14:02 10.01.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ігар Барысаў: “У кожным раёне вобласці трэба ствараць незалежныя інфарэсурсы”
Наконт таго як будзе развівацца ў бліжэйшыя часы грамадска-палітычная жыццё ў горадзе і краіне мы папыталі журналіста, палітолага і лідэра сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) у рэгіёне Ігара Барысава.
Што зараз адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці горада?
Калі казаць пра актыўнасць незалежных дэмакратычных грамадскіх арганізацыі і палітычных партый, то можна смела казаць, што іхная дзейнасць фактычна паралізаваная. Многія з іх пазбавіліся офісаў, а многія згубілі цэлы шэраг сваіх сябраў. У іх узнікае праблема з тым як сабраць людзей, каб правесці сход, ці канферэнцыю, бо людзі па-просту паразбягаліся і не праяўляюць актыўнасці і не бачуць сэнсу змагацца са сцяной. Кансалідаванай сілы ў рэгіёне няма. Некаторыя адышлі ў лепшы свет, а некаторыя працуюць за мяжой. Пра дзейнасць з насельніцтвам горада казаць не прыходзіцца – яна па-просту не вядзецца.
Вялікі ўплыў на гэта зрабілі падзеі 19 снежня 2010 года, калі ў дзень выбараў улада пайшла на разгон сабраўшыхся ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэста і асудзіла за гэта некалькі дзесяткаў чалавек, што стала сігналам астатнім – будзеш актыўнічаць – будзеш сядзець. Некаторыя з актывістаў пасля гэтага былі вымушаны з’ехаць з краіны.
Якія значныя грамадска-палітычныя падзеі адбыліся ў Магілёве ў 2011 годдзе?
Безумоўна на першае месца я бы паставіў летнюю хвалю “маўклівых” акцый пратэста. Гэтыя акцыі актывізавалі грамадства на некаторы час. Улада спачатку была разгублена і не ведала як на гэта рэагаваць, таму папросту сачыла за імі і нічога не прадпрымала. Калі ж яна ўбачыла, што колькасць удзельнікаў з кожным разам узрастае (самая масавая маўклівая акцыя ў Магілёве сабрала не меней за 500 чалавек), то яна была вымушана пайсці на затрыманні і пагрозы. Агулам у горадзе за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту было асуджана 20 чалавек. Гэтыя акцыі арганізоўваліся праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце і грамадска-палітычныя арганізацыі горада да іх не мелі ніякага дачынення.
На другое месца па сваё значнасці можна паставіць Народны сход у Магілёве, які сабраў на ускрайку горада на стадыёне “Хімік” каля 150 чалавек. Вось гэтае мерапрыемства было арганізаванае дэмакратычнымі сіламі і сведчыць пра патэнцыял апазіцыі ў горадзе. Каб прадухіліць далейшыя такія Народныя сходы ў горадзе ўлада ўзяла ў “абарот” аднаго з арганізатараў гэтага мерапрыемства Ўладзіміра Шанцава і пачала паказальна на яго ціснуць. Усё гэта скончылася судом, па выніках якога ён атрымаў штраф за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
Вось хіба і ўсе мерапрыемствы, якія насілі масавы характар у горадзе і выходзілі за межы апазіцыйнага гета.
Якой актыўнасці чакаць ад апазіцыйных партыі і НДА ў гэтым годзе?
У гэтым годзе важнай падзеяй, якая актывізуе грамадска-палітычнае жыццё горада, стануць выбары ў парламент, якія адбудуцца ў верасні гэтага года. Гэтая падзея ў некаторай ступені актывізуе магілёўскіх дэмакратаў, аднак пакуль невядома форма іхнага ўдзелу ў гэтых выбарах. Некаторыя выказваюць жаданне ўдзельнічаюць – іншыя выступаюць за байкот. У апошніх скліканнях парламента не было прадстаўнікоў апазіцыі. Улада рабіла ўсё, каб іх не прапусціць. На маю думку, не прапусціць іх і ў гэтым годзе. Тыя ж, хто вырашыць удзельнічаць у чарговым выбарчым фарсе толькі легітымізуюць вынікі ўлады, а аспрэчыць іх ужо ніхто не здолее, бо моцы на гэта па-просту ў апазіцыі няма – я кажу таксама і пра магілёўскае атачэнне.
У канцы мінулага года “Белая Русь” стала партыяй. Цяпер мы ведаем, што ў краіне з’явілася праўладная партыя, кшталту “Единой Росии” у Расеі. У якасці канструктыўнай апазіцыі ў новым парламенце будуць выступаць іншыя праўладныя партыі, напрыклад камуністы, ці лібералы Гайдукевіча, калі з апошнім атрымаецца дамовіцца аб колькасці месцаў у парламенце для яго прадстаўнікоў. Дэмакратаў мы там зноўку не ўбачым.
Што далей?
Фактычна мы скатваемся да той сітуацыі, калі грамадства выдахлася. Можна канстатаваць скон мясцовых дэмакратычных палітычных філій. Ні ў якім разе нельга іх лідэраў абвінавачваць у бяздзейнасці - яны не развалі тое што было, яны папросту адтэрмінавалі на такі працяглы тэрмін скон усіх палітычных сілаў у рэгіёне. Бо ў такіх умовах працаваць немагчыма. Тым болей, што яны пагаршаюцца з кожным годам.
У нас палітычныя партыі не фінансуюцца дзяржавай. Закон гэтага не прадугледжвае. А сродкаў жа на дзейнасць і утрыманне офісаў не хапае, а за сяброўскія складкі не пражывеш.
Акрамя гэта прадстаўнікі апазіцыйных партый займаюцца палітыкай па выпадку, бо акрамя гэтага мусяць шукаць магчымасці нешта зарабляць, каб былі сродкі на ўласнае існаванне. Займацца палітыкай і быць беспрацоўным – гэта прамы шлях у маргінэс, як палітычны, так і жыццёвы. Гэта за апошнія 17 год адбіла шмат у каго ахвоту ісці ў палітыку, каб нечага там дамагацца і змагацца за свае ідэалы.
Лічу, што год-два і ў краіне застануцца хіба што толькі дысідэнты, бо арганізацыйны патэнцыял у існуючых партый і арганізацый занадта нізкі. Акрамя таго новыя дэмакратычныя арганізацыі і партыі не рэгіструюцца.
Людзі пачнуць з’язджаць за мяжу ў пошуках сродкаў для існавання. Ім ужо будзе палітыка нецікавай. Акрамя таго ў рэгіёне заўважны працэс, калі рэгіянальныя лідары перабіраюцца на працу ў Менск, альбо за мяжу, ад чаго аслабляецца альбо цалкам замірае праца ў рэгіёнах.
Ці ёсць выхад дэмакратычных сілаў на інфармацыйныя рэсурсы?
Калі прааналізаваць 21 раён Магілёўскай вобласці, то можна прыйсці да несуцяшальнай высновы. Незалежныя інфармацыйныя сайты існуюць толькі ў Магілёве, Бабруйску і Горках. Я пералічу рэсурсы, якія даюць інфармацыю аб грамадска-палітычным жыцці рэгіёнаў і стала абнаўляюцца. Гэта ў Магілёве (gazetanm.eu, 222.by, mahilyowspring.org, mahilou.org), у Бабруйску (babruisk.by, bk.of.by) і ў Горках (horki.info). Гэтыя рэсурсы працуюць на тэрыторыі, дзе пражывае болей за 1 мільён грамадзян. Здавалася б, што ў цяжкія часы ўсе дэмакратычныя сілы павінны б былі перабірацца ў віртуальную прастору і працаваць на інфармацыйным полі, аднак на Магілёўшчыне гэтага не адбываецца.
Лічу, што ў кожным рэгіёне павінен быць мінімум адзін незалежны інфармацыйны рэсурс, які бы асвятляў падзеі, што адбываюцца ў рэгіёне. І гэтыя рэсурсы мусяць праводзіць інфармацыйныя кампаніі, якія бы закрыналі інтарэсы жыхароў рэгіёна. Гэта бы ў нейкай ступені актывізавала рэгіёны і папулярызавала яшчэ жывыя дэмакратычныя сілы, павялічыла бы іх пазнаваемасць і была бы свайго кшталту для іх дэмакратычнай трыбунай.
Гутарку вёў Ягор Неўмяняемаў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме