10:15 22.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Зянон Пазьняк: У памяць пра Міхася Чарняўскага
Вельмі цяжка разьвітвацца зь сябрамі, калі яны заканчваюць свой жыцьцёвы шлях, а ты застаесься. 20-га студзеня ад сьмяртэльнай хваробы памёр Міхась Чарняўскі.
Цяжка яшчэ і таму, што ўсё жыцьцё Міхася было ахвяравана сьветлай Беларусі, а паміраць прыходзіцца ў час цемры. Яшчэ б трохі было яму пажыць, калі засьвеціць сонца. А яно засьвеціць.
Я пазнаёміўся зь Міхасём у 1964 годзе, калі ехалі разам у групе ў Ваўкавыск аглядаць крэйдавыя шахты нэалітычных людзей. З таго часу з камандай сяброў крочылі разам. У той змрочны час галоўнай задачай нашай актыўнасьці было дапамагаць беларусам у справе нацыянальна-культурнага адраджэньня сьвядомай асобы. Гэтаму галоўнаму Міхась Міхайлавіч прысьвяціў усё сваё жыцьцё. Ён асьветнік па духу, па характары, па ідэалёгіі. Такой працы як бы і не відаць, але яна якраз давала рэальныя і канкрэтныя вынікі. Ён зрабіў уклад у навуку, у археалёгію, у навукова-папулярную літаратуру, у грамадзка-палітычную дзейнасьць, але ізноў жа — уся яго спадчына мералася любовяй да Бацькаўшчыны і беларускім асьветніцтвам свайго пакаленьня.
Пра дачыненьні на гэтай ніве можна напісаць цэлую кнігу. Тым больш што натуру Міхась меў сьветлую, характар дабразычлівы і вылучаўся арганічным паўсюдным гумарам. У самых цяжкіх абставінах я ніколі ня чуў ад яго нараканьняў ці нейкіх упадніцкіх стогнаў. Наадварот і тут ён знаходзіў сьмешныя моманты і часам сьмяшыў нас да сьлёз. Тым ня менш, ён быў чалавекам глыбокай душы і вельмі моцна ў сэрцы перажываў трагізм лёсу свайго народа.
Па сваёй сутнасьці Міхась ня быў асобай публічнай натуры (як, скажам, ягоны сябра Міхась Ткачоў). Сьціпласьць была яго важнай рысай характару. І таму асоба яго як бы не вылучалася. Але, ведаючы яго добра зь юнацтва і ягоныя справы, скажу, што як беларускі практычны дзяяч-асьветнік і навуковец, гэта быў чалавек-глыба, чалавек-беларуская скала, такі, як Лявон Баразна, Генадзь Каханоўскі, Яўген Кулік. А гэта ўсё людзі, на падвалінах якіх вырастала вольная незалежная Беларусь. На такіх людзях і будзе яна трымацца.
Хай стане мяккай табе родная зямелька, дарагі Міхась, у нашай сьветлай і пакутнай паднябеснай Беларусі, хай прыме цябе як роднага сына сваёй Айчыны, хай добра будзе табе ў Беларусі нябеснай, там, у вышынях, дзе вечны спакой.
Зянон Пазьняк
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме