23:15 10.03.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
блогер mikalaj-achyzha: А ВЫ Ў "ЧОРНЫМ СПІСЕ"?
Да гэтай пары не сціхаюць згадкі пра "чорны спіс". Існуе ён на самой справе альбо яго выдумалі, паздзеквацца з апазіцыі? Халезін крыўдзіцца: нехта прыпісвае яму аўтарства гэтай правакацыі.
Усё вельмі лёгка праверыць. Любы фігурант таго самага спісу заходзіць у любую рэдакцыю і прапануе самы бяскрыўдны допіс, скажам, нешта феналагічнае. Але не пад псеўданімам, а пад сапраўдным прозвішчам, з указаннем роду заняткаў.
І вы ўбачыце, што гэты "чорны-чорны спіс" выдрукаваны ў мазгавешцы любога рэдактара настолькі вялікім шрыфтам, каб ён ні ў якім разе не памыліўся.
* * *
Брытанская фірма пачынае юрыдычны пераслед вядомай асобы (ці як там дакладна падобнае дзейства называецца). Каментатары загаварылі пра магчымасць арышту гэтая самай асобы.
Прэсавая служба адміністрацыі не без сарказму зазначыла, што брытанскія кручкатворы захацелі прыдбаць славы сабе за кошт славы вядомай асобы.
Па-першае, слава тая трошкі смярдзіць, ці не так...
Па-другое, вестка кранула, калі яе так аператыўна каментуюць...
Па-трэцяе, дасведчаныя людзі пачнуць сістэматызаваць тое, што ў нас валяецца на задворках памяці, у шуфлядах, у закінутых флэшках...
Па-чацвёртае, яны ж не будуць хаваць аформленыя імі здабыткі...
Па-пятае, гаварыць пра арышт смешна, але чым чорт не жартуе...
***
Уладу, як ні дзіўна і як ні пагана, ёсць за што хваліць. Яна не толькі не хавае сваёй сутнасці перад намі, але і дапамагае (апошнім часам, звышактыўна) угледзецца ў фізіяноміі (адсутнасць ветэрынарнай адукацыі не дазваляе напісаць больш дакладнае слова “морды”) тых, хто пнецца ўзняцца пад неба, каб заняць самае высокае крэсла. Ёсць яшчэ даволі хлебны варыянт для іх і горшы для нас: імітаванне гэтага працэсу.
Карацей, тузаніна пасля выбараў пачалася несусветная. І гэтаму трэба радавацца, бо куды горш было б захліпнуцца ад цішыні, маўчання. Жыццё 19-м снежня не скончылася, самае простае агораць сябе смуткам, скрухай і тугой. Не перамаглі, нас дратуюць па ўсіх кірунках, не даюць уздыхнуць, б’юць, кідаюць на нары, штрафуюць, звальняюць, зневажаюць…
А лідэры апазіцыі тым часам, як павукі ў слоіку тузаюцца паміж сабою, абліваюць адзін аднаго брудам, ідуць у ход плёткі, мацюгальшчына… І гэта таксама патрэбна.
Вы ўявіце сабе развіццё падзей па іншаму сцэнару: народ стаіць на Плошчы суткі, другія, трэція, колькасць яго расце і расце, людзі ў чорным пачынаюць пераапранацца ў бел-чырвона-белае, са сталовак Дома ўраду выносяць тэрмасы з грэчневай кашай, вялізны самалёт рыхтуецца вылецець у Каракас…
І што вы думаеце, новы ўрад сфармаваўся б пры поўнай згодзе? Пачалася б такая згрызота, што было б сорамна перад усім светам.
У нас няма відавочных лідэраў і няма відавочна аўтарытэтных палітычных сіл.
Мы павінны ўсведамляць, што далёка не кожны з тых, хто называў і называе сябе лідэрам, такім з’яўляецца. І цяпер самы час разабрацца, хто, куды, з кім, навошта і гэтак далей… Нам варта угледзецца і ўдумацца, а хто ж і што ж вытвараў? Хто шчыраваў, а хто хаваў свае намеры трутня, ці яшчэ горш, выконваў роль агента-крата? Калі не зрабіць перагляду і ачышчэння, то мы яшчэ доўга-доўга будзем целяпацца ў пельцы, як вядомае рэчыва. І не будзе ніякіх спадзеваў ні на плошчу, ні на перавулкі.
Шчырасці намераў не прыдумаеш, калі яе няма, то ў яе не згуляеш.
Гляджу апошні нумар “НН”. Міхалевіч прадстаўлены як касманаўт № 1.
Колькі сказаў намалочана на клавіятурах, колькі словаў хвалы, хулы і ганьбы выплюхнута ў эфір і на паперу, каб уславіць альбо зняславіць гэтага чалавека. А ці варты ён такой увагі? Думаю, што не. Згодны з тым, што мужным учынкам стала заява аб катаваннях, на гэта пры любых абставінах трэба было адважыцца. Але гэта гераізм на адну хвіліну. Міхалевіч пасля вызвалення доўга маўчаў, адмаўляючыся адказваць нават на самыя простыя пытанні. Збіраўся з сіламі, чакаў больш зручнага моманту?
Але ж заява аб катаваннях з боку Міхалевіча -- не адкрыццё новага кантыненту. Тое, што дэмакратыі супрацьстаяць каты, карнікі, вядома кожнаму, каго білі на Плошчы, каго запіхвалі ў аўтазакі, трымалі ў металічных скрынях, не давалі магчымасці наведаць прыбіральню, білі ботамі і тых, хто не не супрацівіўся…
Вельмі падрабязна, з дасканалым веданнем рэчаіснасці, бо сам яе неаднаразова зведваў, пра норавы і метады здзекаў над людзьмі, якія патрапілі на “перавыхаванне” да “праваахоўнікаў”, апавядаў у прэсе раней Валерый Шчукін. І многія другія.
Нам бы навучыцца не губляць ранейшых сведчанняў ў пагоні за свежымі сенсацыямі, сістэматызаваць іх і трымаць напагатове для доказаў. А то мы ўжо гатовы былі насіць Міхалевіча на руках і гушкаць бы героя.
У такіх выпадках апаненты гнеўна пытаюць, а каб цябе самога ў камеру, ды на расцяжку?! Цяжкае выпрабаванне, не буду спрачацца, для любога чалавека. Але ж будучага прэзідэнта чакае процьма яшчэ больш цяжкіх выпрабаванняў! І кожны дзень! Кожную хвіліну! Той , хто пнецца ў прэзідэнты павінен хоць крышачку быць гатовым да пакутаў…
Рэжым прасеяў праз сіта ўсіх, хто выйшаў у першыя шэрагі. І для сябе карысць, і для нас.
Павел Шарамет напісаў, што такім суб’ектам, як Міхалевіч, патрэбна пакаяцца, перад людзьмі за тое, што сур’ёзную справу – выбарчую кампанію - ператварылі ў цацкі, бо не мелі ні здольнасцей для жорсткай барацьбы, ні намераў, што не зрабілі нават выгляду кансалідацыі для адзінага фронту з астатнімі кандыдатамі.
Зараз відавочна, што ніякіх пакаянняў мы не дачакаемся. І таму ў грамады ёсць права сказаць сваё слова пра тых, хто лез наперад, зважаючы толькі на ўласныя амбіцыі.
Можна было і не называць першым у пераліку Міхалевіча, бо цяжка знайсці роўнага ў экзатычнасці выказванняў і паводзін пану Костусеву. Ім бы, у дадатак Раманчуку, гэтым лялечным персанажам, спыніцца б і не стракатаць з нагоды і без нагоды, не лезці са сваімі меркаваннямі, ацэнкамі, бо вельмі цяжка чытаць гэта ўсё і слухаць. Яны перапаўняюць сваімі опусамі сайты.
Найперш трэба разабрацца: хлопцы, хто з вас сабраў подпісы, а хто змухляваў?!
Гэта надзвычай важная акалічнасць, яна высвечвае нутро і сутнасць з’явы.
У кулуарах нямала згадак на гэтую тэму, але згадкі не доказ.
Узяўшыся за складанейшую тэму маны і фальсіфікацый, нелішне ўзгадаць і той даўні Кангрэс, на якім Мілінкевіч нібыта перамог Лябедзьку. І стаў легітымным лідэрам. Няўжо забыліся, што мандатная камісія Кангрэса не прызнала паўнамоцтвы многіх дэлегатаў, якіх прывёў на дапамогу Мілінкевіч. Тая тэхналогія простая і яна мае падабенства з ярмошынскімі маніпуляцыямі.
Мілінкевіч зараз гойсае па Эўропе, а Лябедзька сядзіць у цямніцы. Мілінкевіч зараз змагаецца за лідэрства з Казуліным. Фантасмагорыя!
Адзін выбраў ролю пракладкі, памперса, другі адпакутаваў сваё ў турме…
Зараз увогуле непрыстойна наладжваць тузаніну за асабістае першынство. Самы час разабрацца з наяўнымі сіламі ў парламенцкім стылі, пастарацца пазбавіцца ад каросты, каб палітычныя здані не блыталіся пад нагамі. Хапае ж і здаровых сіл, трэба толькі добра прыгледзецца, а не стагнаць і не войкаць…
10 сакавiка 2011
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
24 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |