19:45 26.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

de facto: Ці будзе адзіны кандыдат?

Падчас восеньскай выбарчай кампаніі ў парламент многія дэмакратычныя палітыкі неаднаразова выказвалі думку, што на прэзідэнцкіх выбарах 2011-га ад апазіцыі мусіць быць адзіны кандыдат. Тым не менш, ужо цяпер мы маем некалькі прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч раней неаднаразова казаў, што пойдзе на гэтыя выбары як кандыдат у прэзідэнты, а галоўнай навіной нядаўняга сойму Партыі БНФ стала тое, што яе старшыня Лявон Баршчэўскі намераны пакінуць пасаду ў сувязі з жаданнем удзельнічаць у працэдуры «прасоўвання партыйнага кандыдата ў прэзідэнты на роўных умовах з іншымі прэтэндэнтамі».

Былы намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч гаворыць, што калі сойм адменіць сваё рашэнне аб яго выключэнні з партыі, то ён пойдзе на выбары кандыдатам ад БНФ, а сябры Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя называюць сустаршыню Віталя Рымашэўскага ў якасці аднаго з прэтэндэнтаў ад БХД.

Няма згоды ў апазіцыйных лідэраў і ў пытаннях пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Аляксандр Мілінкевіч кажа, што часу мала і трэба пачынаць гэтым займацца. Разам з тым палітык адзначае неабходнасць выбару адзінага кандыдата ад апазіцыі і негатоўнасць да гэтага саміх дэмакратаў.

Мілінкевіч:
- Хутчэй за ўсё да прэзідэнцкіх выбараў засталося менш, чым два гады. Не выключана, што яны будуць раней тэрміну, можа нават і значна раней, таму думаць пра гэта трэба і працаваць на гэта трэба.

Я быў і ёсць прыхільнікам адзінага кандыдата. Сёння, на жаль, вельмі няпроста гэта зрабіць. Такая, на жаль, сітуацыя ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах. Яшчэ на кангрэсе 2007-га года ў траўні я казаў, што сапраўднае аб’яднанне дэмакратычных сілаў магчыма толькі не на супрацьстаянні ўладзе, а на маральных каштоўнасцях. Калі каштоўнасці агульныя – тады і аб’яднанне шчырае і глыбокае.

Думаю, што ў дэмакратычных сілах не будзе, напрыклад, цвёрдага кансэнсуса, а ён сёння вельмі важны, па пытанні незалежнасці краіны. Напэўна, будзе частка людзей, якія скажуць, што ўсё ж трэба будаваць саюзную дзяржаву, але лепш, чым гэта рабілася да гэтага.

Таму я лічу вельмі важным, каб сілы прабеларускія, праеўрапейскія, пранезалежніцкія аб’ядналіся. Гэтыя сілы мусяць зразумець сваю вялікую адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне. Сам я збіраюся ісці на выбары, я пра гэта ўжо неаднаразова казаў. Але шчыра кажу яшчэ раз, калі ўбачу, што ёсць лепшы чалавек, чалавек, які мае больш шанцаў, якога падтрымлівае большае кола людзей, стану побач і буду працаваць на яго.

Я думаю, што сённяшняя ўлада вычарпала свой рэсурс і тады, яшчэ ў 2006 годзе, таму, што тая мадэль, па якой мы жывем,  не мае перспектыў. Думаю, што большасць адукаваных людзей у Беларусі гэта выдатна разумеюць. Мы ведаем, што пратэстныя настроі ў беларускім грамадстве растуць. Іншая справа, ці гэтыя пратэстныя настроі  вырастуць у шырокае аб’яднанне пранезалежніцкіх, прадэмакратычных сілаў.

Таму, думаю, наша галоўная задача зараз – гэта як раз ісці ў людзі. Можа “ісці ў людзі” гэта такая затасканая фраза, але мы мусім казаць грамадству пра адказнасць кожнага. І за сябе, і за сям’ю, і за сваю краіну.

У той жа час лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наадварот не лічыць патрэбным пачынаць кампанію, пакуль не адбудуцца змены ў выбарчым заканадаўстве:

Лябедзька:
- Аб’яднаная грамадзянская партыя заяўляе, што мы выступаем катэгарычна супраць таго, каб зараз рабіць акцэнт на заяўках аб выбарчай кампаніі. Прынамсі, мы будзем устрымлівацца ад сваіх заяваў да красавіка месяца. Менавіта ў красавіку скончыцца так званы тэставы маніторынгавы перыяд, і стане зразумелым, наколькі ёсць верагодным змена выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.

Я лічу абсалютна незразумелымі сённяшнія заяўкі аб гатоўнасці удзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Гэта не палітыка. Калі вы хочаце гуляць у футбол, то трэба гуляць у футбол, а не вызначаць сабе ролю падносчыка мячыкаў. Калі мы заяўляем, што сёння ўжо гатовыя ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, то гэта значыць, што мы стымулюем уладу не мяняць правіл гульні – пакідаць усё так, як яно ёсць. Навошта мне мяняць нешта, калі ў гэтай кампаніі ўжо ёсць заяўкі на ўдзел – няма матывацыі нешта мяняць.

Мы дамаўляліся, што мы канцэнтруемся на змене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, і толькі пасля гэтага вырашаем пытанне працэдуры выхаду на адзінага кандыдата. Таму Аб’яднаная грамадзянская партыя лічыць гэты падыход неканструктыўным і да красавіка будзе ўстрымлівацца, як і дамовіліся у фармаце кааліцыі, ад нейкіх заявак наконт прэзідэнцкай кампаніі і будзем канцэнтраваць свае высілкі, каб змяніць заканадаўства і правапрымяняльную практыку.

Якавенка:
- З тым, каб даведацца, якая ж глеба існуе цяпер для разгортвання кампанііі па выбарах прэзідэнта і ці можна чакаць з'яўлення адзінага кандыдата ад апазіцыі -- сур'ёзнага канкурэнта Аляксандру Лукашэнку, мы запрасілі эксперта – вядомага палітычнага аналітыка Валера Карбалевіча.

Гарэцкі: - Шэраг аналітыкаў, каментуючы вынікі палітычнай дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі за апошнія некалькі год, адзначаюць у іх няўпэўненасць, асабліва ў справе беларуска-расейскіх дачыненняў. Між тым, вынікі чарговага нацыянальнага апытання, якое ў снежні было праведзена НІСЭПІ, усё адно паказваюць, што рэйтынг беларускага прэзідэнта па-ранейшаму застаецца высокім. Як мяркуеце, у чым жа гэтаму прычына?

Карбалевіч:
- У снежні яшчэ не паўплываў на сітуацыю ў поўнай меры эканамічны крызіс, які на дадзены момант з’яўляецца бадай самым галоўным чыннікам сацыяльнага і палітычнага жыцця краіны. Калі раней мяне пыталі пра магчымыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2011-га ці канца 2010-га года, то я казаў, што ні ў каго няма аніякіх шанцаў,  апроч Аляксандра Лукашэнкі. Таму што кошты на нафту раслі. Асноўны экспартны тавар Беларусі – нафтапрадукты. Бюджэт атрымліваў грошы, раслі даходы насельніцтва, асабліва бюджэтнікаў, развіваўся спажывецкі бум, людзі атрымоўвалі крэдыты.

Ва ўмовах росту ўзроўню жыцця перамагчы Лукашэнку было проста немагчыма. Але за гэты час сітуацыя рэзка памянялася, сусветны эканамічны крызіс, цэны на нафту і нафтапрадукты ўпалі, адбылася дэвальвацыя, магчыма, і не апошняя – то бок краіна ўступае ў перыяд цяжкіх сацыяльна-эканамічных працэсаў. І, зразумела, гэтыя працэсы будуць мець і сацыяльныя, і палітычныя наступствы.

Што датычыць рэйтынгу, то ён адразу ж будзе падаць, калі з’явіцца сур’ёзны канкурэнт Лукашэнку, які будзе выступаць з ідэяй рэформаў, з ідэяй пераменаў, таму што сёння нават самы просты абывацель можа зразумець, што мадэль, на якой трымалася ўся ідэя стабільнасці, знаходзіцца ў стане крызісу, патрэбны перамены, пра якія нават улада ўжо паціху пачынае задумвацца. Але праблема ў тым, што Лукашэнка, які ўвесь час атаясамліваўся ў грамадскай свядомасці з ідэяй стабільнасці, гэта шматгадова ўбіваў у галаву людзям, і таму ўзяць на сябе імідж рэфарматара, думаю, у Лукашэнкі атрымаецца не вельмі.

І калі з’явіцца кандыдат, які будзе выступаць пад  лозунгам пераменаў, як, дарэчы, рабіў і Барак Абама, то рэйтынг яго стане адразу даволі высокім і будуць шанцы на перамогу. Галоўная ўмова тут – існаванне адзінага. Ніякіх некалькіх кандыдатаў, ніякіх двух кандыдатаў – гэта ідэя арыентаваная не на перамогу.

Якавенка:
- Але сёння мы ўжо маем некалькіх кандыдатаў – Мілінкевіч заяўляе, што ён будзе балатавацца, Лявон Баршчэўскі таксама збіраецца, свайго кандыдата хочуць высунуць хрысціянскія дэмакраты, ну, і не вядома, ці будзе нейкі адзіны кандыдат ад АДС. Як Вы мяркуеце, будзе ён ці не?

Карбалевіч:
- Тое, што адбываецца сёння ў апазіцыйных колах, выклікае вялікае засмучэнне. У момант, калі краіна ўступае ў перыяд крызісу, апазіцыя яшчэ больш павінна была б заяўляць пра сябе. Але атрымліваецца зусім наадварот – яна проста знаходзіцца ў нейкім літаргічным сне. Людзі займаюцца чым заўгодна, толькі не сур’ёзным змаганнем за ўладу.

Адны нейкім дзіўным чынам пачынаюць змагацца з камуністамі, другія менавіта ў гэты момант у сваіх партыйных пясочніцах пачынаюць нейкую дзіўную гульню ў вылучэнне свайго партыйнага кандыдата, трэція ў гэты адказны момант займаюць свой час збіраннем подпісаў пад прапановай аб змене выбарчага заканадаўства, але гэта усё абсалютна не тое, чаго ад іх сёння чакае беларускае грамадства.

Сёння як раз тая сітуацыя, калі грамадства гатова чуць, гатова ўспрымаць нейкія апазіцыйныя меркаванні, бо да гэтага часу яно проста адмахвалася – чаго вы тут нешта кажаце, чаго вы тут крытыкуеце, калі вакол усё так добра. А калі сітуацыя стала зразумелая для простага абывацеля, то ён ужо гатовы успрымаць нейкія іншыя думкі, але што робіць у гэты час апазіцыя – апазіцыя проста маўчыць – не абмяркоўваецца ні стратэгія на прэзідэнцкія выбары, ні стратэгія ўвогуле – што рабіць у гэтай сітуацыі краіне. Былі нейкія нязначныя прапановы, але яны, па вялікім рахунку, не адпавядаюць сённяшнім выклікам.

Якавенка:
- Напярэдадні Новага года Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю выказала такую думку, што ў сённяшняй гістарычнай сітуацыі ніводзін з тых, хто высунецца на выбарах супраць Лукашэнкі, перамагчы не зможа – маўляў, “гістарычная сітуацыя не тая”. Як жа на вашу думку выглядае гістарычная сітуацыя, і ці бачыце вы зараз нейкую перспектыўную кандыдатуру?

Карбалевіч:
- Разумееце, у Беларусі зараз такая сітуацыя, што існуе жорсткі аўтарытарны рэжым, і ва ўмовах татальнай манаполіі дзяржавы на інфармацыйную прастору, з’явіцца такому кандыдату практычна немагчыма да часу, калі пачнецца прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Але як толькі выбарчая кампанія распачынаецца, рэйтынг чалавека, які абраны адзіным кандыдатам, адразу пачынае расці – гэта мы бачылі і ў 2001-м, і ў 2006-м гадах, то бок, можна сказаць, што 15-20% гэты кандыдат будзе мець ужо ў самым пачатку. Ну, а ўсё астатняе будзе залежыць ужо ад самога кандыдата, ад ягонай каманды, наколькі яны змогуць вырвацца за межы гэтага палітычнага гета – за межы так званага дэмакратычнага электарату.

Можна канстатаваць, што пакуль гэтага сапраўды не зрабіў ніхто. Але надзеі і, самае галоўнае, перадпасылкі гэтаму  ёсць.

   Такім чынам, нам пакуль застаецца толькі чакаць абуджэння апазіцыі ад літаргічнага сну, пра які казаў наш эксперт палітолаг Валер Карбалевіч, і чакаць, што яна здолее прыйсці да ўнутранай згоды і сярод мноства прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду вылучыць таго самага моцнага адзінага  кандыдата. Зразумела, што з цягам часу мы вернемся да тэмы прэзідэнцкіх выбараў і разгледзім de facto гэтай гістарычнай і лёсавызначальнай для беларусаў падзеі.

 Наталля Якавенка, Барыс Гарэцкі, Радыё Рацыя, Менск.  
26-01, 14:54

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме