18:45 22.06.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Загадка арышту Пачобута
Арышт журналіста, інкрымінаванае яму абвінавачаньне ўражваюць ня толькі сваёй жорсткасьцю і неадпаведнасьцю ўчынкам, але і нейкай бессэнсоўнасьцю.
Ну вось дзеля чаго? Ну не напіша ён на «Хартыю» і «Партызан», дык напішуць іншыя. Запалохаць людзей, журналістаў? А тое яны не запалоханыя. Ніякіх «гронак гневу» ня бачаць самыя пільныя назіральнікі, з парлямэнцкімі выбарамі ўсё збольшага ясна. Зь іншага боку, арышт журналіста, карэспандэнта ўплывовай польскай газэты – гэта гарантаванае пагаршэньне стасункаў з суседам, меркаваньне якога да таго ж мае пэўную вагу пра прыняцьці і агульнаэўрапейскіх рашэньняў. Дык навошта?
Уяўляюцца дзьве магчымыя вэрсіі. Першая – самадзейнасьць сілавікоў, можа нават і мясцовых. Іх задача – дэманстраваць пільнасьць, «выпальваць крамолу», гэта і пакліканьне, і прафэсія. А тое, што вынікам іх пільнасьці могуць стаць сур'ёзныя наступствы для дзяржавы як такой, і нават для сыстэмы, часткай якой яны зьяўляюцца – дык гэта не па іх ведамстве. Пры пэўнай схільнасьці да кансьпіралёгіі можна ўбачыць і пэўны стратэгічны разьлік – чым горш стасункі афіцыйнага Менску з Захадам, тым большая патрэба ў паслугах сілавікоў і адпаведна – большы прэстыж і падзяка за іх нястомную барацьбу з «агрэсіяй Захаду» і яго «пятай калёнай». Хаця хутчэй гэта, як той казаў, «надта складана для нашага цырку», ёсьць рэфлекс, трэба дэманстраваць пільнасьць і вынік працы, а астатняе – ня іх клопат.
Ёсьць тут і такая ксэнафобская подбіўка: Андрэй – этнічны паляк, а яшчэ з царскіх часоў вядомая формула: «враг внутренний – жиды, скубенты и поляки». Вось у адну з катэгорыяў спадар Пачобут і патрапляе.
Але гэта калі разважаць у межах вэрсіі «Сілавікі».
Аднак мае права на існаваньне і зусім іншая, у пэўным сэнсе адваротная вэрсія. Што арышт журналіста – камбінацыя вышэйшай улады, што менавіта прагназаваную рэакцыю Варшавы і Брусэлю гэтым крокам і мелі намер выклікаць.
Неўзабаве Рада Эўразьвязу будзе разглядаць пытаньне санкцыяў адносна Беларусі. Не выклікае сумневаў, што арышт Пачобута будзе важкім аргумэнтам на карысьць пашырэньня санкцый, можна меркаваць, што польская дыпляматыя пра гэта парупіцца. А можа менавіта ў дадзены момант гэта для афіцыйнага Менску ня так ужо і кепска? А можа нават і добра? Магчыма, Лукашэнка сьвядома не пакідае выбару эўрапейскім і польскім партнэрам.
У Польшчы палітычны спэктар даволі разнастайны, далёка ня ўсе палітыкі лічаць лёс замежнай Палёніі такой ужо першачарговай праблемай. Але ёсьць грамадзкая думка, якая рэагуе на праблемы Палёніі надзвычай востра. І ніводзін палітык ня можа з гэтым не лічыцца. Ня ўсімі, але многімі, асабліва людзьмі «простымі і някніжнымі», падзея ў Горадні будзе трактавацца не як «у Беларусі пасадзілі апазыцыянэра», а «беларусы пасадзілі паляка». І гэты настрой пакіне польскай палітычнай эліце вельмі вузкі калідор магчымасьцяў, Менск зманіпулюе польскай уладнай клясай. Навошта? А на тое, што ў Беларусі ёсьць і іншыя суседзі, у якіх таксама ёсьць свае палітыка-псыхалягічныя ўстаноўкі.
Лінія Пуціна на супрацьстаяньне Захаду пакуль працягваецца, Беларусі ў межах гэтай палітыкі адводзіцца пэўная роля: расейскі прэзыдэнт нядаўна рабіў каштоўныя падарункі Лукашэнку не з асабістай любові да яго, ды і міністар Лаўроў кідаўся на абарону саюзьніка ня з гэтай прычыны. А тут непазьбежная польская рэакцыя на арышт Пачобута. Якая ў Расеі многімі простымі, ды і няпростымі людзьмі будзе інтэрпрэтавацца не як «Польшча пратэстуе супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі», а як «Польшча нападае на беларусаў». Што псыхалягічна накладзецца на сутычкі падчас маршу расейскіх заўзятараў па Варшаве, на кадры, дзе польскія заўзятары скандуюць: «ruskie kurwy». Ах, курвы, рускіх б'юць, а зараз на беларусаў наяжджаюць... Ну мы ўжо...
А што ўжо? Ну калі польскае абурэньне выльецца ў нейкія рашэньні ці то Варшавы ці то Брусэлю, то палітыка-псыхалягічная пастка не пакіне Маскве ніякіх іншых варыянтаў, як кінуцца на абарону «беларускіх братоў». І ня толькі грознымі заявамі, але і... Ну вы разумееце: грошы, грошы, грошы, любой цаной, любыя страты Беларусі пакрыць з расейскай казны. І нікуды ня дзенуцца – справа гонару. Як і для палякаў. Стэрэатыпы нацыянальных рэакцый і паводзінаў – вялікая рэч.
Атрымаць грошы ад Захаду за вызваленьне вязьняў – гэта руціна, ды ня надта і атрымліваецца. А вось атрымаць грошы ад Расеі фактычна за зьяўленьне вязьняў – гэта вышэйшая кляса цынічнага палітычнага базару.
Юры ДракахрустИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
29 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |