20:45 04.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

“Свабоду Аляксандру Казуліну і ўсім палітвязням”. Рэзалюцыя XII з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

                                                             Рэзалюцыя
                      XII з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

                               “Свабоду Аляксандру Казуліну і ўсім палітвязням”

   Мінула амаль два з паловай гады, як экс-кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін знаходзіцца ў зняволенні. Такі кошт удзелу апазіцыйнага лідэра ў прэзідэнцкіх выбарах, калі ён кінуў выклік беларускаму правіцелю і нёс людзям праўду і збаўленне ад страху.
   Незалежныя юрысты, праваабарончыя аб’яднанні, шматлікія міжнародныя арганізацыі паказалі, што крымінальная справа ў дачыненні да А.Казуліна палітычна матываваная. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала яго вязнем сумлення.
   Сваёй грамадзянскай пазіцыі і палітычным перакананням прафесар А.Казулін застаўся верным і ў турэмных засценках, у выніку яго 53-дзённай галадоўкі пратэсту ў Радзе Бяспецы ААН было ўзнята пытанне аб парушэнні ўладамі правоў беларускіх грамадзян. А па гэтым боку калючага дрота высокапастаўленыя службоўцы абрынулі на яго публічныя абразы і паклёп, яго сям’ю падвергнулі здзекліваму амаральнаму пераследу. Але Аляксандр Казулін не зламаўся, сваёй сілай духу ён і ў няволі перамагае помслівы кіруючы рэжым.
   З першых дзён арышту грамадоўцы выступалі за яго вызваленне, нягледзячы на перашкоды ўлад праводзілі пікеты, збіралі подпісы пад петыцыямі, са ўсіх трыбун заяўлялі на ўвесь свет: Аляксандр Казулін – невінаваты і павінен быць на волі! І цяпер чальцы БСДП поўныя рашучасці падчас выбарчай кампаніі выступіць адзіным фронтам і і патрабаваць яго вызвалення.
   Мы звяртаемся да паплечнікаў з аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі, да грамадзян нашай краіны з заклікам выказаць з новай сілай салідарнасць з Аляксандрам Казуліным, усімі беларускімі палітвязнямі і падтрымаць патрабаванне іх вызвалення.
   Паколькі абарона А. Казуліна практычна вычарпала  ўнутраныя сродкі абскарджання, прадугледжаныя заканадаўствам Беларусі, мы ізноў заклікаем Камітэт ААН па правах чалавека і іншыя структуры ААН, міжнародныя арганізацыі надаць самую пільную ўвагу разгляду скаргі аб грубых парушэннях Рэспублікай Беларусь у адносінах да А.Казуліна мноства артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а прадстаўнікоў ПАРЕ і іншых еўрапейскіх структур просім спрыяць правядзенню незалежнай прававой ацэнкі крымінальнай справы супраць А.Казуліна з мэтай яго вызвалення.
   Кожны наступны дзень турэмнага зняволення Аляксандра Казуліна нясе пагрозу яго жыццю. Толькі агульныя рашучыя дзеянні прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі і за мяжой заставяць неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна.
                03 жніўня 2008 года  
                г. Мінск



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме