20:15 15.05.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Зьніжэньне плянкі
Беларусь прынялі ў Балёнскі працэс. У 2012 годзе беларускую заяўку адхілілі. Бо палічылі, што сыстэма адукацыі Беларусі не адпавядае эўрапейскім стандартам — найперш, тут няма акадэмічных свабодаў.
Мінулі тры гады. Што зьмянілася? Дырэктар дэпартамэнту па адукацыі Рады Эўропы Шур Берган падчас візыту ў Мінск сёлета ў красавіку адзначыў, што «палітычная сытуацыя ў краіне больш спрыяльная, чым у 2012 годзе, калі Беларусі адмовілі ва ўступленьні ў Балёнскі працэс».
Ня буду ацэньваць палітычную сытуацыю ў краіне ўвогуле, а нагадаю толькі, што за гэты час адбылася палітычная зачыстка ў Гарадзенскім унівэрсытэце.
Беларускім уладам нічога не каштавала ўнесьці зьмены ў закон аб адукацыі, зафіксаваць там палажэньні аб акадэмічных свабодах, не мяняючы функцыянаваньня адукацыйнай сыстэмы па сутнасьці. Імітаваць дэмакратычны працэс тут навучыліся. Паміж дэклярацыямі і рэальнасьцю стварылася цэлая прорва. Фармальна ж у Беларусі ёсьць і свабодныя выбары, і парлямэнт, і мясцовае самакіраваньне, і незалежны суд, і шмат чаго іншага. Можна было і тут згуляць на веры эўрапейскіх чыноўнікаў у сілу права, у тое, што калі нейкая працэдура зафіксаваная юрыдычна, то яна існуе ў рэальнасьці.
Вось, напрыклад, існуе палажэньне Міністэрства адукацыі, якое прадпісвае, што ў радах унівэрсытэтаў 25% месцаў павінны займаць студэнты. Аднак у альтэрнатыўным дакладзе, які прэзэнтаваў 16 студзеня 2015 году Грамадзкі Балёнскі камітэт, адзначалася, што, паводле іхняга маніторынгу, гэтае правіла не выконваецца.
Што б зьмянілася, калі б чвэрць месцаў ва ўнівэрсытэцкіх радах займалі студэнты? Ці нават калі б рэктараў абіралі? Ды нічога. Як у Беларусі ўмеюць праводзіць выбары, мы ўсе добра ведаем.
Але беларускія ўлады не захацелі нават імітаваць працэс прыстасаваньня да эўрапейскіх адукацыйных стандартаў. А навошта? Яны даўно зразумелі, што эўрапейцаў можна ўзяць зморам. Маўляў, куды яны дзенуцца, прымуць і так. Дык жа і не памыліліся.
Зьмянілася не сытуацыя ў сыстэме адукацыі Беларусі, а геапалітычны ляндшафт. Геапалітыка дыктуе свае правілы. Таму і зьніжаецца плянка патрабаваньняў да Беларусі па ўсіх кірунках. Можна сказаць, што далучэньне краіны да Балёнскага працэсу — гэта першы рэальны бонус, які атрымаў афіцыйны Менск ад размарожваньня беларуска-эўрапейскіх адносін, зьмяненьня стаўленьня ЭЗ да існага рэжыму. Бо ўсё астатняе пакуль — гэта кантакты дзеля кантактаў.
І сярод заходніх палітыкаў, і ў асяродзьдзі беларускай дэмакратычнай супольнасьці ёсьць шмат людзей, якія прытрымліваюцца канцэпту, што трэба ўсяляк садзейнічаць разьвіцьцю адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ, усяляк уцягваць краіну ў эўрапейскія працэсы, і гэта праз пэўны час прывядзе да яе эўрапеізацыі з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць. З такога гледзішча далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу варта вітаць.
Асабіста я не чакаю нейкіх значных наступстваў для Беларусі ад гэтага рашэньня. Ня думаю, што пад яго ўплывам пачнецца рэформа беларускай сыстэмы адукацыі. Бо яна — частка сацыяльнай мадэлі, за якую рэжым будзе трымацца да апошняга.
Інтэнсыфікуецца акадэмічны абмен? Ня думаю, што эўрапейскія прафэсары масава прыедуць працаваць у беларускія ўнівэрсытэты. Бо існаваньне па-за Балёнскім працэсам ніяк не перашкаджала запрашаць іх і дасюль. Але ж не запрашалі. Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, рэктараты баяцца заходняга ўплыву на сыстэму адукацыі. Бо галоўная функцыя адукацыйнай сыстэмы ў Беларусі — забясьпечваць ня ўзровень ведаў, ня якасьць падрыхтаваных спэцыялістаў, а палітычную ляяльнасьць моладзі існаму рэжыму. Да таго ж які больш-менш аўтарытэтны эўрапейскі прафэсар прыедзе сюды працаваць за той заробак, які маюць беларускія выкладчыкі? Таксама незразумела, чаго сюды могуць прыехаць студэнты з краін ЭЗ?
Адзіным вынікам можа стаць пашырэньне праграмаў, паводле якіх беларускія студэнты змогуць навучацца ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Але я ня ўпэўнены, што гэта будуць актыўна падтрымліваць Міністэрства адукацыі і рэктараты. Бо дасюль яны гэтаму ўсяляк перашкаджалі. І цяпер выезд студэнтаў за мяжу строга кантралюецца. Да таго ж беларускія маладзёны, якія скончаць унівэрсытэт у якой-небудзь эўрапейскай краіне, хутчэй за ўсё, у Беларусь ужо ня вернуцца.
Таму адзіны вынік далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу — гэта палітычны піяр для ўладаў. Маўляў, хто там кажа пра міжнародную ізаляцыю краіны?
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме