14:45 31.08.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ігар Барысаў. Кампанія-2016 — дно выбарчай сістэмы

Парламенцкія выбары 2016 года паказалі, што падаць ужо няма куды — дно дасягнута. Гэта адчуў і рэжым, зразумеўшы, што далейшы ціск на апазіцыю можа прывесці да яе фактычнага знішчэння. А яна зараз, як ніколі, патрэбна рэжыму, хай сабе і для дэкарацыі.

Традыцыйнае выкрыццё «шпіёнаў»

Любую арганізацыю можна разбурыць, калі нанесці ўдар па яе структурах і цэнтру. Так дзейнічае італьянская паліцыя, калі змагаецца з мафіяй — накрывае структуру ў некалькі соцень, а часам і тысяч чалавек у адзін дзень, бо калі затрымаеш некалькі — на іх месцы заўтра з'явяцца новыя і нічога не зменіцца.

У гэтым сезоне нішу маланкаадвода выканала НІСЭПД, арганізацыя, якая займалася правядзеннем незалежных сацыялагічных даследванняў у Беларусі. Цяпер у беларусаў не засталося нават прыблізнай магчымасці ведаць пра настроі грамадзян. Засталося толькі здагадвацца.

Шоў з НІСЭПД у выглядзе выкрыцця чарговай «шпіёнскай сеткі» паказала, што ўлада можа хоць заўтра накрыць такія арганізацыі як БСДП, АГП, БНФ, ці кампанію назірання «Права выбару-2016» — быў бы заказ і палітычная воля. Пра тое, чым жывуць гэтыя арганізацыі, мяркую, ведаюць не горш, чым пра НІСЭПД.

Заўтра можна паказаць, як разносяць у пух і прах па тэлебачанні Вештард, Лябедзьку і Янукевіча, затрымліваюць нацыянальных каарыданатараў кампаніі назірання Сілкова і Садоўскага, як нехта з сябраў арганізацый ці назіральнікаў дае прызнацельныя паказанні за што атрымаў піражок і каву, і хто яму іх выдаў. Што ўсе яны шпіёны, пятая калона, агенты Захада і калабаранты. Спіс традыцыйных абразаў дэмакратычнай апазіцыі можна працягваць.

Навошта біць, калі ўжо няма патрэбы баяцца?

Парламенцкія выбары 2016 года яскрава паказалі, што выбарчая сістэма разбураная і дэградаваная, што цікавасць да выбараў у грамадзян на самым ніжэйшым узроўні і што ў бедных кандыдатаў — бедныя і незаўважныя кампаніі.

У гэтым на парламенцкіх выбарах роўныя ўсе кандыдаты — і дэмакратычная апазіцыя, і казакі Улаховіча, і папулісты Гайдукевіча, і русафілы Задняпранага, і самі праўладныя кандыдаты.

Можна запярэчыць, што апошнія ў больш выгадным стане, бо маюць адміністрацыйны рэсурс, аднак гэта далёка не паказчык таго, што яны маюць грошы на вядзе кампаніі і могуць іх выкарыстоўваць.

Дэмакратычныя кандыдаты ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі мелі больш істотную фінансавую падтрымку. Гэта было адной з прычын наяўнасці адзінага спісу дэмакратычных кандыдатаў, якія вылучаліся ў парламент. Фінансавая падтрымка апазіцыі паказвала, што былі сілы, зацікаўленыя ў змене рэжыма. У гэтай кампаніі такіх сілаў няма — адсюль і вялікая колькасць кандытаў, як паказчык адсутнасці інтарэсу да беларускай апазіцыі.

На фоне гэтага кожны кандыдат альбо структура ў гэтай кампаніі пераследуюць свае асабістыя мэты. Няма цяпер і магчымасці друкаваць улёткі і плакаты за кошт дзяржаўнага бюджэту.

Менавіта пытанне адсутнасці фінансавай падтрымкі дэмакратычных кандыдатаў зраўняла іх з казакамі Улаховіча, папулістамі Гайдукевіча і русафіламі Задняпранага. Менавіта гэта стварыла ілюзію намінальнай канкурэнцыі з гэтымі сіламі.

Чаго баіцца ўлада ў 2016 годзе?

За 20 год перманентных фальсьфікацый вынікаў выбараў, зменаў у выбарчае заканадаўства і пераследу дэмакратычнай апазіцыі ўлада перастала баяцца, што нешта можа пайсці не па яе сцэнару. Кажу гэта ўцэлым, бо час ад часу здараюцца дробныя збоі сістэмы, але на агульную карціну яны вялікага ўплыву не маюць.

Амаль стотысячны штат безпрынцыповых фальсіфікатараў у выглядзе членаў выбарчых камісій і іх памагатых з ліку праўладных назіральнікаў выглядаюць пераканаўчай сілай. На гэтых выбарах ім будуць супрацьстаяць толькі 1,5 тысячы незалежных назіральнікаў “Права выбару-2016”. Пагадзіцеся, што прыведзеныя лічбы рознага парадку.

У Беларусі партыі не фінансуюцца дзяржавай, пераводы ў выбарчыя фонды грамадзянам і юрыдычным асобам істотна абмежаванныя, а тыя грамадзяне, хто пералічыў кандыдатам сродкі, адразу трапляюць пад увагу падаткавікоў і некаторым з іх пагражаюць рознымі наступставамі за падобныя пераводы.

Гэтым і тлумачыцца высокі ўзрост кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі, бо дазволіць сабе «раскошу» балатавацца могуць толькі пенсіянеры, беспрацоўныя, фрылансеры, тыя, хто працуе за мяжой, альбо індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

І нарэшце я дайшоў да галоўнага: у 2016 годзе ўлада не баіцца сумленнага падліку галасоў. Улада баіцца таго, што не будзе яўкі ў 50% і выбары не адбудуцца. А вось гэтага нельга дапусціць, бо сарваныя выбары — гэта горш за выяўленыя фальсіфікацыі. Адпаведна сцэнар на выбарах застаецца стары — не дапускаць апазіцыю да падліку галасоў.

Чаму я так думаю? Ды ўсё проста: калі няма ў кандыдатаў грошаў на кампаніі — праца іх каманд незаўважная, адпаведна яны не цікавыя грамадзянам. А навошта ісці на выбары, калі ты не ведаеш сваіх кандыдатаў?

Выйсце ў гэтай сітуацыі толькі адно — увядзенне мажарытарна-прапарцыйнай выбарчай сістэмы, дзяржаўнай падтрымкі палітычных партый, прадастаўленне законатворчай ініцыятывы палітычным партыям, адкрыты і сумленны падлік галасоў, спыненне ціску і пераследу дэмакратычных актывістаў і кандыдатаў, а таксама адстаўка кіраўнічкі Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, якая стала сімвалам закрытых і несумленных выбараў.

Толькі так можна дасягнуць яўкі большай за 50%. Інакш каму цікавы такія выбары? Асабіста я на іх не пайду.

Ігар БАРЫСАЎ

Ігар БАРЫСАЎ
1982 года нараджэння, намеснік старшыні БСДП. Магістр палітычных навук. Галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання .

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме