12:00 06.11.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
За што звольнілі «галоўнага сьледчага» Валянціна Шаева
4 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб адстаўцы з пасады кіраўніка Сьледчага камітэту Беларусі Валянціна Шаева. Што стала прычынай гэтай адстаўкі, якой не папярэднічалі ніякія скандалы ці публічныя прэтэнзіі да «галоўнага сьледчага»?
Былыя сілавікі Мікалай Казлоў, Алег Воўчак і Алег Гайдукевіч падзяліліся сваімі вэрсіямі гучнай адстаўкі і адказалі на пытаньне, ці было апраўданым выдзяленьне сьледзтва ў асобны Сьледчы камітэт.
Мікалай Казлоў: На кожнага чыноўніка ёсьць «компра»
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Менску Мікалай Казлоў гэтак пракамэнтаваў адстаўку Валянціна Шаева.
«Варыянтаў у нашай краіне няшмат. Альбо хочуць паставіць на гэтую пасаду больш зручнага чалавека, больш блізкага па духу, альбо на яго сабраная і запушчаная нейкая „компра“, бо ў нас на кожнага чыноўніка „чэкісты“ зьбіраюць кампрамэтуючы матэрыял, які калісьці можа спрацаваць. Прычым не заўсёды гэтая „компра“ выносіцца на ўзровень суду, крымінальнай справы, каб не было грамадзкага рэзанансу. Але пакуль меркаваць цяжка, бо калі ўключыць фантазію, дык варыянтаў можа быць колькі заўгодна».
Назіральнікі згадваюць, што сёлета кіраўнік дзяржавы абышоў Валянціна Шаева падвышэньнем у званьні, чаго заслужылі ўсе іншыя кіраўнікі сілавых ведамстваў, а сам Валянцін Шаеў апошнім часам нэрвова ставіўся да публічнай крытыкі на адрас сваёй установы.
Нагадаем, асобнай структурай Сьледчы камітэт стаў толькі ў 2011 годзе, яго першым старшынём быў Валер Вакульчык, які ўжо праз год пайшоў на пасаду старшыні КДБ, таму самая цяжкая праца па фармаваньні структур СК лягла на плечы Валянціна Шаева.
У выніку ці апраўдвае сябе выдзяленьне сьледзтва ў асобную ўстанову? Былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў адказвае на гэтае пытаньне збольшага адмоўна.
«У некаторых справах, магчыма, гэта сябе апраўдвае. Але калі ўзяць раённую міліцыю, вось як я працаваў у Цэнтральным РУУС, — дык гэта ня проста не апраўдвае сябе, а гэта шкодна. Вось я зьвярнуўся нядаўна з заявай, каб знайшлі тых, хто на мяне напаў падчас выбараў як на назіральніка.
І мне адмовілі ў завядзеньні справы. Паглядзеў, чым цяпер займаўся апэратыўны супрацоўнік, які правяраў маю заяву. Замест таго каб праводзіць апэратыўныя дзеяньні, ён займаецца тым, што піша пратаколы агляду, апытвае, яшчэ нешта папяровае робіць. То бок займаецца афармленьнем дакумэнтаў, замест таго каб шукаць злачынцаў. А час жа сыходзіць, самы карысны час для пошуку.
І гэтак ва ўсім — частку абавязкаў, якія раней выконваў сьледчы, пераклалі на апэратыўных супрацоўнікаў міліцыі, якія сталі больш дазнавацелямі, чым опэрамі. На ніжэйшым узроўні гэта катастрофа. А сьледчыя потым толькі падшываюць паперкі, сабраныя опэрамі. Мая думка, што ў выніку раскрывальнасьць злачынстваў зьніжаецца, прафэсіяналізм апэратыўных супрацоўнікаў міліцыі таксама падае, як, дарэчы, і супрацоўнікаў Сьледчага камітэту.
Ім, верагодна, стала лягчэй працаваць, але для агульнай справы гэта шкодна».
Алег Воўчак: Падначаленыя Валянціна Шаева на месцах маглі недапрацоўваць у карупцыйных справах
Былы сьледчы Менскай гарадзкой пракуратуры Алег Воўчак у сувязі з адстаўкай Валянціна Шаева згадаў шэраг карупцыйных скандалаў у рэгіёнах Беларусі і той факт, што сам Валянцін Шаеў атрымаў зямлю ў Драздах-2.
«Мяркую, карані адстаўкі трэба шукаць у карупцыйных справах у рэгіёнах, як у Гомельскай вобласьці. Не выключаю, што яму паставілі ў віну недапрацоўкі па сьледзтве.
Ці аказаліся датычныя кіраўнікі сьледчых структур у рэгіёнах? Інфармацыя закрытая, таму можна шмат што ўявіць. Калі кажуць, што, можа, наадварот, ён перагнуў палку ў барацьбе з карупцыяй, дык я таго не заўважыў — спраў такіх супроць высокіх чыноўнікаў няшмат, дый пачынае іх ня Сьледчы камітэт, а звычайна КДБ, Сьледчы камітэт тут толькі выканаўца. Засмучае фармулёўка адстаўкі — „па ўзгадненьні бакоў“. Ведаю, што звычайна кіраўнікі такога ўзроўню не сьпяшаюцца пакідаць свае пасады самі. Гэта і аўтарытэт сярод намэнклятуры, і высокі заробак, і дзяржабслугоўваньне.
А „ўзгадненьне бакоў“ азначае, што ягоны кантракт перарвалі датэрмінова, дзеля чаго патрэбны важкія прычыны. Магчыма, у яго зьявіліся нейкія прычыны, каб сысьці, але паўтаруся — як правіла, з такіх пасадаў самі не сыходзяць.
Можа, гэта зьвязана зь ягоным участкам у менскім раёне „Вясьнінка“, які называюць Дразды-2 за элітнасьць гэтага месца. Навошта ён туды ўпісаўся, калі сам змагаецца з карупцыяй?»
Ці апраўдаўся экспэрымэнт па выдзяленьні сьледзтва з сыстэмы МУС у асобны Сьледчы камітэт? Алег Воўчак на гэты конт мае катэгарычнае меркаваньне.
«Адназначна — не. Гэта добра, што сьледчых аддзялілі ад міліцыі, але дрэнна, што падпарадкавалі наўпрост прэзыдэнту. Трэба ставіць пытаньне пра тое, што Сьледчы камітэт мусіць падпарадкоўвацца Пракуратуры, быць пад пракурорскім кантролем.
Гэта і міжнародная практыка, і простая лёгіка падказвае — бо потым у судзе менавіта пракуратура падтрымлівае абвінавачаньне. А сёньня аказалася, што сьледзтва даволі моцна адарвалася ад рэчаіснасьці, і, магчыма, адстаўка Валянціна Шаева зьвязаная зь нізкай якасьцю сьледзтва».
Алег Гайдукевіч: Шаеў яшчэ будзе запатрабаваны
Намесьнік старшыні ЛДПБ, былы начальнік Фрунзенскага РУУС Менску Алег Гайдукевіч мяркуе, што адстаўка Валянціна Шаева — нармальная кадравая зьява.
«Ня варта тут нічога шукаць сэнсацыйнага. З улікам фармулёўкі адстаўкі — „па ўзгадненьні бакоў“ — можна меркаваць, што нешта адбылося. Магчыма, здароўе, магчыма, што яшчэ. Асабістыя абставіны могуць узьнікнуць якія заўгодна, бо нагрузка на чалавека на такой пасадзе аграмадная.
А другое — мяркую, гэты чалавек яшчэ будзе запатрабаваны, бо працаваў ён дастаткова добра, Сьледчы камітэт пад ягоным кіраўніцтвам узмацніўся».
Як спадар Гайдукевіч ацэньвае вынік стварэньня Сьледчага камітэту: гэта палепшыла якасьць сьледзтва ці наадварот?
«Лічу, што стварэньне Сьледчага камітэту было адным зь лепшых крокаў па рэфармаваньні праваахоўнай сыстэмы за апошнія гады. Гэта крок наперад. У міліцыі я быў і кіраўніком аддзелу па барацьбе з карупцыяй, і працаваў у аддзеле па расьсьледаваньні цяжкіх злачынстваў, і магу сказаць, што раней начальнік сьледзтва быў падпарадкаваны вышэйшаму міліцэйскаму кіраўніку — на ўзроўні РУУС, вобласьці ці міністэрства.
Пэўная незалежнасьць і тады была, бо яна агавораная ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, але толькі стварэньне цалкам незалежнай структуры, калі ўсе прызначэньні праз СК праходзяць незалежна, зрабіла фігуру сьледчага сапраўды самастойнай.
І гэта вельмі добра адбілася на расьсьледаваньні, раскрывальнасьці злачынстваў і на накіраваньні спраў у суд. Што да ўзаемадзеяньня зь міліцыянтамі, апэратыўнымі супрацоўнікамі, дык, магчыма, на этапе станаўленьня СК былі некаторыя адмоўныя нюансы, але цяпер яны ўсе ужо ўрэгуляваныя падчас узаемадзеяньня СК і структураў МУС».
Алег Грузьдзіловіч,
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме