11:00 17.07.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ці азначаюць новыя кадравыя прызначэньні карэктаваньне палітыкі?

    Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 16-га ліпеня.
    У аўторак новыя кіраўнікі ўзначалілі Адміністрацыю прэзыдэнта, Раду бясьпекі, КДБ. Якая лёгіка стаіць за гэтымі прызначэньнямі? Ці можна казаць пра новую кіраўнічую каманду? Ці варта чакаць зьменаў у палітыцы ад новых кадравых прызначэньняў?
    Удзельнікі: старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Мечыслаў Грыб і палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута.

                                Якая лёгіка стаіць за гэтымі прызначэньнямі?
    
Валер Карбалевіч: “На ключавыя дзяржаўныя пасады прыйшлі новыя людзі. Зьвяртаюць на сябе ўвагу наступныя акалічнасьці. Кіраўніком Рады бясьпекі стаў былы старшыня КДБ Ю. Жадобін, які ня здолеў прадухіліць выбух 4 ліпеня. І Жадобін, і новы старшыня КДБ Вадзім Зайцаў — выхадцы з Украіны. Зайцаў скончыў расейскія ваенныя навучальныя ўстановы. Макей — былы контраразьведчык і дыплямат. Ці маюць значэньне гэтыя факты іх біяграфіі? Якая лёгіка стаіць за гэтымі прызначэньнямі?”
    Мечыслаў Грыб: “Ня думаю, што гэтыя зьмены зьвязаныя з выбухам. Бо ня ў меншай ступені, чым Шэйман, за выбух адказны Жадобін. Але аднаго здымаюць, другога павышаюць па службе. Выбух стаў нагодай, каб зьдзейсьніць намер, які высьпеў у Лукашэнкі даўно”.
    Гэтае пытаньне трэба разглядаць у шырэйшым кантэксьце. Вось Лукашэнка абяцаў правесьці дэмакратычныя выбары. 42 прадстаўнікі апазыцыі ўключаны ў склад акружных выбарчых камісій, чаго не было раней. Падаецца, Лукашэнка імкнецца знайсьці паразуменьне з Захадам, дамагчыся прызнаньня новага складу Палаты прадстаўнікоў. І на гэтым фоне трэба разглядаць кадравыя зьмены. Бо Шэйман быў непрымальнай асобаю для Захаду”.
    Аляксандар Фядута: “Зьвярнуў бы ўвагу на адну акалічнасьць. Вядома, што ў Макея і Жадобіна былі складаныя адносіны з Шэйманам. Цяпер гэтыя людзі вылучаныя на кіраўнічыя пасады. І гэта сыгнал для ўсяго дзяржаўнага апарату аб пэўных пераменах у дзяржаўнай палітыцы”.

                               Ці можна казаць пра новую кіраўнічую каманду?
    
Карбалевіч: “Многія экспэрты кажуць, што да ўлады прыйшла новая каманда, і яе лідэрам называюць сына кіраўніка дзяржавы Віктара Лукашэнку, які займае пасаду памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. Кажуць, што клан Віктара Лукашэнкі перамог клан Шэймана.
    Але ці не перабольшваньне гэта? Ці існуе ўвогуле такая каманда ці клан? Бо тэрміны “каманда”, “клан” азначаюць агульнасьць інтарэсаў, пэўны ўзровень карпаратыўнай салідарнасьці, камандныя дзеяньні, увогуле прыярытэт: адданасьць сваёй карпарацыі перавышае адданасьць дзяржаве, прэзыдэнту і іншым структурам. Ці ёсьць усё гэта ў дадзеным выпадку?”
    Грыб: “На мой погляд, ніякай каманды не было ў Шэймана. І ніякай каманды няма ў тых, хто цяпер прызначаны на высокія пасады. Лукашэнка неаднойчы казаў, што палітыку дзяржавы вызначае ён сам. І новыя людзі будуць рабіць тое, што ім скажа прэзыдэнт.
    Магчыма, існуюць нейкія групы, якія групуюцца паводле інтарэсаў, паводле ўзросту. Але называць гэта камандай у нашых умовах было б няправільна”.
    Фядута: “Я цалкам падтрымліваю пазыцыю сп. Грыба. Бо ў нас з 1996 году ва ўладзе існуе толькі адна каманда. Гэта каманда Аляксандра Лукашэнкі. Постаці побач могуць мяняцца. Але палітыку вызначае толькі ён.
    Іншая справа, што той ці іншы чалавек зь ягонага атачэньня можа прапанаваць яму нейкі ход. Напрыклад, у 2001 годзе Макей быў адной зь дзьвюх асобаў, якія параілі Лукашэнку адправіць у адстаўку Замяталіна.
    Зразумела, ёсьць розьніца паміж Макеем і Шэйманам. Але нельга казаць, што да ўлады прыйшла каманда Віктара Лукашэнкі. Бо Віктар ёсьць у пэўным сэнсе тварам гэтай новай групы, але не генэратарам ідэй. Зразумела, Аляксандар Лукашэнка больш давярае сыну. Але ўсе рычагі кіраваньня захоўвае Лукашэнка старэйшы”.

                             Ці варта чакаць зьменаў у палітыцы?
    
Карбалевіч: “Магчыма, кадравыя зьмены абумоўлены новымі задачамі, якія імкнецца вырашыць Ал. Лукашэнка. Пра гэта ўжо пачаў гаворку сп. Грыб. Лягічна, што пад новыя задачы падбіраюцца новыя людзі. Дык ці варта чакаць зьменаў у палітыцы ад новых кадравых прызначэньняў?”
    Грыб: “Нельга наўпрост зьвязваць зьмены ў палітыцы з кадравымі зьменамі. Але, гледзячы па ўсім, такія зьмены бліжэйшым часам могуць адбыцца.
    Вось цяпер Беларусь імкнецца палепшыць дачыненьні з Захадам.
Магчыма зьяўленьне новых людзей у кіраўніцтве — гэта пэўны сыгнал Захаду. Калі яшчэ ў Палаце прадстаўнікоў зьявіцца некалькі апазыцыянэраў, то гэта падстава для торгу з Захадам. Вось у гэтым кантэксьце і можна разглядаць кадравыя прызначэньні”.
    Фядута: “У эканамічнай палітыцы ўсё, што магло зьмяніцца, ужо зьмянілася. Ідзе прыватызацыя. Існуе заданьне прыцягнуць як мага больш менавіта заходніх інвэстыцый. У зьвязку з гэтым трэба наладжваць палітычнае супрацоўніцтва з Захадам. А перабольшваць значнасьць новых прызначэньняў ня трэба.
    Зьвяртаю ўвагу, што перамовы аб вызваленьні палітвязьняў не далі выніку, Казулін па-ранейшаму знаходзіцца ў калёніі. Бо Лукашэнка палічыў, што яго падманулі, запатрабавалі занадта шмат саступак і нічога не далі ўзамен.
    
Я вельмі баюся, што цяпер можа адбыцца нешта падобнае. Некалькі чалавек ад апазыцыі могуць пусьціць у Палату прадстаўнікоў. Але пасьля і Захад адчуе пэўнае расчараваньне, і Лукашэнка не атрымае чаканых вынікаў. І мы зноў апынемся ў часы ня Шэймана, а нэашэйманізма. То бок будзе праводзіцца тая ж палітыка, але з новымі тварамі”.

    16.07.2008 21:14 Валер Карбалевіч  



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме