22:30 14.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Жывёлавод заступіўся за кандыдата, але суд яго не пачуў
13 сакавіка судзьдзя Гомельскага абласнога суду Марына Надтачэй адхіліла скаргу кандыдата ў дэпутаты Рэчыцкага райсавету па Караваціцкай выбарчай акрузе №35 Алега Шабетніка на вынесенае папярэджаньне.
Як кандыдата ў дэрутаты спадара Шабетніка папярэдзіла Рэчыцкага раённага выбарчая камісія за тое, што на дазволеных агітацыйных пікетах у аграгарадках “Каравацічы” і “Перавалока” ён нібыта парушыў “парадак падрыхтоўкі мясцовага рэфэрэндума”.
Кандыдат аспрэчыў папярэджаньне у абласной выбарчай камісіі, якую ачольвае Мікалай Стош. Але абласная камісія не знайшла падставаў для адмены папярэджаньня, таму кандыдат і падаў скаргу ў суд.
Пры канцы лютага Алег Шабетнік, пісьмова папярэдзіўшы райвыканкам, паехаў у вёску Каравацічы, а потым і Перавалока агітаваць вяскоўцаў за сваю кандыдатуру ў райсавет. Ён – прадпрымальнік, рэгіянальны каардынатар кампані “Гавары праўду” і лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў. У агітацыйнай кампаніі кандыдата Шабетніка асноўныя пункты праграмы пераклікаюцца з ініцыятывай правядзення “Народнага рэфэрэндуму” дзеля вызначэньня стаўлення насельніцтва да выбараў кіраўнікоў выканаўчай улады, абмежаваньня двума тэрмінамі паўнамоцтваў прэзыдэнта, да адмены платнага навучання і платных медычных паслуг.
Натуральна, што і агітацыйныя стэнды ў кандыдата Шабетніка з адпаведнымі надпісамі “Народны рэфэрэндум”, “Збор подпісаў”, “Гавары праўду”.
Гэта ўсё, відаць, настолькі моцна ўразіла старшыню Рэчыцкай раённай выбарчай камісіі, начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай працы райвыканкаму Рыгора Якушава, які асабіста паведаў пікет, што вынікам сталася папярэджаньне кандыдату Шабетніку.
У рашэньні раённай камісіі на папярэджаньне сказана, што ў парушэньне артыкула 126 Выбарчага кодэкса збор подпісаў вёўся без “пасьведчаньня пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзеньмі мясцовага рэфэрэндума, пасьведчаньня чальцоў дадзенай ініцыятыўнай групы”.
Прадстаўніцы абласной выбарчай камісіі ў судзе Ала Сусарэнка і Тамара Сівуха таксама гаварылі пра парушэньне артыкулу 126 і мясцовы рэферэндум – таму, маўляў, абласная камісія і ня згледзела падставаў для адмены папярэджаньня раённай камісіі кандыдату Шабетніку.
Сам кандыдат запытаўся у прысутнага ў судзе старшыні Рэчыцкай раённай камісіі Рыгора Якушава: “Дык за што зьбірала подпісы Алена Лінкевіч у Каравацічах і Перавалоцы ў той час, калі я праводзіў агітацыйны пікет?” – “За рэфэдэндум”, – адказваў Якушаў. “А вы бачылі тытульны ліст подпісаў – што там напісана?” – “Лінкевіч мне не паказала”. – “А на падставе якіх доказаў вы зрабілі выснову, што подпісы зьбіраліся за рэфэрэндум?”
Старшыня камісіі спаслаўся, што ў справе маюцца тлумачэньні падпісантаў. Раённая камісіія прывезла ў суд ў якасьці сьведкаў участковага інспэктара Алега Забірана і жывёлавода сельгаспрадпрыемства “Абарона краіны” Аляксандра Смольскага зь вёскі Перавалока.
Участковы інспэктар “пазнаў” падпісныя лісты са зваротам вяскоўцаў да дэпутатаў Палады прадстаўнікоў і прэзыдэнта з просьбай ініцыяваць правядзеньне “Народнага рэфэрэндуму” па шасьці пытаньнях, у тым ліку пра выбары кіраўнікоў раёнаў, гарадоў і абласцей, бесплатныя паслугі насельніцтву дзяржаўных ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, супраць разьмяшчэньня замежных ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.
Словам, не за рэфэрэндум паралельна з пікетам вёўся збор подпісаў, а пад зваротам да прэзыдэнта і дэпутатаў парлямэнту, якія маюць права ініцыяваць такі рэфэрэндум. Гэта пацьвердзіў і жывёлавод Смольскі, калі яго спыталі, за што ён паставіў подпіс: – “ Пад зваротам да прэзыдэнта”.
Прадстаўніца аблкамісіі выйшла ажно да стала судзьдзі, каб паказаць, што ў справе ёсьць тлумачэньне Аляксандра Смольскага – падпісаўся ён нібыта за рэфэрэндум.
“Дык мне сакратарка дырэктара прадыктавала, і я напісаў. А потым паправіў”, – заявіў жывёлавод.
Судзьдзя Надтачэй стала ўдакладняць у жывёлавода: “А як прэзыдэнт павінен вырашыць тыя пытаньні, пад якімі вы падпісаліся?”
Жывёлавод толькі паціскаў плячыма, не ведаючы што і сказаць. І зноў пацьвердзіў: “Пад зваротам да прэзыдэнта падпісаўся”.
Тым часам прадстаўнікі камісіяў заяўлялі, што папярэджаньне правільнае і суду нельга адмяняць папярэджаньне кандыдату, бо, зноў-такі, на збор подпісаў за правядзеньне рэферэндуму ніхто дазволу не даваў і вёўся гэты збор там, дзе праходзіў агітацыйны пікет.
Суд палічыў тлумачэньні прадстаўнікоў раённай і абласной выбарчых камісій слушнымі і скаргу кандыдата Шабетніка адхіліў. Сведчаньне жывёлавода і самі падпісныя лісты са зваротам да прэзыдэнта і дэпутатаў парламента пад увагу ня ўзятыя.
Як лічыць сам Алег Шабетнік, улады баяцца любых ініцыятыў грамадзянаў, праяўленьня любой грамадзянскай актыўнасьці. Адсюль і папярэджаньні, і штрафы, і арышты грамадзянаў, якія праяўляюць актыўнасьць. Па прынцыпу: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме