16:45 24.07.2019 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ігар Барысаў: Паглыбленая інтэграцыя – гэта страта суверэнітэту

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаў свой погляд на тое, якім чынам далей могуць развівацца інтэграцыйныя працэсы паміж Расеяй і Беларуссю.


Чакаецца, што чарговая сустрэча расейскага і беларускага кіраўнікоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой будуць абмяркоўвацца пытанні інтэграцыі, адбудзецца 11 ліпеня на Валааме.


Ігар Барысаў:Натуральна, што афіцыйнаму Менску не хочацца ніякай паглыбленай інтэграцыі. Затое ў беларускай улады ёсць жаданне атрымліваць танныя расейскія энергарэсурсы, мець рынкі збыту сваёй прадукцыі і крэдыты ад усходняга суседа.


У Масквы свае інтарэсы. Яна хоча больш прывязаць да сябе Беларусь у свеце той паразы, якую церпіць “рускі свет” ва Украіне, і выкарыстоўваць нашу краіну як фарпост для заходніх рубяжоў: паставіць ваенныя базы, перайсці на адзіную валюту, зрабіць адзінай знешнюю палітыку, пралабіраваць, каб былі агульныя візы Саюзнай дзяржавы. Для Расеі гэта актуальна, а для Беларусі “паглыбленая інтэграцыя” будзе азначаць адназначную страту суверэнітэту.


РР: Многія эксперты мяркуюць, што беларускі бок будзе ўсяляк зацягваць перамоўны працэс. Ці атрымаецца?


Ігар Барысаў: Саюзную дзяржаву будуюць каля 20 год, і, як бачым, працэс зацягнуўся на дзесяцігоддзі. І зараз Крэмль патрабуе не нешта новае, а выкананне таго, пра што ўжо былі падпісаны дамовы. Таму зараз Масква бярэ беларускае кіраўніцтва за горла і кажа: выконвайце тое, што абяцалі і што замацавана дакументальна.


Але ці зможа беларуская ўлада і надалей зацягваць працэсы інтэграцыі, залежыць ад таго, якім чынам будзе складвацца эканамічная сітуацыя ў краіне. Мы ўжо бачым запавольванне росту ўнутранага валавага прадукта, бачым, што Расея не дае крэдыты, ставіць бар’еры на шляху беларускай прадукцыі, далей будзе падаткавы манеўр. Адным словам, робіць усё, каб эканоміка Беларусі знаходзілася ў складаным стане. Так, відаць, прасцей весці перамовы па інтэграцыі. Таму, калі беларускія ўлады не адважацца на эканамічныя рэформы, то прыйдзецца пагаджацца на ўмовы, якія дыктуе Крэмль. Зараз для афіцыйнага Менску пытанне выбару.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме