08:30 14.01.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
За што Жылуновіч (Гартны) трапіў у няміласць да ўладаў нашае РБ?
Дзядзькі, што сядзяць у чыноўных кабінетах, лічаць, што дзяржаўнасць Беларусі пачалася з іх. Піша Анатоль Сідарэвіч.
Адзін дзядзька — ён яшчэ — у першым нумары «Звязды» расказаў, што ўзначаленая ім арганізацыя паўплывала на найлепшага друга беларускіх пісьменнікаў і што той, абвясціўшы 2012 год Годам кнігі, у дадатак выдаў указ «Аб дзяржаўнай падтрымцы нацыянальнага кнігадрукавання». А яшчэ, сказаў дзядзька, 2012 год «цікавы тым, што на яго прыпадае 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе Максіма Танка».
За Янку Купалу і Якуба Коласа я спакойны, бо на свае ўласныя вочы бачыў, як рэжым ушанаваў іх сапраўды юбілейныя даты пяць гадоў таму. Ну, хіба два першыя тамы Збору твораў Якуба Коласа з’явіліся ў 2007 годзе, дык затое некаторыя вершы класіка надрукавалі ў пакалечаным бальшавіцкімі палітрэдактарамі варыянце.
Спакойны я і за Максіма Танка.
Ягоны 13-томны Збор твораў, выданне якога мяркуецца завяршыць сёлета, — чарговая няўдача акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры.
Гэтае выданне аніяк не можа прэтэндаваць на званне акадэмічнага, сапраўды навуковага. Бо адкуль быць філалагічнай навуцы ў нашай РБ, калі на першым месцы ідэалогія?
Апавядаючы аб бацькоўскіх клопатах пра літаратуру і кнігавыдавецтва, той дзядзька чамусьці забыўся на, прынамсі, яшчэ тры юбілеі.
Я нават рады, што дзядзька не загадаў імя выдатнага празаіка і паэта, тонкага лірыка і надзеленага бездакорным густам крытыка Міхася Стральцова, чые 75-я ўгодкі прыпадаюць на 14 лютага (пярэдадзень праваслаўных Грамніцаў).
Міхась Стральцоў і ўлада ніколі не хадзілі пад ручку. У 1987 годзе ўлада не дала выпусціць да 50-годдзя пісьменніка двухтомнік ягоных твораў.
На пачатку гэтага стагоддзя выдавецтва «Мастацкая літаратура», выпусціўшы ягоны зборнік ў серыі «Беларуская проза ХХ стагоддзя», не расшчодрылася на зборнік у серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя». Ды я чуў, што сёлета нарэшце выйдзе двухтомнік твораў Міхася Лявонавіча ў прыватным выдавецтве.
Што дзядзька не згадаў 125-годдзе яшчэ аднаго выдатнага пісьменніка, дык тое цалкам заканамерна.
Рэвалюцыянер, сасланы на вечнае пасяленне ў Сібір, сябар Беларускай Сацыялістычнай Грамады, сябар Рады БНР, старшыня Беларускай вайсковай камісіі Алесь Гарун… Юбілей такога чалавека аніяк не можа быць ушанаваны на дзяржаўным узроўні ў нашай РБ.
Але вось яшчэ адна юбілейная дата. На 4 лістапада прыпадае 125-годдзе Змітра Жылуновіча, пісьменніка Цішкі Гартнага. Ён таксама быў сябрам БСГ, але БНР не падтрымаў. Мала таго, уступіў у бальшавіцкую партыю, а ці то ў канцы 1918-га, ці то на пачатку 1919 года (у бальшавікоў з датамі часта блытаніна) стаў старшынёй Часовага работніча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі. Як пішуць у афіцыйных кніжках, гэта быў першы ўрад БССР, хоць сама БССР яшчэ не была абвешчана (у бальшавікоў і з падзеямі блытаніна).
Вось я і думаю: а за што Жылуновіч-Гартны трапіў у няміласць да ўладаў нашае РБ?
Ведаю, што ў кастрычніку на радзіме гэтага палітыка і пісьменніка адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 360-годдзю надання Капылю магдэбургскага права. Але каб планавалася ўшанаванне юбілею аднаго з айцоў БССР, правадзейнага члена Нацыянальнай акадэміі навук, пра тое не чуў. Мусіць, дзядзькам, што сядзяць у чыноўных кабінетах, ніхто пра гэты юбілей не падказаў. А самі яны, як вядома, далёкія ад нацыянальнай культуры і лічаць, што дзяржаўнасць Беларусі пачалася з іх.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме