22:17 02.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЗА ПАДРЫХТОЎКУ ДА ВЫБАРАЎ — НА ДОПЫТ У КДБ
У рэгіёнах удзельнікі выбарчай кампаніі з боку апазыцыі скардзяцца, што мясцовыя ўлады выкарыстоўваюць мэтады палітычнага перасьледу. Асаблівы ціск — на вылучэнцаў, якія складаюць альтэрнатыву прадстаўнікам улады. Пра канкрэтныя прыклады інфармуюць карэспандэнты «Свабоды».
МАГІЛЁЎШЧЫНА
Зборшчыка подпісаў дапытвалі тры гадзіны
Сёньня ў Бабруйску ў мясцовым аддзеле Камітэту дзяржаўнай бясьпекі цягам трох гадзін дапытвалі лідэра бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юрыя Грынявецкага. Ён — удзельнік выбарчай кампаніі. Зьбірае подпісы ў падтрымку аднапартыйца Андрэя Стасяловіча.
Паводле актывіста, фармальнай нагодай для выкліку стала замежная канфэрэнцыя сацыял-дэмакратаў у Друскеніках. Яна адбылася апошнімі днямі лютага. Сам жа ён зьвязвае допыт з выбарамі ў мясцовыя саветы:
«Гэта ж КДБ, іх цікавіць найперш, ці дапамагаюць замежнікі, ці дапамагаюць нам у гэтых выбарах, ці выдзяляюць яны нам нейкія грошы на выбары. Я там быў ня дужа гаваркім, у асноўным маўчаў. Сьледчы мне пагражаў нейкім артыкулам за нядачу зьвестак — штраф даць да пяцідзесяці базавых.
У выбарчай кампаніі мы ўдзельнічаем. Мы разам працуем на аднаго чалавека. Стасяловіча Андрэя. Гэта наш сацыял-дэмакрат з Бабруйску».
За актывістку БХД — 100 подпісаў пры неабходных 75
Яшчэ адну бабруйскую ўдзельніцу выбарчай кампаніі, актывістку незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вольгу Сьянаву зрабілі невыязной. Днямі яна спрабавала наведаць Кіеў, але перашкодзілі беларускія мытнікі:
«Зьнялі проста зь цягніка. Сказалі па тлумачэньні зьвяртацца ў органы міліцыі. У мяне ёсьць з чым гэта зьвязаць, але я праз тэлефон ня дужа хачу гаварыць пра гэта. А агульнымі словамі — падводзяць да крымінальнай справы. Запалохваньне, а раней шантажы былі страшныя».
Вольга Сьянава зьбіраецца балятавацца ў Бабруйскі гарсавет. Яна назьбірала ўжо больш за сто подпісаў у сваю падтрымку. Адмаўляцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі, пасьля таго як атрымала невыязны статус, яна не зьбіраецца.
На Магілёўшчыне гэта ня першы выпадак, калі мясцовыя хадэкі сутыкаюцца зь перасьледам з боку сілавых структураў. У лютым партыйнага актывіста з Горак Пятра Маланачкіна дапыталі па справе дачы хабару раённаму ваенкаму. Сыгнал пра гэта ваенная пракуратура атрымала ананімкай. Сын Пятра Маланачкіна Ільля вучыцца ў Польшчы, ён адзін з заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Ананімшчык нібыта запэўніваў пракуратуру, што Ільля Маланачкін не пайшоў у войска за хабар. Ананімшчыка паабяцалі знайсьці.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
«Канкурэнт дырэктара фабрыкі — шараговая працаўніца»
У вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну шараговая супрацоўніца мясцовай кардоннай фабрыкі набрала ініцыятыўную групу і зьбірае подпісы за вылучэньне сваёй кандыдатуры ў раённы савет.
Канкурэнт жанчыны-працаўніцы — дырэктар фабрыкі, дзе яна працуе. Зь першых дзён і на саму кандыдатку, і на яе ініцыятыўную групу пачаўся ціск з адміністрацыі прадпрыемства.
Спадарыня: «Ціснулі на маю ініцыятыўную групу, тлумачылі людзям, што я апазыцыянэрка, БНФ. Маўляў, ня ўмешвайцеся, бо гэта вялікая палітыка, ня стаўце за яе подпісы».
Пасьля таго як спадарыня паскардзілася ў раённую выбарчую камісію, ціск прыпыніўся. Са слоў спадарыні, у яе там нават папрасілі прабачэньня.
Тым ня менш яна настаяла, каб на радыё не называлі яе прозьвішча, бо дзеці працуюць паводле кантракту. Але заўважыла, што скарга аказалася дзейснаю.
Спадарыня: «Яны зрабілі для мяне лепей, бо цяпер усё мястэчка ідзе ставіць за мяне подпісы. Нават калі да каго не зайду, то тэлефануюць і просяць, каб прыйшла, бо хочуць паставіць подпісы».
У Мастах, са слоў мясцовага актывіста Алеся Зарэмбюка, улада цісьне як на прэтэндэнтаў на кандыдацтва і сябраў ініцыятыўнай групы, так і на іх сваякоў.
Праўда, са слоў спадара Зарэмбюка, улада робіць цяпер гэта такім чынам, каб застацца ў цені. А прэтэндэнты на кандыдацтва і сябры ініцыятыўных групаў баяцца адкрыта гэта пацьвердзіць.
Зарэмбюк: «Канкрэтных фактаў я назваць не магу, бо паабяцаў і аднаму, і другому чалавеку. Улада цяпер гэта робіць такім чынам, каб інфармацыя нікуды не трапляла, а людзей запалохваюць. Прычым ціск аказваюць не непасрэдна на іх, а знаходзяць блізкіх зь сям’і, хто найболей залежыць ад гэтай сыстэмы».
Нагадаю, што сябру АГП, Івану Круку з Астраўца двойчы адмаўлялі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Але ён пісаў скаргі ў Цэнтральную камісію, пасьля чаго групу зарэгістравалі. Цяпер ён зьбірае подпісы, нягледзячы на перашкоды.
02.03.2010 19:22Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме