18:30 19.01.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ЗАКЛІКАЕ БАЙКАТАВАЦЬ ЧАРГОВЫЯ ПРЭЗІДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ. ВЫ ЗГОДНЫ З ГЭТЫМ?
Мясцовыя выбары прызначаны на 25 красавіка
Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў у панядзелак, 18 студзеня. Нагадаем, што большасць палітычных партый ужо заявілі аб сваім актыўным удзеле ў гэтай выбарчай кампаніі.
Дарэчы, напрыканцы гэтага года павінна пачацца і прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Арыенціровачнай датай прэзідэнцкіх выбараў лічыцца люты 2011 года.
Кампаній шмат, але ці будуць сапраўдныя выбары — пытанне адкрытае.
Зянон Пазьняк заклікае байкатаваць чарговыя прэзідэнцкія выбары.
Вы згодны з гэтым?
Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі:
— Калі да канца не будуць ясныя правілы гульні, па якіх будуць праводзіцца прэзідэнцкія выбары, то гэтае пытанне можна будзе абмяркоўваць...
Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):
— Не, не згодны. Я больш прагматычны палітык. Ідэю Пазьняка ў Беларусі не ажыццявіць. Байкот магчымы толькі тады, калі ўнутры краіны для гэтага ёсць рэсурс. Хаця б ідэйны рэсурс. Ідэю Зянона Пазьняка большасць выбаршчыкаў не падтрымае. Каб байкот сапраўды адбыўся, павінна быць упэўненасць, што хаця б 70% беларусаў не пайшлі на выбары. У цяперашніх умовах гэта проста немагчыма хаця б з-за таго, што падчас будучых выбараў, як звычайна, будзе ўключаны адміністрацыйны рэсурс. Людзей будуць прымушаць ісці галасаваць.
Наша партыя толькі аднойчы падтрымала ідэю байкоту. Было гэта на пазамінулых выбарах у мясцовыя Саветы... Але зараз у выбарах удзельнічаць трэба, бо на вайне як на вайне... Трэба змагацца...
Павел СЕВЯРЫНЕЦ, сустаршыня незарэгістраванай партыі
"Беларуская хрысціянская дэмакратыя":
— Байкот магчымы толькі тады, калі большасць тых, хто змагаецца супраць рэжыму Лукашэнкі, заклікаюць да байкоту. На сённяшні дзень, наколькі я ведаю, апазіцыйныя сілы, якія супрацьстаяць уладзе, будуць прымаць удзел у выбарах. Дарэчы, на ўстаноўчым з'ездзе "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" было вырашана браць удзел у выбарах. Таму з ідэяй Зянона Пазьняка пагадзіцца нельга.
Юрась ГУБАРЭВІЧ, намеснік старшыні руху "За свабоду":
— На сённяшні дзень няма падстаў для байкоту выбараў. Таму рух "За свабоду" рыхтуецца ў іх удзельнічаць. Праўда, да выбараў застаецца яшчэ год. За гэты час можа нешта змяніцца. Але, яшчэ раз паўтаруся, на сённяшні дзень мы рыхтуемся браць удзел у гэтай кампаніі.
Мікалай СТАТКЕВІЧ, адзін з лідэраў кампаніі "Еўрапейская Беларусь":
— Не згодны. Я прыхільнік альтэрнатыўнай думкі. А альтэрнатыва гучыць так: "Няхай у няроўных умовах, але за ўладу трэба змагацца". Прычым у літаральным сэнсе гэтага слова. Менавіта змагацца, а не імітаваць барацьбу, як, напрыклад, гэта было ў 2006 годзе. Трэба ісці на выбары, а потым здолець адстаяць уласны выбар.
Валерый УХНАЛЁЎ, намеснік старшыні Партыі камуністаў Беларускай:
— Гэтую прапанову падтрымліваць нельга. З той прычыны, што ўдзел у выбарчай кампаніі на сённяшні дзень застаецца легальнай магчымасцю для сустрэч з людзьмі для тых палітычных сіл, якія не падтрымліваюць курс, што праводзіць дзеючая ўлада. Не выкарыстоўваць такі шанц — гэта глупства. Праўда, яго трэба выкарыстоўваць, разумеючы, што выбараў, па сутнасці, у Беларусі няма...
Аляксей ЯНУКЕВІЧ, старшыня Партыі БНФ:
— Пакуль пагадзіцца з такой прапановай нельга. Вызначальным момантам павінны стаць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Калі і сапраўды будуць бачныя пэўныя крокі да дэмакратызацыі выбарчага працэсу, як, напрыклад, наяўнасць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі, магчымасць адкрытага падліку галасоў — гэта адно. А вось калі мясцовыя выбары пройдуць па сцэнарыі, напісаным уладамі, то тады можа быць прынята рашэнне і наконт выбараў прэзідэнцкіх. Калі не будзе відавочнай дэмакратызацыі, то можна будзе разглядаць пытанне аб байкоце прэзідэнцкай кампаніі...
Віталь ГАРБУЗАЎ
19 студзеня 2010 г. (№7-8 (3137-3138))
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме