07:15 19.07.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ігар Барысаў: У партыі ёсць апазіцыя

Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў распавёў пра сітуацыю, якая склалася ўнутры партыі.

У наступным годзе адбудзецца з’езд БСДП (Грамада) і ўжо зараз вядома, што замест дзеючага старшыні будзе абраны новы кіраўнік партыйнай структуры. Ірына Вештард адпрацавала тры тэрміны і па статуце не мае больш права быць пераабранай.

РР: Не так даўно Ірына Вештард заявіла, што ў партыі “ёсць 8–9 чалавек, якія баламуцяць ваду, стварылі ценявы аргкамітэт і паліваюць брудам арганізацыю”. Апазіцыя ўнутры партыі працягвае існаваць?

Ігар Барысаў:Так, калі гэтых людзей можна назваць апазіцыяй. Ідэалагічных супярэчнасцей у нас няма, але, скажам так, маюцца несупадзенні поглядаў, што датычыцца лідарства. У партыі засталася тая група людзей, якая “шэльмавала” структуру апошнія некалькі гадоў і, па вялікаму рахунку, яны гэта працягваюць рабіць і зараз. Іх не надта шмат, але працу тыя робяць мэтанакіравана. Хаця ўсе кропкі будзе растаўляць, натуральна, з’езд.

РР: Пакуль невядома, хто будзе прэтэндаваць на пасаду старшыні?

Ігар Барысаў:Гэтае пытанне пакуль не абмяркоўвалася, тым больш, што летам, як правіла, перыяд палітычнага зацішша. Акрамя таго, так далёка мы пакуль не заглядваем, а плануем зараз выбарчую кампанію ў мясцовыя Саветы. Вядзем працу па папулярызацыі сярод партыйцаў удзелу ў выбарах. Мы паставілі перад сабой мэту, каб паспрабавалі сілы ў выбарчай кампаніі тыя, у каго яшчэ няма такога вопыту. Досьвед выбараў у мясцовыя Саветы затым можна добра выкарыстаць падчас парламенцкай кампаніі. Калі на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў было зарэгістравана ад нашай партыі 29 кандыдатаў, то ў будучым жадаем закрыць усе акругі.
РР: Наколькі мне вядома, у апошні час вы актыўна займаліся распрацоўкай праграмы дзеянняў партыі…

Ігар Барысаў:

Так, добра ішла праца ў рэгіёнах. Было 13 сустрэч, 5 “круглых сталоў”, падрыхтавана 120 партыйных тэзісаў, якія ўжо прыняты за аснову. Гэта наша бачанне на развіццё Беларусі на бліжэйшыя некалькі год. Яно будзе актуальнае, як на гэтых выбарах, так і на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2020 годзе. А, можа быць, калі-небудзь ад нашай партыі з’явіцца і кандыдат у прэзідэнты.



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме