19:45 22.06.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АДС гатовы да выбараў і настроены на сур'ёзную палітычную барацьбу

    24 чэрвеня стартуе кампанія па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Лідэры Аб'яднаных дэмакратычных сілаў заяўляюць пра поўную гатоўнасць да актыўнай палітычнай барацьбы і кажуць пра тое, што кандыдатам з адзінага спісу АДС давядзецца адчуць на сабе ўсю моц дзяржаўнай прапагандысцкай сістэмы. Але саступаць ніхто з дэмакратаў не збіраецца.
    Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка падкрэсліў, што партыйцы “не маюць абсалютна ніякіх ілюзіяў наконт сутнасці тае дзеі, якая рыхтуецца ўладамі”, але маюць намер “на 200% скарыстаць непазбежную нават для ўладаў палітызацыю грамадства падчас выбарчай кампаніі”.
    - У гэты час людзі прагна ўспрымаюць любую альтэрнатыўную інфармацыю, - сказаў Вінцук Вячорка, - тым больш што эканамічная і псіхалагічная сітуацыя ў краіне не паляпшаецца, а пагаршаецца, то тым больш уважлівей яны будуць слухаць нас.
    25 кандыдатаў ад Партыі БНФ уваходзяць у адзіны спіс кандыдатаў ад АДС ў акруговыя камісіі. І, паводле слоў палітыка, партыя мае намер выкарыстаць іх вядомасць у сваіх мясцовасцях, як тых людзей, якія стаяць на фронтаўскіх пазіцыях і гатовыя абараняць штодзённыя інтарэсы людзей, выступаць на іх баку ў канфліктах сацыяльна-эканамічнага характару з цяперашняй уладай.
    Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін лічыць, што выбарчая кампанія будзе не менш цяжкай, чым ўсе астатнія кампаніі, якія адбываліся ў апошнія гады. А ўжо тое, ці атрымаюць мандаты кандыдаты ад АДС, “а значыць, ці будуць выбары справядлівымі, ці будзе волевыяўленне грамадзянаў уплываць на канчатковы вынік – атрыманне мандатаў”, гэта будзе зразумела бліжэй да выбараў.
    - Пакуль мы не бачым ніякіх сігналаў да таго, што адбудзецца нейкая лібералізацыя і будзе выконвацца беларускае заканадаўства па выбарах. Таму мы гатовыя да сур'ёзнай палітычнай барацьбы і наша задача – змагацца за розум і душы беларускіх грамадзянаў, - сказаў Сяргей Калякін.
    Гаворачы аб гатоўнасці ПКБ да выбараў, палітык адзначыў:
    -
Да выбараў мы падрыхтаваныя, ведаем нашых кандыдатаў і ведаем, як будзем іх вылучаць. Ёсць пасланне да выбаршчыкаў, прынятая платформа, у прынцыпе гатова форма агітацыйных матэрыялаў, з якімі пойдуць нашы кандыдаты, гатовыя іх каманды. Дзе-нідзе яшчэ праводзяцца апошнія семінары па падрыхтоўцы да выбараў з пункту гледжання палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы. Мы ўжо правялі пленум па перадвыбарнай працы, дзе падвялі вынікі папярэдніх гадоў і паставілі задачы на цяперашнюю выбарчую кампанію. І калі большасць грамадзянаў у акругах, дзе будуць нашы кандыдаты, прагаласуюць за іх, гэта стане дасягненнем мэты.
    Анатоль Ляўковіч, першы намеснік старшыні БСДП (Грамада), сцвярджае, што для кандыдатаў з адзінага спіса АДС выбарчая кампанія будзе асабліва складанай, паведамляе Інфармацыйны цэнтр АДС:
    - Выбарчая кампанія ў нашай краіне заўсёды цяжкая, і асабліва цяжкая для кандыдатаў, якія ідуць ад апазіцыі. Зараз яна будзе яшчэ цяжэй для кандыдатаў з адзінага спісу, таму што ўлада больш за ўсё баіцца кансалідацыі. І яна накіруе ўсю сваю прапагандысцкую моц супраць кандыдатаў, якія зкансалідаваліся.
    Як засведчыў Анатоль Ляўковіч, тыя кандыдаты, што прайшлі конкурс у адзіны спіс, гэта добра ведаюць. Таму яны маральна і псіхалагічна падрыхтаваныя.
    Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька вызначыў спецыфіку беларускага выбарчага працэсу:
    - У нас няма выбараў, ёсць жорсткая кампанія без усялякіх правілаў і таму асноўны цяжар прыпадае на партыйных актывістаў.
Не хапае рэсурсаў і значная частка падрыхтоўчай працы, недзе 80%, адбываецца на валанцёрскіх пачатках. Такога няма ні ў Расіі, ні на Украіне, ні ў Польшчы, ні ў Прыбалтыцы. У Беларусі ёсць людзі, якія ахвяруюць сваім часам і сваімі нервамі, здароўем і ўдзельнічаюць у падрыхтоўчым працэсе.
    Разам з тым лідэр АГП падкрэсліў, што партыя не разглядае сябе асобна ад АДС. Яна ўвесь час рэалізуе стратэгію аб'яднання. І тое, што сёння “ёсць адзіны спіс, агульнае пасланне, супольная кампанія за свабодныя выбары, гэта агульнае дасягненне”.
    - І я рады, - кажа Анатоль Лябедзька, - што АГП была адным з галоўных інвестараў гэтага працэсу. З агульнага спісу 28 кандыдатаў належаць да АГП. Я ўпэўнены, што з пункту гледжання арганізацыйных пытанняў АДС падрыхтаваныя як ніколі. А вось што датычыць самога зместу выбарчай кампаніі, гэта залежыць ад таго, як будзе паводзіць сябе ўлада, і ад таго, як кандыдаты змогуць мабілізаваць на працу свае каманды.



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме