12:01 10.11.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Заклік да еднасці
Далейшы атамізаваны стан дэмакратычнай апазіцыі пагражае яе існаванню. Беларусі патрэбны новы народны фронт, падмуркам якога маглі б быць Партыя БНФ, БХД, КХП-БНФ, рух “За свабоду”, беларускамоўныя сацыял-дэмакраты і, магчыма, АГП.
“Калі б вы мелі хоць лапік зямлі пад сваім кантролем, вы атрымалі б нашу падтрымку”, – прыкладна гэта чула дэлегацыя ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ужо ў выгнанні, на перамовах па палітычным пераўладкаванні рэгіёну ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Прыкладна такое ж стаўленне, на жаль, усё болей назіраецца з боку Захаду ў дачыненні беларускай дэмакратычнай апазіцыі напрыканцы 2010 г.
У 2006 г. апазіцыя была моцная ў першую чаргу сваім адносным адзінствам, і менавіта праз гэта яна прымушала лічыцца з сабою як улады, так і замежныя сілы. Цяпер апазіцыя атамізуецца ледзь не да ўзроўню асобных экспертаў і асобных дзеячаў, але наколькі яна ўспрымаецца ў якасці сілы – добрае пытанне. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі ёсць надзвычайнаю, і таму апазіцыі ўрэшце востра неабходна прыходзіць да кампрамісаў унутры сваіх шэрагаў, неабходна гуртаваць сілы, прынамсі ідэйна блізкіх, прынамсі ў максімальна малую колькасць блокаў.
Раз’яднанасць паміж дэмакратамі дапушчальная на пэўным пераходным этапе, як інструмент даўно наспелага ачышчэння і рэструктурызацыі, але яе непазбежна трэба пераадолець як мага хутчэй. Іначай раз’яднанасць будзе варта ўспрымаць як знак канчатковага разлажэння.
Гэта, магчыма, не так важна цяпер, напярэдадні выбараў, якія, што сказана ўжо не раз, не варта лічыць паўнавартаснымі, дый пагатоў калі магчымасці вылучэння адзінага кандыдата ці кансалідаваны байкот чым далей, тым ужо менш магчымыя. Але гэта будзе важна адразу пасля іх, асабліва з улікам таго, што некаторыя назіральнікі прагназуюць зачыстку палітычнага поля пасля прэзідэнцкіх выбараў: перад або імавернай “аперацыяй “пераемнік” або ўвядзеннем ў Беларусі “шматпартыйнай сістэмы” паводле расійска-ўсходненямецкай мадэлі, дзе месца апазіцыі адвядуць ЛДП і КПБ.
Пры адсутнасці дэмакратаў у якасці адзінага суб'екту, аўтаматычна ставіцца пад сумнеў іх здольнасць выступаць выразнікам інтарэсаў соцень тысяч прыхільнікаў пераменаў. Такім чынам апазіцыя пакідае наменклатуру ў якасці таго альтэрнатыўнага Лукашэнку суб’екту, з чыйго боку можна чакаць ініцыятываў датычна пераменаў у Беларусі і з кім вонкавым гульцам мае сэнс весці перамовы, – наменклатуру, якая акрамя іншага валодае адміністрацыйнымі вагарамі для рэальнага ўплыву на сітуацыю ў краіне.
І ў гэтым плане, калі падумаць, раз’яднанасць апазіцыі прыйшлася вельмі дарэчы для з'яўлення гэтай новай сілы на непублічнай палітычнай арэне. І пры жаданні тут магчыма знайсці яшчэ адзін аргумент на карысць версіі, што рэсурсная падтрымка перадвыбарчай кампаніі Уладзіміра Някляева можа сыходзіць не з Расіі, а з крыніц унутры дзейснага рэжыму. Кампанія Някляева пакуль надалей пакідае інтуітыўнае ўражанне паліттэхналагічнага голема, які можа рассыпацца праз пару тыдняў пасля выбараў. Што яна робіць якасна, дык гэта менавіта падтрымлівае стан раз'яднанасці, адцягвае людскія рэсурсы ад этабліяванай ідэйнай апазіцыі, не прапанаваўшы пакуль дастаткова выразнай і пераканаўчай альтэрнатывы ёй.
Грунтам для аб'яднання мусіла б быць выразная светапоглядная альтэрнатыва, яскрава сфармуляваная на ўсіх узроўнях – ідэйна, эстэтычна, магчыма нават моўна. Варыянт, які напрошваецца сам сабою, – гэта “старыя добрыя” нацыянал-дэмакратычныя каштоўнасці, выразнікам якіх быў Беларускі народны фронт канца 80-х – пачатку 90-х гадоў. Беларусі патрэбны новы народны фронт, падмуркам якога маглі б быць Партыя БНФ, БХД, КХП-БНФ, рух “За свабоду”, беларускамоўныя сацыял-дэмакраты і, магчыма, АГП.
Зрэшты, і Уладзімір Някляеў мог бы зрабіцца цэнтрам кансалідацыі апазіцыі, ці хаця б умоўна “расійскамоўнай” яе часткі. Менавіта ў гэтым, здаецца, палягае рэальная задача-максімум для яго ў гэтай кампаніі ды менавіта гэта бало б найлепшым сродкам разбурыць існы недавер да яго з боку дэмакратычнай грамадскасці. Шмат што вырашаць беспасярэдна дзеянні Някляева і яго каманды 19 снежня і ў бліжэйшыя дні пасля гэтай даты.
Раз суб'ектнасці апазіцыі няма напярэдадні выбараў, яна можа і павінна з'явіцца па выніках гэтае кампаніі. І гэта той адзіны рэальны вынік, да дасягнення якога апазіцыя і персаніфікаваная ёю дэмакратычная грамадскасць мае імкнуцца, каб у складаным і важным 2011 г. мець максімальны ўплыў на развіццё падзеяў у краіне.Алесь Чайчыц
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |