, і выканаўца абавязкаў старшыні
партыі Анатоль Ляўковіч.
53 дэлегаты
прагаласавалі за Ляўковіча, 22 — супраць. Такім чынам, Аляксандра Казуліна
абвясцілі ганаровым старшынёй партыі і фактычна адсунулі ад
кіраўніцтва.
З
ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Анатоль
ЛЯЎКОВІЧ: «З'езд рэальна ацаніў ролю людзей у
партыі»
Пасля з'езда яго рашэнне
пракаментаваў новы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
Анатоль ЛЯЎКОВІЧ:
— Адразу хачу адзначыць, што
камісіяй па падрыхтоўцы з'езда не ўносілася пытанне аб змене кіраўніцтва партыі.
Гэтае пытанне паднялі дэлегаты з'езда. І шмат хто з іх спасылаўся на звароты
самога Аляксандра Казуліна да ўсіх сяброў партыі. А такіх зваротаў было два, і
Аляксандр Уладзіслававіч сам ставіў пытанне аб тым, каб на гэтым з'ездзе было
зменена кіраўніцтва партыі. І ініцыятыва гэтая прагучала яшчэ да пахавання Ірыны
Іванаўны. А пасля Аляксандр Казулін паўтарыў яе. Акрамя таго, Аляксандр
Уладзіслававіч тады падняў і пытанне аб стварэнні ў партыі фракцыі. У той сваёй
заяве каардынатарам фракцыі была прызначана старэйшая дачка Аляксандра Казуліна
— Вольга. Пасля чаго, на маю думку, фракцыя і распачала партыйныя рознагалоссі.
Зразумела, што многім гэта не падабалася — партыя павінна быць стабільнай,
арганізаванай, павінна эканамічна развівацца… Вынікі галасавання вам вядомы. Па
аб'ектыўных прычынах не прыехалі толькі 9 дэлегатаў, так што з'езд прайшоў
вельмі арганізавана. І ўсе сышліся аднадушна — партыю трэба прывесці ў адэкватны
стан. Што гэта значыць? У 2005 годзе я змяніў Мікалая Статкевіча на пасадзе
старшыні партыі, і з таго часу займаўся ўсімі арганізацыйнымі і аператыўнымі
пытаннямі. Калі ў партыю прыйшоў Аляксандр Уладзіслававіч, адразу пачалася
прэзідэнцкая кампанія, і ў яго проста не было часу займацца партыяй. А пасля яго
пасадзілі ў турму. Натуральна, што зараз адтуль ён не можа аператыўна
арганізоўваць і ўпраўляць партыяй з-за таго, што не атрымлівае адэкватнай і
дакладнай інфармацыі. Інфармацыя ішла праз Ігара Рынкевіча, праз каго-небудзь
яшчэ… Але на прэзідыуме партыі з Рынкевіча знялі статус прадстаўніка Казуліна.
Менавіта за тое, што той займаўся дэзінфармацыяй аб стане ў партыі. 28 лютага на
месца Рынкевіча была прызначана Вольга Казуліна. Але з таго часу яна не прыехала
ні ў адну арганізацыю, не пацікавілася, чым жыве партыя, ні разу не сустрэлася з
кіраўніцтвам партыі… Хоць мы неаднойчы дамаўляліся аб сустрэчах. І гэта гаворыць
пра тое, што Вольга Казуліна таксама не магла валодаць аб'ектыўнай інфармацыяй
аб стане ў партыі, і, суадносна, не магла даваць такую Аляксандру
Уладзіслававічу Казуліну. Таму з'езд рэальна ацаніў сітуацыю і ролю людзей у
партыі.
А Аляксандра Казуліна мы абвясцілі
ганаровым старшынёй і тым самым, на мой погляд, яшчэ вышэй паднялі яго статус у
вачах грамадскасці Беларусі і замежжа. Таму што шмат партый і старшынь, а
ганаровых — на пальцах пералічыць можна. Такім з'яўляецца, здаецца, толькі
Станіслаў Багданкевіч у Аб'яднанай грамадзянскай
партыі.
АЛЬТЭРНАТЫВА
Вольга
КАЗУЛIНА: «З гэтага моманту палітычная кар'ера Ляўковіча пойдзе
на спад…»
Мы звярнуліся за каментарыем
рашэння партыі і да Вольгі КАЗУЛІНАЙ.
— Спадар
Ляўковіч дабіўся таго, чаго заўсёды хацеў — стаць старшынёй партыі, — кажа яна.
— Але, як мне падаецца, яго палітычная кар'ера з гэтага моманту пойдзе на спад.
Таму што з такімі людзьмі на міжнародным узроўні ніхто не будзе мець зносіны.
Мала таго, што ён падставіў сябе, дык яшчэ і зняславіў усю партыю. Проста вельмі
шкада тых людзей, якія рызыкуюць сваімі свабодамі, сем'ямі, работай… Якія
ўступілі ў партыю і не пабаяліся гэтага. А іх узялі і
падставілі.
— Ініцыятыва аб змене
кіраўніцтва насамрэч сыходзіла ад Аляксандра
Уладзіслававіча?
— Так, ён і праўда
быў незадаволены кіраўніцтвам партыі. І некалі гэтыя пытанні трэба было
вырашаць, бо іх назбіралася вельмі шмат. Пачаліся нават фальсіфікацыі
дакументаў, і, натуральна, нікому гэта не падабалася. Але за дзень да з'езда я
патэлефанавала спадару Ляўковічу і сказала, што мы не будзем ініцыяваць пытанне
аб змене кіраўніцтва. Таму што зараз на парадку дня — парламенцкія выбары.
Кампанія вельмі сур'ёзная, нервовая і небяспечная. Я прапанавала Анатолю
Ляўковічу правесці з'езд мірна і ціха. Таму што ў нас ёсць іншыя мэты. На што
было адказана: "Усё так і будзе". А на наступны дзень былі абліты брудам і
Аляксандр Казулін, які знаходзіцца ў няволі, і я. Самае цікавае, што мяне ў
якасці дэлегата з'езда не прызналі, хоць я з'яўляюся прамым прадстаўніком
Аляксандра Уладзіслававіча.
— Анатоль
Іосіфавіч сцвярджае, што вы не сустракаліся з прадстаўнікамі партыі, не валодалі
аб'ектыўнай інфармацыяй…
— Давайце
пачнём з таго, што я езджу па рэгіёнах — была ў Магілёве, Бабруйску… Але калі
аднойчы на прэзідыуме я папрасіла, каб мяне ўключылі ў склад дэлегацыі, якая
ездзіць і сустракаецца з людзьмі, то мне сказалі: "Дзяўчынка, а хто ты тут
такая? Ты што, задумала нас кантраляваць? Ідзі туды, адкуль прыйшла". Вось вам
адказ на тое, ці хацеў Ляўковіч, каб я прадстаўляла Казуліна. Хоць мяне зараз
разоў у дзесяць больш, чым Ляўковіча, запрашаюць на сустрэчы і ў Еўропу, і ў
Амерыку. Напэўна, гэта не ўсім
падабалася.
— Тым не менш Аляксандр
Казулін абраны ганаровым старшынёй партыі… Што ж за крыўды могуць
быць?
— На мой погляд, зроблена гэта
толькі для таго, каб карыстацца прозвішчам Казуліна. Думаю, што гэта не
атрымаецца. Я паслала тату тэлеграму, дзе поўнасцю апісала з'езд. І, як мне
падаецца, у хуткім часе чакайце ад Аляксандра Казуліна гучных
заяў.
Алесь
СІВЫ
АД
РЭДАКЦЫІ
Чакаем…
Але
ўжо відавочна, што абодва бакі маханулі шашкамі і нічога добрага з гэтага не
атрымалася. Спадарыні Вользе сапраўды, напэўна, трэба было больш працаваць з
сябрамі партыі. Візіты ў Еўропу і ЗША — патрэбная рэч, але лёс партыі, лёс
краіны вырашаецца тут, у Беларусі. А спадару Ляўковічу неабходна задумацца, ці
сапраўды ўсё так добра, калі ў партыі адбываецца скандал за скандалам. І каго
БСДП будзе вылучаць кандыдатам у прэзідэнты — А.Казуліна ці...?
7.08.2008 фб15-116
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме