05:45 10.07.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НАЙБОЛЬШ НЕБЯСЬПЕЧНА, КАЛІ ЗА ЗЛАЧЫНСТВЫ КАРАЮЦЬ НЕВІНАВАТЫХ
Грамадзкі рэдактар “Свабоды” на гэтым тыдні – генэрал-лейтэнант міліцыі, сьпікер
Вярхоўнага Савету XII скліканьня Мечыслаў
Грыб.
Невыпадкова мы зьвярнуліся да Мечыслава
Іванавіча з прапановаю стаць грамадзкім рэдактарам гэтага тыдня. Выбух
самаробнага прыстасаваньня падчас масавых гуляньняў у Менску ў ноч на 4 ліпеня,
ад якога пацярпелі больш за паўсотні чалавек, спарадзіў мноства пытаньняў. У
прыватнасьці, як уратаваць людзей ад маньякаў новага тысячагодзьдзя –
тэрарыстаў?
На гэтым тыдні разам зь Мечыславам
Грыбам мы паспрабуем раскрыць тэмы, якія агаліў выбух 4 ліпеня ў Менску, а яшчэ
раней, у 2005-м, вынесьлі на парадак дня два выбухі ў Віцебску. Ці здольныя
праваахоўчыя органы гарантаваць бясьпеку грамадзянам? Якіх дзеяньняў могуць
чакаць ад уладаў людзі, якія сталіся міжвольнымі ахвярамі зламысьнікаў? З улікам
свайго досьведу генэрал-лейтэнант Грыб дапаможа адказаць на гэтыя ды іншыя
пытаньні.
Што да начнога выбуху ў Менску падчас
сьвяткаваньня Дня незалежнасьці, то Мечыслаў Грыб трымаецца адменнай ад
афіцыйнай пазыцыі. На ягоную думку, тут мы маем дачыненьне ня проста з
хуліганствам – у гэтым выпадку відавочныя праявы тэрарыстычнага акту. І вытокі
цяперашняга злачынства, на перакананьне Грыба, паходзяць з аналягічных выбухаў
трохгадовай даўнасьці ў Віцебску. Пра гэта грамадзкі рэдактар тыдня сказаў у
інтэрвію Радыё Свабода:
“Гэта занадта маштабнае
злачынства, каб яго можна было трактаваць як хуліганства. Гэта нешта падобнае да
тэрарыстычнага акту.
Калі адно аналягічнае злачынства
застаецца нераскрытым, тады можна чакаць іншага. І найбольш небясьпечна, калі за
гэтыя злачынствы затрымліваюць і прыцягваюць да адказнасьці невінаватых людзей.
Гэта разьвязвае рукі сапраўдным злачынцам, якія лічаць сябе
беспакаранымі.
Каго абвінавацяць – цяжка прадказваць.
Але будуць шукаць у тым ліку і сярод апазыцыі. Мяркую, што празь непрацяглы час
усё ж гэтую справу будуць кваліфікаваць як тэракт, а калі знойдуць нейкае
дачыненьне да апазыцыі, то ўжо ўсім паратунку ня будзе”.
Мечыслаў Грыб сёлета адзначыць 70-гадовы юбілей.
Нарадзіўся 28 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы Дзятлаўскга раёну на
Гарадзеншчыне. Закончыў Львоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню і юрыдычны
факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Міліцэйскую кар’еру пачаў на
Віцебшчыне.
На пачатку 1980-х быў прызначаны
начальнікам упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму. У студзеня
1985-га ўзначаліў апэратыўна-сьледчую групу для раскрыцьця забойстваў жанчын,
што здарыліся на тэрыторыі Віцебскай вобласьці ў папярэднія 15 гадоў. У
лістападзе 1985-га ўдалося затрымаць маньяка – нараджэнца Мёрскага раёну Генадзя
Міхасевіча, які прызнаўся ў забойстве 43 жанчын. У часе сьледзтва групаю Грыба
таксама было выяўлена: па “віцебскай справе” незаконна асуджаныя 13 чалавек,
адзін зь іх расстраляны. Такім чынам былі адкрытыя нэгатыўныя бакі беларускага
судаводзтва тых гадоў.
У 1993 годзе па выніках
агульных заслуг Мечыслаў Грыб першы ў Беларусі быў прадстаўлены да годнасьці
“генэрал-лейтэнант міліцыі”. Заслужаны юрыст Рэспублікі
Беларусь.
Вылучаўся дэпутатам розных узроўняў. З
1990-га – дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савету XII
скліканьня. Пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 году беларускі
парлямэнт прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Ад
пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году – у кіроўчым штабе тагачаснага кандыдата
ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
Аляксандра Казуліна.
07.07.2008 00:56
Ігар Карней
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме