07:30 16.07.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АПАЗЫЦЫЯ ПАКІДАЕ ЗА САБОЮ ПРАВА НА БАЙКОТ
Апазыцыйныя партыі працягваюць актыўны ўдзел у выбарчай
кампаніі, нягледзячы на яе непразрысты характар і неспрыяльную атмасфэру ў
грамадзтве, выкліканую рэпрэсіямі пасьля выбуху 4 ліпеня. Тым ня менш
апазыцыйныя лідэры пакідаюць за сабою права на байкот выбараў, калі сытуацыя
стане горшай.
Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў
стрымана ацэньваюць рашэньні аблвыканкамаў, якія дапусьцілі ў акруговыя выбарчыя
камісіі некалькі дзясяткаў іх прадстаўнікоў.
Ігар
Шынкарык, які адказвае за арганізацыйныя праблемы ўдзелу АГП у выбарах, лічыць,
што абмежаванае ўключэньне актывістаў апазыцыі ў акруговыя камісіі нічога не
вырашае, бо ў часе галасаваньня яны будуць у меншасьці — у прапорцыі 1 да
15.
“Лічу, што гэта як костка, кінутая нам: маеце,
падавіцеся... Мы ўключылі 10 вашых чалавек, і
ўсё...”
Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП (Грамада)
Анатоль Ляўковіч мяркуе, што беларускім уладам трэба памяняць свой імідж у
сьвеце. Сярод захадаў, скіраваных на гэта, — адстаўка В.Шэймана і заявы пра
роўныя ўмовы выбарчай кампаніі. Але гэта не мяняе сутнасьці рэжыму, мяркуе
спадар Ляўковіч:
“У палітыцы трэба карыстацца любымі
магчымасьцямі, галоўнае — дасягнуць мэты, правесьці нейкія перамены ў краіне.
Так, мы ўдзельнічаем у гэтай палітычнай кампаніі. Але мы пакідаем за сабою права
на апошняе слова. Мы будзем глядзець, як разгортваецца гэты
працэс”.
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі не
выключае магчымасьці байкоту выбараў:
“Байкот — гэта
зброя, якая страляе адзін раз, і калі ўжо стрэліць, то трэба, каб у нікога ня
выклікала сумненьня, чаму гэта робіцца. Пакуль што мы не на гэтым этапе. Я
спадзяюся, што ўсё-ткі вызваляць нашых людзей... Але калі ўлады будуць ісьці на
абвастрэньне, на нематываваныя арышты, запалохваньне і перасьлед, то тады можна
будзе гэтую зброю прымяніць”.
Пры гэтым спадар
Баршчэўскі мяркуе, што рана рабіць высновы пра ход выбарчай кампаніі паводле
вынікаў фармаваньня акруговых выбарчых
камісіяў.
“Канчаткова будзе бачна па выніках
стварэньня ўчастковых камісіяў, бо фальсыфікацыі робяцца на
ўчастках”.
Паводле Лявона Баршчэўскага, апазыцыя
будзе імкнуцца накіраваць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе ўчастковыя камісіі,
прынамсі там, дзе яе кандыдаты будуць мець шанцы на
перамогу.
На сёньня ж атмасфэры для нармальных
выбараў няма, мяркуе спадар Баршчэўскі, але ўлады яшчэ маюць магчымасьці гэта
паправіць.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей
Калякін на пачатку выбарчай кампаніі пазытыўнымі лічыць толькі заявы ўладаў, у
прыватнасьці А.Лукашэнкі, пра тое, што трэба правесьці вольныя выбары, без
уціску апазыцыі, з роўнымі ўмовамі, без уладных сьпісаў кандыдатаў. Але гэтыя
заявы засталіся пустымі дэклярацыямі, перакананы
С.Калякін:
“За заявамі павінны былі б
ісьці нейкія справы. Але сытуацыя ў краіне адваротная заявам. Людзей, якія
хочуць стаць дэпутатамі, перасьледуюць, у сувязі з выбухам без дастатковых
падставаў было затрымана 16 чалавек, сярод іх — актывісты палітычных партыяў,
кіраўнікі выбарчых штабоў дэмакратычных
кандыдатаў”.
Учарашнія паседжаньні аблвыканкамаў, на
якіх фармаваліся акруговыя выбарчыя камісіі, на думку спадара Калякіна, прайшлі
непразрыста. Ня ўсе выканкамы дазволілі прысутнічаць на гэтых пасяджэньнях
прадстаўнікам апазыцыі. Пры гэтым улады не тлумачылі і матываў, паводле якіх
прымаліся рашэньні.
“Проста зачытвалі кімсьці загадзя
складзены сьпіс і казалі, што гэтыя людзі ўключаныя ў камісіі. Чаму гэтыя
ўключаныя, а тыя — не, хто ўвогуле падаваў заявы на ўключэньне, — гэта абсалютна
невядома”.
Паводле інфармацыі С.Калякіна, са 110
кандыдатаў, вылучаных Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі, у акруговыя камісіі
ўключаныя толькі каля 30 чалавек. Гэта ўжо парушэньне дэкляраванага ўладамі
прынцыпу роўнасьці, прынамсі ў тых акругах, дзе прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіі
не ўключылі.
Спадар Калякін мяркуе, што ўлады яшчэ
маюць шанцы палепшыць сытуацыю, зрабіць усё, каб выбары атрымалі прызнаньне як у
самой краіне, гэтак і за мяжой.
15.07.2008 16:16 Валер Каліноўскі
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме