09:45 19.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЗГРАЯ
Не было раніцы, каб каго-небудзь з журналістаў "Народнай Волі" яшчэ да пачатку рабочага дня не чакалі людзі. У адзін такі дзень у рэдакцыю з Гомеля прыехала ўжо немаладая жанчына — маці аднаго з арыштаваных па так званай "паляўнічай справе" Галіна Баранава. І прывезла нам свой аповед пра тое, што ўсе гэтыя арышты — вынік вайны паміж мясцовым КДБ і міліцыяй: міліцыянеры нібыта назбіралі кампрамату на прадстаўнікоў спецслужбы, а тыя, каб прыкрыць скандал, наўпрост арыштавалі ўсіх, хто меў дачыненне да гэтай праверкі. А вось падставу для арыштаў выбралі "нейтральную" — незаконнае паляванне. Не на людзей — на дзікіх звяроў.
Кожны дзень у рэдакцыю прыходзяць, прыязджаюць, пішуць, тэлефануюць людзі з падобнымі гісторыямі. Кожны дзень мы іх выслухоўваем, чытаем іх дакументы і звароты да розных афіцыйных асоб з просьбамі аднавіць справядлівасць альбо вырашыць нейкую праблему. Што можам — робім. Хаця і мы, і нашы наведвальнікі добра разумеем, што прэса не ўсясільная, асабліва ва ўмовах беларускага Закона аб СМІ, які напісаны так, што з цябе вытрасуць і душу, і грошы, калі толькі ты надрукуеш хоць нейкую інфармацыю, не падмацаваную доказамі і дакументамі. А яшчэ і газету прыкрыюць. Бо галоўнае правіла любога недэмакратычнага рэжыму: сябрам — усё, ворагам — закон. Тыя, хто не ўсхваляе норавы сённяшняй кіруючай эліты ў Беларусі, — ворагі. Таму і ідуць людзі калонамі да недзяржаўных журналістаў у пошуках праўды. Ім больш няма куды ісці. З афіцыйных структур яны атрымоўваюць толькі адпіскі, з іхнімі праблемамі ніхто і разбірацца не хоча, іх лісты і скаргі адфутбольваюць без тлумачэнняў і аргументаў, прычым часцяком адказы пішуць тыя самыя чыноўнікі, на якіх чалавек скардзіўся.
Прыблізна з такой бядой прыйшла да нас і Галіна Баранава. З жанчынай размаўляла Марына Коктыш. Уважліва выслухаўшы, патлумачыла, што для газеты матэрыял напісаць нельга, бо не хапае доказаў. Паспачувала, параіла звярнуцца, калі будзе нейкая новая інфармацыя, выказала словы падтрымкі...
Вось і ўся гісторыя, якая мае, аднак, проста неверагодны, сенсацыйны, скандальны працяг. Такі, што сёння ўжо ўсе аўтарытэтныя журалісцкія арганізацыі свету гавораць пра Беларусь як пра паліцэйскую дзяржаву.
…Ці ў той самы дзень, ці ў іншы (ужо цяжка прыпомніць) у інтэрнеце, на сайце "Хартыя-97", з'яўляецца матэрыял пра тое, што сваякі міліцыянераў, арыштаваных па "паляўнічай справе", падрыхтавалі зварот да старшыні Еўрапарламента Ежы Бузека і маюць намер скардзіцца яму на беззаконне, якое творыцца ў нашай краіне. Яшчэ праз некалькі месяцаў на сайце "Белорусский партизан" з'явілася інтэрв'ю з капітанам міліцыі, які выконваў абавязкі начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй МУС і лічыўся адным з самых набліжаных да тагачаснага міністра Уладзіміра Навумава людзей — Вячаславам Дудкіным. Гэтага Дудкіна, расказваюць, КДБ таксама хацеў арыштаваць па "паляўнічай справе", бо гэта пад ягоным кіраўніцтвам працавалі гомельскія міліцыянеры, але капітан даведаўся, што рыхтуецца арышт, і паспеў збегчы з краіны. Назва матэрыяла з беглым капітанам міліцыі гаворыць сама пра сябе: "Капітан Дудкін: справу аб паляванні выкарысталі, каб схаваць карупцыю на самым версе".
Шчыра скажу, я з вялікай цікавасцю прачытала абодва вышэйназваныя матэрыялы, бо "паляўнічая справа", якую адразу засакрэцілі, з'яўляецца адной з самых гучных за апошні час. Не кожны дзень такое здараецца! На той падставе, што міліцыянеры незаконна забілі рысь, былі арыштаваны галоўныя барацьбіты з карупцыяй УУС Гомельскай вобласці. Гэта потым, пасля закрытага суда, высветлілася, што судзілі іх усё ж не столькі за паляванне на дзікіх звяроў, колькі за "паляванне на людзей" — нібыта яны незаконна збіралі інфармацыю на супрацоўнікаў КДБ.
Напэўна, з цікавасцю прачытаў гэтыя матэрыялы і на той момант кіраўнік Гомельскага УКДБ, які цяпер прызначаны на аналагічную пасаду ў Гродне, генерал Іван Корж. Для пачатку Корж падаў іск у гомельскі суд супраць Галіны Баранавай, каб абараніць свае гонар і годнасць. За той самы зварот у Еўрапарламент, паколькі жанчына і не адмаўлялася, што пісала яго. Суд генерал выйграў, але палічыў, што гэтага мала, яму спатрэбіўся большы рэзананс. Літаральна напярэдадні Новага года, 31 снежня, была ўзбуджана крымінальная справа па факце распаўсюджання ў інтэрнеце нібыта паклёпніцкіх матэрыялаў на паважанага генерала. За расследаванне ўзялося Гомельскае УУС.
Па відавочнай справе разгарнулі цэлае следства, якое з Гомеля перакінулася ў Мінск. Можа, ім няма чым займацца, можа, яны дрэнна вучыліся на юрыдычным факультэце, але ўзбуджаная справа па артыкуле КК "Паклёп" перакінулася на людзей, якія проста не могуць мець да яго ніякага дачынення. Справа ў тым, што гэта вельмі канкрэтны артыкул, які прадугледжвае вельмі канкрэтны "склад злачынства".
Так, пра чалавека можна распаўсюдзіць лухту — непраўдзівыя звесткі. У гэтым няма крыміналу, хаця адміністрацыйнае пакаранне прадугледжваецца — часам штрафам, а бывае дастаткова прынесці пакрыўджанаму прабачэнні. А вось паклёп — гэта калі вы ведаеце праўдзівую інфармацыю, але свядома, заведама распаўсюджваеце лжывыя звесткі. Тую ж Галіну Баранаву ў паклёпе на Івана Каржа абвінаваціць было проста нельга, бо яна не мела дачынення да праверкі маёмасных, фінансавых і іншых спраў генерала. Пісала ў лісце пра тое, што чула, і верыла таму, што чула. Вось і пакаралі жанчыну за распаўсюджванне непраўдзівых звестак. Капітан Дудкін, як можна зразумець з ягоных інтэрв'ю, меў дачыненне да праверкі. Калі тое, што ён расказвае, няпраўда, то менавіта яго фармальна можна абвінаваціць у паклёпе. Але, як нядаўна заявіў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, "Дудкіна ніхто не шукае". У той жа час…
Крыху больш за месяц таму ў рэдакцыю газеты "Народная Воля" літаральна ўварваліся агрэсіўныя маладыя людзі ў цывільным і, загадаўшы ўсім "выключыць мабільныя тэлефоны", паведамілі, што яны маюць санкцыю на вобыск працоўнага месца Марыны Коктыш. Забралі камп'ютэр. Праз некалькі дзён я падыходзіла да дзвярэй сваёй кватэры, калі з верхняга лесвічнага пралёту "зваліліся" хлопцы з навіной, што яны маюць загад шукаць і ў маіх дамашніх камп'ютэрах інфармацыю пра Івана Каржа. Прычым увогуле без якіх-небудзь пытанняў: ці я ведаю, хто такі Корж; ці сустракалася хоць з адным чалавекам, які хоць бокам, хоць вокам меў дачыненне да Каржа і да "паляўнічай справы"…
Шчыра кажучы, у рэдакцыі мы да ўсяго гэтага паставіліся несур'ёзна, як да нейкага відавочнага глупства. Ну, абмеркавалі паміж сабой, ну, падзівіліся, але нават у газеце вырашылі нічога не публікаваць — неяк няёмка пісаць пра саміх сябе, тым больш у сітуацыі, калі прычынай стала нейкая недарэчнасць. Але 16 сакавіка журналістаў Мінска проста накрыла хваля аблаў і вобыскаў, і адразу стала зразумела, што адбываецца не глупства і не недарэчнасць, а спецаперацыя. Людзі ў цывільным уварваліся ў кватэру, якую арандуюць хлопцы і дзяўчаты, што робяць сайт "Хартыя-97". Некаторыя з "візіцёраў" нават твары хавалі пад чорнымі маскамі. Уварваліся з такім напорам, што наша калега Наталля Радзіна зараз ходзіць з фіялетавым вокам — яе ўдарылі па твары.
Практычна адначасова "брыгада" прыйшла з вобыскам у кватэру карэспандэнта расійскай "Новой газеты" ў Беларусі Ірыны Халіп… Вынеслі камп'ютэры "Хартыі", прыехалі ў "Народную Волю", каб забраць мой працоўны камп'ютэр… Марына Коктыш выходзіла з работы — яе запрасілі праехаць па маршруце "работа—дом": тут ужо была санкцыя на вобыск кватэры… Скончылі вобыск у кватэры Халіп — паехалі да яе мужа, палітыка Андрэя Саннікава. У рэшце рэшт абшукалі і кватэру Наталлі Радзінай…
Што гэта? Ці яны звар'яцелі? Ці ў нашай краіне ўжо кіруе нейкая хунта, якая без усялякіх падстаў можа ўварвацца да любога і любога абшукаць?
Згодна з законам, для вобыску павінны быць падставы. Прычым не чыесьці фантазіі ці так званая "аператыўная інфармацыя" (бо пад гэтую фармулёўку праваахоўнікі вельмі любяць падводзіць свае домыслы), а канкрэтныя доказы, якія грунтуюцца на канкрэтных фактах і сведчаннях.
Узровень доказаў у маёй сітуацыі прапаную ацаніць кожнаму чытачу газеты. Згодна з пастановай, мае камп'ютэры забіралі на той падставе, што яны маюць інфармацыю, нібыта я з'яўляюся рэдактарам… сайта "Хартыя-97". Вось дзіва! А чаму не сайта Адміністрацыі прэзідэнта альбо тэрарыстычнай арганізацыі Аль-Кайеда?.. Шчыра сказаць, я ўвогуле даведалася, дзе знаходзіцца офіс "Хартыі", толькі ў дзень вобыскаў, калі стала вядома пра здарэнне і журналісты склікалі адзін аднаго на месца падзей.
Але справа нават не ў гэтым. А каб мы і пісалі матэрыялы на гэтыя сайты?! І што?! У гэтым жа няма ніякага крыміналу. Як кажуць, маем законнае права!.. Як да журналістаў да нас з Марынай могуць быць прэтэнзіі толькі па артыкулах у газеце "Народная Воля", бо мы тут працуем, тут мы журналісты, тут мы абавязаны прытрымлівацца патрабаванняў Закона аб сродках масавай інфармацыі і перш чым надрукаваць чый-небудзь зварот, абавязаны правесці ледзь не расследаванне. Але як толькі я пішу ліст сябру, абмяркоўваю падзеі са сваякамі альбо дзялюся нейкай навіной праз інтэрнет — тут, прабачце, я ўжо магу не выбіраць слоў. Тут я, як і ўсе звычайныя людзі, не маю ні абавязкаў, ні паўнамоцтваў праводзіць расследаванні. Як і ўсе людзі, праз інтэрнет-дзённікі, каментарыі і таму падобнае я магу расказваць пра тое, што чула, што бачыла, з чым сутыкнулася.
Падабаецца гэта некаму ці не, але на тое і быў створаны інтэрнет, і так у ім кантактуюць адно з адным людзі ва ўсім свеце. І каб да мяне прыйшлі сваякі арыштаваных міліцыянераў, то я абавязкова б "выдала" калі не праз газету, то праз інтэрнет інфармацыю, што людзі абураны і маюць намер дайсці да Еўрапарламента, каб расказаць пра беззаконне. Скажу больш: калі б я сустрэла збеглага Дудкіна (хоць у Маскве, хоць у Нью-Йорку), то вытрасла б з яго душу, але дабілася б, каб ён патлумачыў, за што счапілася паміж сабою гэтая зграя, што яны дзеляць — уладу, грошы, палюбоўніц?
Можа, каму і хочацца, каб уся краіна гаварыла і думала аднолькава, каб пляскала ў далоні любому глупству кіраўнікоў, каб людзі не тое што дзейнічаць — думаць не па разнарадцы баяліся. Але я гэтага не хачу і ўпэўнена, што ператварыць Беларусь у паліцэйскую дзяржаву мараць толькі недапечаныя. І як грамадзянка сваёй краіны я маю права ні ў кога не пытацца, правільныя мае разважанні ці не, не прасіць ні ў кога дазволу, каб імі падзяліцца з іншымі. Канстытуцыя гарантуе ўсім нам права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі, свабоду меркаванняў і права на іх выказванне. На мой погляд, у гэтым сэнсе Закон аб СМІ супярэчыць Канстытуцыі і павінен быць адменены.
Але ў дадзеным выпадку Закон аб СМІ ўвогуле не мае да сітуацыі дачынення. Бо крымінальная справа ўзбуджана за артыкулы ў інтэрнеце. А пагроза прыцягнення аўтараў да крымінальнай адказнасці па крымінальным артыкуле "Паклёп" — гэта ўвогуле сведчанне неразумення таго, што маецца на ўвазе ў гэтым артыкуле. Бо вы, даражэнькія, спачатку азнаёмце нас — мяне, Коктыш, Радзіну, Халіп — з матэрыяламі "паляўнічай справы", з матэрыяламі праверкі дзейнасці і законнасці набыцця маёмасці генералам Каржом і ягонымі сваякамі, дачакайцеся, якія рэпартажы мы ў выніку напішам, а ўжо потым будзеце рабіць высновы. Гарантую: паклёпу не будзе — напішам праўду і толькі праўду. Бо для таго, каб абвінаваціць у паклёпе, нагадваю, спачатку трэба даказаць, што чалавек ведаў праўдзівую інфармацыю, а потым наўмысна сказіў яе.
Дарэчы, нас і не абвінавачваюць у паклёпе, бо гэта зусім ужо было б глупствам. Але нам і не тлумачаць нічога. Але калі ўжо з-за разборак паміж гомельскімі кадэбэшнікамі і міліцыянерамі падняўся такі вэрхал на ўвесь свет, то я лічу, што цывілізаваным выйсцем з сітуацыі было б наступнае:
1.Каб не засталося ніякага сумневу, каб не было двухсэнсоўнасці, прызначыць паўторную праверку адпаведнасці даходаў Івана Каржа ягонай маёмасці і маёмасці членаў сям'і генерала, а таксама дзейнасці Гомельскага УКДБ пад ягоным кіраўніцтвам у той частцы, якая не мае дачынення да дзяржаўных сакрэтаў, і абавязкова ўключыць у склад правяраючых Святлану Калінкіну, Марыну Коктыш, Наталлю Радзіну, Ірыну Халіп — тых, хто нібыта пакрыўдзіў Каржа. Прычым мы абавязуемся пісаць праўду і толькі праўду.
2.Калі ўжо "паляўнічая справа" ператварылася ў "паляванне на журналістаў", калі яна атрымала такі шырокі рэзананс, то ўлада цяпер проста абавязана яе рассакрэціць і дапусціць да вывучэння матэрыялаў незалежных журналістаў і праваабаронцаў. Тым больш што следства скончана, суд адбыўся, усе доказы сабраны, аргументы і контраргументы прагучалі. Іншымі словамі, адкрытасць будзе толькі спрыяць аднаўленню справядлівасці, саб'е хвалю чутак і домыслаў вакол гэтай справы, супакоіць грамадства.
3.Тэрмінова вярнуць журналістам адабраную тэхніку, бо камп'ютэры — гэта наш працоўны інструмент. Адначасова пракуратура магла б вывучыць сітуацыю з пункту гледжання артыкулаў Крымінальнага кодэкса "Перавышэнне ўлады", "Перашкоды для законнай дзейнасці журналіста", "Правядзенне заведама незаконнага вобыску" і іншыя. Але мы не крыважэрныя: калі пракуратура проста правядзе "лікбез" для сілавікоў усіх узроўняў, падчас якога патлумачыць, у якіх выпадках па законе можа празначацца вобыск і як, зноў жа, па законе ён павінен праходзіць, нам будзе дастаткова. Дарэчы, юрысты ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у сваім звароце да генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча звярнулі ўвагу на незаконнасць такіх беспадстаўных аблаў.
Але генпракурор пакуль нават ні слова не адказаў. У яго свае праблемы з той жа оперы. Справа ў тым, што ў нашай краіне адбылася яшчэ адна неверагодная і беспрэцэдэнтная падзея. Як паведамляла наша газета, у гэтым годзе ўступілі ў сілу змены ў заканадаўстве, згодна з якімі МУС, КДБ, Дэпартаменту фінансавых расследаванняў зараз не трэба браць у пракурораў санкцыю на арышт альбо вобыск той ці іншай асобы, яны зараз самі сабе могуць такія санкцыі выпісваць. Як вынік — КДБ арыштаваў старшага следчага Генпракуратуры Святлану Байкову, якая вяла гучныя справы, фігурантамі па якіх праходзяць былыя і цяперашнія супрацоўнікі КДБ. Сапраўды, толькі ў нас такое можа быць: пракурор пачынае цікавіцца "дзеячамі з КДБ" — а КДБ у адказ выпісвае сабе санкцыю на арышт гэтага пракурора. Рыгор Васілевіч паспрабаваў уступіцца за Байкову, абскардзіў яе арышт у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Але… Суд не палічыў неабходным прыслухацца да меркавання генпракурора!
Ад таго, што адбываецца, юрысты проста бяруцца за галаву, бо гэта ўсё падзеі аднаго кшталту і, гаворачы па-руску, беспредел. Ужо ёсць звесткі, што паколькі некаторыя падрабязнасці "справы Байковай" апынуліся ў інтэрнеце, пачаўся пошук тых, хто мае да гэтага дачыненне. Нам што, зноў чакаць візіцёраў з санкцыямі на вобыск?..
Спыніць гэтыя войны, спыніць гэтыя расправы можа толькі публічнасць. Таму людзі, якія ўсё гэта твораць, кідаюцца на журналістаў, спрабуючы праўдамі і няпраўдамі пазатыкаць рты. Гэта ж як добра б ім было, каб мелі ўпэўненасць: можна рабіць што заўгодна, і ніхто пра гэта не даведаецца. Хацелася б, каб і кіраўніцтва дзяржавы нарэшце зразумела, што няма больш дзейснага сродку ў барацьбе з карупцыяй і беззаконнем, чым публічнасць. Усе іншыя метады — гэта толькі вайна кланаў, помста і імітацыя спробы "ачысціць шэрагі дзяржслужачых" ад пярэваратняў.
Калі Аляксандр Лукашэнка сапраўды хоча з карупцыяй змагацца і ачысціцца ад жулікаў у сваім атачэнні, то ён павінен спыніць гэтую зграю і прыслухацца да прапаноў дапусціць незалежных журналістаў да самых скандальных спраў апошняга часу. Ён абавязаны рабіць гэта, каб навучыць тых, хто сёння нібы з ланцуга сарваўся, і на будучае. Ён дакажа такімі дзеяннямі, што не апрычнікі галоўныя ў краіне, а закон. Ну а калі не, калі зробіць выгляд, што так і трэба, што галоўны закон сённяшняй Беларусі — права сілы, нахабства і свавольства, то гэтая зграя рана ці позна зжарэ і яго, і дзяцей ягоных. А потым пачне цкаваць і ўнукаў…Святлана КАЛIНКIНА "Народная Воля"
()
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме