14:15 23.12.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Захаваць самастойны статус літаратурнага музея Максіма Багдановіча (Заява Прэзідыума БСДП)
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з абурэннем успрыняў рашэнне уладаў пазбавіць статусу самастойнай установы і юрыдычнай асобы Літаратурны музей Максіма Багдановіча і ператварыць яго ў філіял Музея гісторыі беларускай літаратуры.
Няма патрэбы паўтараць вядомую ісціну, што Максім Багдановіч разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам – гэта тры зоркі беларускай паэзіі, тры асобы, якія аказалі вялікі ўплыў на станаўленне беларускай нацыі і нашай дзяржаўнасці, вызначылі галоўныя напрамкі далейшага развіцця нашай літаратуры. І таму зусім лагічна, што Літаратурны музей Максіма Багдановіча існуе нароўні з музеямі Янкі Купалы і Якуба Коласа як самастойная культурная і навукова-даследчыцкая ўстанова.
Рашэнне ўладаў пабавіць Літаратурны музей Максіма Багдановіча самастойнага статусу сацыял-дэмакраты разглядаюць як чарговы акт, скіраваны супраць беларускай нацыянальнай культуры. Пад выглядам эканоміі сродкаў улада ўжо ліквідавала Інстытут літаратуры, Інстытут мовазнаўства, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, зачыніла ці фактычна зачыніла газету для дзяцей “Раніца”, часопіс для падлеткаў “Бярозка”, маладзёжную газету “Чырвоная змена”, часопіс творчай моладзі “Першацвет”. Цяпер улада вырашыла фактычна ліквідаваць Музей Максіма Багдановіча.
Пазбаўленне Літаратурнага музея Максіма Багдановіча статусу самастойнай установы выклікае занепакоенасць яшчэ і таму, што няма гарантый захавання самастойнага статусу музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выказвае салідарнасць з творчай інтэлігенцыяй Беларусі, з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны ды іншымі аб’яднаннямі, якія выказалі сваю нязгоду з рашэннем уладаў ператварыць Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў філіял Музея гісторыі беларускай літаратуры. Беларускія сацыял-дэмакраты заклікаюць улады адмяніць гэтае ганебнае рашэнне.
22 снежня 2013 г.
г. Мінск
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме