15:47 09.11.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЖАН-ЭРЫК ХОЛЬЦАПФЕЛЬ: БУДЗЕ ПРАГРЭС З БОКУ БЕЛАРУСІ — БУДУЦЬ ТАННЕЙШЫЯ ВІЗЫ
Падчас ХІІ Мінскага форума Еўрарадыё запыталася Часовага паверанага ў справах Еўракамісіі Жана-Эрыка Хольцапфеля пра актуальныя праблемы ў адносінах Беларусі і ЕС.
16-17 лістапада ў Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін ЕС. На ёй абмяркуюць эвалюцыю адносін Беларусі і ЕС і будзе прынятае рашэнне пра лёс візавых санкцый у адносінах да беларускіх чыноўнікаў.
Спадар Хольцапфель пацвердзіў, што Прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі робіць ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, якія могуць паўплываць на рашэнне Савета ЕС.
Жан-Эрык Хольцапфель: "Але гэтыя ацэнкі, якія мы зрабілі, я не магу агучыць, бо гэта частка працэсу прыняцця рашэнняў унутры Еўрапейскага Саюза. Я магу толькі сказаць, што мы хочам развіваць нашы стасункі, але для гэтага нам патрэбны прагрэс ад Беларусі ў асноўных пытаннях. І чым большы прагрэс мы пабачым, тым большы будзе вынік з боку міністраў".
Дыпламат падкрэслівае, што рашэнне ЕС наконт візавых санкцый было прынятае не з лёгкім сэрцам. Гэта вымушанае дзеянне з-за сітуацыі ў Беларусі ў сферы дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека. І цяпер ЕС хацеў бы зняць санкцыі, але для гэта патрэбныя паляпшэнні ў Беларусі. Тады ў нашай краіны з'явіцца цэлы шэраг магчымасцяў, адзначыў Жан-Эрык Хольцапфель.
Жан-Эрык Хольцапфель: "Гэта датычыць і многіх сфераў эканомікі, і гандлю, і візаў, і іншае. Калі сітуацыя будзе такая, што Беларусь выканае ўсе нашыя асноўныя патрабаванні, і калі будуць зрухі ў іншых пытаннях, бо не забывайце што ўсіх перадумоваў — дванаццаць, то мы перш за ўсё зможам развіваць поўныя стасункі з Беларуссю ў межах Праграмы Партнёрства і Усходняга Партнёрства. Гэта значыць не толькі тое, што мы размарозім дамову аб супрацоўніцтве і партнёрстве, але пяройдзем да наступных відаў дамоваў, што зараз адбываецца ў адносінах ЕС і Украіны".
Нагадаем, што пяць асноўных патрабаванняў з боку ЕС — гэта заставацца краінай без палітычных вязняў, гарантаваць свабоду слова для СМІ, працягваць супрацоўнічаць з АБСЕ па рэформе выбарчага права, палепшыць умовы дзейнасці НДА, забяспечыць свабоду сходаў і палітычнай асацыяцыі.
Паводле Жана-Эрыка Хольцапфеля, у справе вяртання ў Генеральную сістэму прэферэнцый краіна таксама не дасягнула дастатковага прагрэсу. Нагадаем, што з яе Беларусь выключылі ў 2007 г. за парушэнне правоў працаўнікоў.
Жан-Эрык Хольцапфель: "І мы сапраўды сустракаліся з прадстаўнікамі Міжнароднай арганізацыяй працы, каб паглядзець, як яны бачаць сітуацыю. І на сённяшні момант Беларусь не зрабіла даволі прагрэсу ў гэтай сферы, каб узнавіцца ў Генеральнай сістэмы прэферэнцый. Быў пэўны прагрэс за апошнія месяцы, але цяпер яго не так шмат".
Нарэшце, па словах Жана-Эрыка Хольцапфеля зараз пачынаюцца папярэднія абмеркаванні на ўзроўні экспертаў, каб прасунуцца ў сферы спрашчэння візавага рэжыму.
Жан-Эрык Хольцапфель: "Мы вельмі добра ўсведамляем, што гэта вельмі важнае пытанне для насельніцтва. І як Еўрапейскі Саюз, мы хочам стымуляваць кантакты паміж людзьмі. Больш танныя візы — гэта будзе галоўны элемент у развіцці кантактаў паміж людзьмі".
Але і зніжэнне коштаў на шэнгенскія візы, якое так хвалюе грамадзян Беларусі, таксама залежыць ад памкнення беларускага ўраду палепшыць сітуацыю ў ключавых пытаннях . Еўрасаюз жа, са свайго боку, гатовы хутка распачаць перамовы, і толькі чакае належных крокаў ад Беларусі.
Наста Ігнатовіч, Аляксей Сарока 2009-11-09
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме