10:02 28.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЗАХАД ЦІ УСХОД (?)
З чаго складаецца нацыянальная бяспека? Якія фактары ўплываюць на яе падтрыманне? Куды трэба рухацца Беларусі: на Захад ці на Усход? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў пятніцу ў Мінску падчас паседжання “круглага стала”.
На думку аднаго з арганізатараў мерапрыемства Яраслава Раманчука, гэтая тэма вельмі актуальная з улікам таго, што зараз у краіне распрацоўваецца новая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі:- У Беларусі распрацоўваецца канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, і згодна з нашай традыцыяй, мы як канструктыўная сіла робім свой уклад у гэтую дыскусію. Мы аналізуем рызыкі, якія ёсць у свеце, у рэгіёне. Рызыкі не толькі ваенныя, але і эканамічныя і палітычныя, а таксама экалагічныя і сацыяльныя. Нашыя эксперты і наш урад добра разумеюць тыя рызыкі, якія ў нас сёння існуюць. І на мой погляд, існуе вельмі вялізная розніца паміж тым, што рэальна з'яўляецца пагрозаю і на што трэба звяртаць увагу, і на што звяртаюць увагу нашыя ўлады. Гэта значыць, што грошы, якія можна было б скарыстаць для таго, каб было безумоўна стабільнае развіццё і не было сацыяльных і геапалітычных рызыкаў, мы выдаем на тое, што наагул магчыма было б і не фінансаваць. Таму дыскусія аб нацыянальнай бяспекі - гэта дыскусія бачання Беларусі ў рэгіянальным і глабальным кантэксце.
Пры гэтым эксперт адзначыў, што шмат хто з людзей памыляецца, калі думае, што нацыянальная бяспека – гэта толькі моц узброеных сілаў:
- Сёння танкамі, салдатамі ад ворага не абаронішся. Адное рашэнне, напрыклад, Цэнтральнага банка можа больш нанесці крыўды нашай эканоміцы, чым НАТА, якое таксама з'яўляецца такім д'яблам з боку гледжання ўладаў. На самой жа справе гэта зусім іншая структура, якая прапануе супрацоўніцтва з Беларуссю, і гэта было б добрым супрацоўніцтвам. Было б добрым крокам для мадэрнізацыі арміі і тых структураў, якія б маглі на гэтым зарабляць грошы. Пошук нішы Беларусі ў рэгіянальнай сістэме бяспекі з'яўляецца вельмі важным аспектам нашай працы.
Падчас дыскусіі разгарнулася нечаканая спрэчка паміж двума генераламі – Мячыславам Грыбам і Валерыем Фраловым. Першы лічыць, што Беларусь павінна ўвайсці ў НАТА, другі выступае за тое, каб Беларусь была разам з Расіяй ў АДКБ. Гаворыць Валерый Фралоў:
- Уваход у НАТА прадстаўляе нейкае эканамічнае ўзаемнае дзеянне і нейкую эканамічную супрацу з тымі краінамі, якія ўваходзяць у НАТА. У мяне такое адчуванне, што нас там не вельмі чакаюць, і мо то будзе кепскім параўнаннем, але ёсць такая краіна як Латвія і калісьці там была эканоміка, але зараз там сур'ёзны крызіс. Думаю, што наўрад ці можна чакаць ад Захаду таго, што ён зоймецца мадэрнізацыяй нашай эканомікі, нашых заводаў і інш. Я не бачу таго, чым мы іх можам цікавіць. Трэба мадэрнізацыя, рэканструкцыя нашай эканомікі, але на мой погляд гэта вядзе да знікнення моцных нашых пэўных заводаў. Не думаю я, што Еўрапейскі Саюз будзе нам дапамагаць у тым, каб мы тут мадэрнізірывалі, сталі моцным і канкурэнтнымі.
Мячыслаў Грыб з гэтым цалкам не згодзен:
- Мяркую, што АДКБ нам у прынцыпе анічога не дасць. Ніякай эканамічнай дапамогі і ніякай бяспекі не будзе, тут і казаць аб гэтым смешна. Я лічу, што НАТА - гэта стабільнасць нашага развіцця, нашай дзяржавы. Бо ўступленне ў НАТА нашых суседзей прыбалтаў дало ім магчымасць развівацца спакойна і не азірацца назад. Што датычна розных інвестыцый, то гэта трошкі іншае пытанне. Гэта не павязана з НАТА прама, а больш датычнае Еўрапейскага Саюза. Першы крок - НАТА. Інвестыцыі ў нас будуць, калі ў нас будзе рыначная эканоміка. Калі інвестары будуць ведаць, з кім яны маюць справу. Інвестары не хочуць мець аніякіх справаў з дзяржаўным капіталам.
Генералаў прымірыў амбасадар Венгрыі ў Беларусі Ференц Контра, які адзначыў, што зараз перад афіцыйным Мінскам стаіць не выбар паміж АДКБ і НАТА, а каштоўнасны выбар:
- Безумоўна, калі пытанне стаіць АДКБ ці НАТА, то мой выбар НАТА, як прадстаўніка краіны-члена НАТА. Але мне здаецца, што сёння гэтае пытанне для Беларусі не стаіць. Беларусь не стаіць перад такім выбарам, бо перш за ўсё стаіць пытанне абранне каштоўнасцей. І наколькі мне вядома, то такое пытанне не стаіць ва ўрадзе, там няма гутаркі аб дэмакратычных, еўрапейскіх каштоўнасцях. Я бачу, што Беларусь абрала іншы шлях. Уступ у АДКБ, Мытны саюз - гэта асазнаны выбар Беларусі сёння. Я не бачу ў бліжэйшы час нейкіх зменаў у гэтым.
Пры гэтым амбасадар Венгрыі падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі не хапае грамадскага абмеркавання гэтай геапалітычнай праблемы. І прапанаваў зладзіць яшчэ серыю падобных “круглых сталоў” з запрашэннем на іх прадстаўнікоў уладаў, амбасадараў і прадстаўнікоў экспертнай супольнасці.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме