18:45 30.01.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ЗАЯВА БАРЫСАЎСКАЙ АРГАНIЗАЦЫI БСДП

ЗАЯВА БАРЫСАЎСКАЙ АРГАНIЗАЦЫI БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫI (ГРАМАДА) З НАГОДЫ ГІБЕЛІ 28 СТУДЗЕНЯ ШАСЦІ БАРЫСАЎЧАН З-ЗА ПРАВАЛАЎ У ПРАЦЫ ГАРАДСКIХ КАМУНАЛЬНЫХ СЛУЖБАЎ

Улады Барысава паказалі ў чарговы раз сваю халатнасць і бездапаможнасць у вырашэннi праблем горада. 28 студзеня ў былым ваенным гарадку Лядзішча загінулі паўтузіна чалавек, уключаючы сям'ю з двума непаўналетнімі дзецьмі. Іх гібель стала следствам злачыннай халатнасці ў працы муніцыпальных структур, у выніку чаго праваахоўными ворганамі распачата крымінальная справа па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Службовая халатнасць».

Барысаўская арганізацыя БСДП са шкадаваннем канстатуе, што адзінае, што можа паспяхова рабіць мясцовая ўлада, гэта душыць ўсяляк канстытуцыйныя правы грамадзян, напрыклад, права на свабоду слова ці правядзенне пікетаў і мітынгаў. За апошняе дзесяцігоддзе закрыта буйное незалежнае друкаванае выданне «Кур'ер з Барысава» з шматтысячным штотыднёвым накладам, а іншая незалежная газета «Барысаўскія навіны» выкінутая з дзяржаўных кіёскаў «Белсаюздруку» і вымушана распаўсюджваць сваю прадукцыю праз уласную сетку гандлёвых распаўсюднікаў. Сотні разоў дэмакратычныя актывісты за гэтыя гады былі кінутыя ў турмы ці аштрафаваныя ў адміністрацыйным парадку па надуманых матывах толькі за тое, што выходзяць на вуліцы і плошчы з пікетамі і мітынгамі пратэсту супраць рэжыма асабістай улады прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Тым часам гарадская гаспадарка прыходзіць ва ўсё большы заняпад. Напрыклад, штогод павінны правярацца дымавыя вентыляцыйныя каналы жылых дамоў на іх працаздольнасць спецыялізаванай арганізацыяй, аднак многія барысаўчане ніколі не бачылі ў вочы яе прадстаўнікоў. Калі б яны спраўна працавалі, смяротнага атручвання ад угарнага газу, як сцвярджаецца афіцыйнай версіяй следства, ніколі б не адбылося.

У гэтай трагічнай сітуацыі барысаўскія сацыял-дэмакраты заклікаюць старшыню Барысаўскага райвыканкама Уладзіміра Мірановіча і яго намесніка, які адказвае за стан жыллёва-камунальнай гаспадаркі, неадкладна падаць у адстаўку яшчэ да абвяшчэння вынікаў следчых дзеянняў. Гэта нармальная практыка ў цывілізаваных краінах, калі адказныя кіраўнікі муніцыпалітэтаў знаходзяць у сабе мужнасць дабраахвотна ўзяць на сябе палітычную адказнасць за тыя ці іншыя буйныя катастрофы тэхнагеннага або іншага характару, якія адбыліся на даручанай ім тэрыторыі.

Аляксандр Абрамовіч, старшыня Барысаўскай арганізацыі БСДП.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме