21:00 20.10.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЗА ДЗЕНЬ РАСТАМОЖКА ПЯЦІГАДОВАГА АЎТО ВЫРАСЛА НА 25 МІЛЬЁНАЎ
Еўрарадыё даведалася, дзе больш не ўдасца зэканоміць на “мностве курсаў” пасля адзінай валютнай сесіі на Беларускай біржы.
Наяўнасць курса камерцыйнага ў абменніках і курса афіцыйнага дазваляла эканоміць на аплаце паслуг, валютны кошт якіх вылічваўся паводле курсу Нацбанка. Найперш гэта растаможка аўтамабіляў, якая вылічвалася ў еўра, але аплачвалася ў рублях па курсе галоўнага банка краіны.
Як паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле мытнага афармлення і кантролю №1 Брэсцкай мытні, кошт растаможкі аўтамабіляў мытнікі пачнуць лічыць паводле новага курсу Нацбанка. Як толькі ён у іх з’явіцца. Размова была ў абед.
“Зразумела, па новым (курсе Нацбанка вылічваецца кошт растаможкі — Еўрарадыё). Гэта скідваецца нам адразу ў электронным выглядзе і аўтаматычна адразу абнаўляецца”, — кажа супрацоўнік аддзела мытнага афармлення і кантролю.
Такім чынам, да пачатку валютнай сесіі 20 кастрычніка растаможка аўто ўзростам 5 гадоў і аб’ёмам рухавіка 1800 “кубікаў”, каштавала 50 мільёнаў 286 тысяч рублёў. Гэта пры кошце 3,5 еўра за “кубік” і курсе Нацбанка 7982 рублі. А цяпер растаможка каштуе 74 мільёны 970 тысяч рублёў пры курсе еўра 11900. Розніца — амаль 25 мільёнаў.
Для параўнання: роўна год таму афіцыйны курс еўра быў 4175, а растаможка таго ж аўто каштавала 3,5 мільёны. За год растаможка вырасла амаль на 71,5 мільёна!Згодна са словамі аўтаэксперта Сяргея Міхайлава, цяпер вазіць ужываныя аўто перастануць. Праўда, на завозе новых машын гэта “падаражэнне” ніяк не адаб'ецца.
Сяргей Міхайлаў:“На прывозе новых аўтамабіляў гэта адаб’ецца мінімальна — хто машыны набываў, то набываць і будзе, незалежна ад курсу долара. А на прывоз ўжываных гэта ўжо адбілася. Так што гэта працяг тэндэнцыі да спынення такога ўвозу. Толькі больш хуткімі тэмпамі”.
Дарэчы, пры мностве курсаў эканомілі на аплаце страхоўкі на сваё аўто. Калі па “старым” курсе Нацбанка застрахаваць тую ж пяцігадовую машыну каштавала 26,46 еўра альбо 211 тысяч рублёў, то ўжо зараз страхоўка каштуе амаль 315 тысяч.
Такім жа чынам эканомілі тыя, хто будаваў кватэры. У тым выпадку, калі кошт квадратнага метра быў у доларах, але аплачваць трэба было, згодна з дамовай з забудоўшчыкам, у рублях паводле курсу Нацбанка. Некаторы час таму за квадратны метр коштам, да прыкладу, 1100 долараў, людзі плацілі 6 мільёнаў 300 тысяч — па курсе 5730 за долар. А цяпер, пры курсе 8680 за долар, ён стаў каштаваць 9,5 мільёна. Зэканоміць больш як 3 мільёны на 1 квадратным метры не ўдасца.
Ну, і ўжо без усялякай эканоміі на розніцы курсаў самым бліжэйшым часам падаражэюць тыя тавары і паслугі, кошты на якія залежылі ад курсу Нацбанка.
Да прыкладу, эксперты прагназуюць рост ледзь не ў два разы коштаў на лекі. Павысяцца бліжэйшым часам і паслугі ЖКГ. Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дакументы для павышэння тарыфаў ужо падрыхтаваныя. Праўда, на колькі — не ўдакладнілі.
Падаражэюць квіткі на міжнародныя цягнікі — іх кошт вылічаецца ў залежнасці ад курсу швейцарскага франка. А вось квіткі на рэйсы кампаніі “Белавія” пасля ўвядзення адзінага курса валют могуць нават патаннець, кажа намеснік гендырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец.
Ігар Чаргінец:“Авіяцыйныя тарыфы на ўсе перавозкі з Беларусі Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарта рэгулюе, і яны публікуюцца ўсе ў еўра. Але што тычыцца “Белавія”, квіткі можна набываць і за еўра, і за долары, і за расійскія рублі, за фунты стэрлінгаў і — за беларускія рублі. А курс рэгулюецца Міжнароднай асацыяцыяй паветранага транспарта ў міжнароднай сістэме браніравання і продажу авіяквіткоў. Што тычыцца сённяшніх зменаў на біржы, то я мяркую, што заўтра курс (па якім вылічваецца кошт квітка ў беларускіх рублях — Еўрарадыё) будзе нават меншы, чым сёння”.
І дае параду тым, хто хоча “пагуляцца” на курсе: сённяшні курс еўра адбіваецца на кошце квіткоў толькі на наступны дзень.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме