12:30 22.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Змрочныя наступствы для Беларусі
Па-першае, новае стаўленьне Расеі да сувэрэнітэту суседніх краін, спробы перайграць вынікі распаду СССР ствараюць новыя пагрозы для ўсіх постсавецкіх дзяржаваў. Гэтыя пагрозы асабліва вялікія для тых краін, якія моцна залежаць ад Масквы. Прастора сувэрэнітэту моцна звужаецца.
Дасюль беларускі рэжым дазваляў сабе даволі значную ступень самастойнасьці. Лукашэнку ўдалося пабудаваць у Беларусі эканамічны лад, моцна адрозны ад таго, які існуе ў РФ. Ён у вельмі абмежаваных маштабах пускаў сюды расейскі капітал. Менск не дапускаў умяшаньня Масквы ва ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі. Дый замежная палітыка беларускіх уладаў не ўва ўсім супадала з жаданьнямі Расеі. Узгадаем непрызнаньне Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, уступленьне Беларусі ў Рух недалучэньня, шчыльнае сяброўства з Кітаем, якое не даспадобы Маскве, ды інш. Кіраўнік Беларусі дазваляў сабе інфармацыйныя, нафтавыя, малочныя ды калійныя войны з Расеяй.
Мяркуючы па ўсім, для Беларусі гульня ў сувэрэнітэт заканчваецца. Пра гэта сьведчыць тое, як хутка ўламала Масква Лукашэнку на разьмяшчэньне тут дадатковых расейскіх самалётаў. Па ўсім было бачна, што яму гэта вельмі не падабалася, ён два дні апраўдваўся, але мусіў пагадзіцца.
Цяпер Расея, якая «паднялася з кален», на хвалі эўфарыі ад лёгкага далучэньня Крыму будзе жорстка душыць любыя спробы супраціву. Паказальна, што ўжо на другі дзень пасьля крымскага «рэфэрэндуму» камандуючы ваенна-паветранымі сіламі РФ Юры Бондараў заявіў, што да канца году на аэрадроме ў Баранавічах будзе разьмешчаны расейскі авіяцыйны полк, які будзе налічваць 24 самалёты. Меркаваньне самой Беларусі, відаць, Маскву ўжо не цікавіць. Гэта статус сатэліта. Лукашэнка стане значна больш кіраваны, чым раней.
Па-другое, крымскі крызіс паказаў, што беларускае грамадзтва ў сваёй большасьці аказалася замбаваным расійскімі тэлеканаламі і інтэрпрэтуе падзеі вакол Украіны ў духу маскоўскага погляду на праблему. Так было падчас вайны Расеі з Грузіяй 2008 году, так ёсьць і цяпер. І гэтай большасьцю вельмі лёгка маніпуляваць, чым можа скарыстацца Масква.
Акрамя таго, на фоне крымскай анэксіі ў Беларусі актывізаваліся прарасейскія сілы, якія выступаюць за аб’яднаньне (аншлюс) з Расеяй. Што добра было бачна па апошняй перадачы «Пазыцыя» на канале АНТ, якую вядзе Гігін. Гэтыя людзі былі вельмі актыўныя ў 1990-я гады, калі стаяла пытаньне аб рэальным аб’яднаньні Беларусі і Расеі, яны стваралі Славянскую акадэмію, выдавалі газэту «Славянский набат» ды інш. Потым, калі праект «саюзнай дзяржавы» замарозіўся, яны прыціхлі. А вось цяпер зноў павылазілі. У зьвязку з узмацненьнем русафільскіх настрояў у беларускім грамадзтве гэта стварае пагрозу зьяўленьня тут прарасейскай «пятай калёны». Асабліва калі Масква прыкладзе для гэтага пэўныя намаганьні.
Па-трэцяе, Беларусь будзе немінуча ўцягнутая ў тую «халодную вайну» паміж Расеяй і Захадам, якая цяпер пачынаецца, на баку Масквы.
Вось цяпер афіцыйны Менск з усіх сіл імкнецца захаваць нэўтралітэт у расейска-ўкраінскім канфлікце. Ня толькі таму, што яму нявыгадна псаваць эканамічныя дачыненьні з Украінай ці ён ня хоча выглядаць відавочным сатэлітам Масквы, ці таму, што дзеяньні РФ у Крыме ствараюць пагрозу ўсім суседзям. Справа яшчэ і ў тым, што гэты канфлікт разбурае афіцыйны ідэалягічны канструкт. Калі адбываецца супрацьстаяньне Расеі з Захадам, то ўсё зразумела, хто сябра, а хто вораг. А расейска-ўкраінскі канфлікт разбурае звыклую карціну сьвету. Бо ва Ўкраіне ж жывуць, як кажа Лукашэнка, «нашы людзі», гэта братэрскі народ. А расейскія тэлеканалы перайшлі ад зьневажаньня Майдану, новай украінскай улады, складзенай з «фашыстаў» і «бандэраўцаў», да зьневажаньня самой Украіны як дзяржавы, украінцаў увогуле. І гэта стварае пэўную нязручнасьць для беларускіх дзяржаўных мэдыяў у інтэрпрэтацыі гэтага супрацьстаяньня.
Таму афіцыйны Менск усяляк імкнецца трансфармаваць канфлікт Расеі з Украінай у канфлікт Расеі з Захадам. У гэтым выпадку ўсё становіцца на сваё месца, і Беларусь звыкла залезе ў акопы. Глядзіце, Лукашэнка, даючы дазвол на разьмяшчэньне тут расейскіх ванных самалётаў, кажа, што яны ж скіраваныя ня супраць Украіны, а супраць актывізацыі НАТО ў Польшчы. МЗС Беларусі, камэнтуючы вынікі «рэфэрэндуму» ў Крыме, абвінавачвае нейкія «зьнешнія сілы»: «Цяпер асабліва глыбокую заклапочанасьць у нас выклікаюць спробы палітыкаў, насамрэч далёкіх ад падзеяў, якія адбываюцца ў рэгіёне, вырашаць, што добра, а што дрэнна для нашых славянскіх народаў», — гаворыцца ў заяве міністэрства. Гэта празрысты выпад у бок Захаду. То бок штучна ствараецца звыклая карціна сьвету, у якой месца Беларусі зразумела якое.
Але праблема ў тым, што ва ўмовах «халоднай вайны», якая пачалася паміж Расеяй (а значыць, і Беларусьсю) ды Захадам, мяняецца ўся парадыгма дачыненьняў з ЭЗ і ЗША. Цяпер усьлед за Масквой Менск будзе разглядаць Захад ужо ня толькі як геапалітычнага ворага, але і як ідэйнага ворага. Гэта значыць, варожымі становяцца і ягоныя каштоўнасьці. То бок сама ідэя дэмакратыі і правоў чалавека стане разглядацца як падступны інструмэнт у руках Захаду дзеля падпарадкаваньня постсавецкіх дзяржаваў. Такія тэзісы гучаць у Расеі, і яны з радасьцю будуць падхопленыя ў Беларусі.
Тым больш, што ўсё гэта добра кладзецца на настроі беларускага грамадзтва. Беларусы, пад узьдзеяньнем расейскіх і беларускіх мэдыяў, моцна запалоханыя тым хаосам, разбурэньнем дзяржавы, якія ўзьніклі ў выніку Майдану. Таму ў Беларусі вырас запыт на моцную ўладу і цьвёрдую руку. Не зьдзіўлюся, калі ў выніку гэтых падзеяў рэйтынг Лукашэнкі вырасьце. І нават сама ідэя апазыцыйнасьці ў Беларусі становіцца крамольнай. І апазыцыйныя палітыкі ці арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у мясцовых выбарах, ужо адчулі на сабе гэтую зьмену стаўленьня насельніцтва да апазыцыі як такой.
Новы трэнд на палітыку зачысткі палітычнага поля ад палітычных праціўнікаў ужо назіраецца. Вельмі паказальна, як адправілі ў турму перадвыбарчы пікет АГП. Раней такога не было — падчас выбарчай кампаніі ўлады пакідалі апанэнтам хоць малую, але прастору для агітацыі.
І гэтая зачыстка легітымізуецца ня толькі новым запытам насельніцтва на моцную ўладу, але і станам «халоднай вайны» з Захадам. Калі ідзе вайна, то зь «пятай калёнай» ворага не цырымоняцца. І цяпер ужо беларускім уладам будзе няважна, што скажа Захад пра палітзьняволеных, выбары і інш. Так тэма правоў чалавека зьнікне з парадку дня дачыненьняў паміж Менскам і ЭЗ.
Сцэнар змрочны, але такія трэнды выглядаюць найбольш верагоднымі. Гэта той выпадак, калі я быў бы вельмі рады памыліцца.
Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме