10:45 28.09.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
З юбилеем, дарагая Валянціна Сяргееўна!
Дарагая Валянціна Сяргееўна,
мы, Вашы таварышы і аднадумцы, сардэчна вітаем і віншуем Вас у дзень Вашага юбілею.
У гэты дзень гожа адзначыць, што Вы, выпускніца гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, шмат і плённа працавалі і працуеце якдаследчыца нашай мінуўшчыны. Вывучаючы гісторыю насельніцтва Беларускага Палесся жалезнага веку і ранняга Сярэднявечча, Вы самастойна і ў супрацоўніцтве з калегамі выявілі і абследавалі каля 100 археалагічных помнікаў. З вынікамі сваіх даследаванняў Вы знаёмілі гісторыкаў і археолагаў публікацыямі ў навуковых зборніках, а таксама ў напісаных у суаўтарстве кнігах “Археалагічныя помнікі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці” (1994), “Старажытнае паселішча на Ясельдзе” (2012), “Прыпяцкае Палессе: ад старажытнасці да сучаснасці” (2013) і ў двухтомніку “Славяне на тэрыторыі Беларусі ў дадзяржаўны перыяд” (2016).
Вы былі членам рэдакцыйнай калегіі і аўтарам чатырохтомнай акадэмічнай “Археалогіі Беларусі” (1997–2001), Вашы артыкулы змешчаны ў такіх аўтарытэтных выданнях, як энцыклапедыя “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (1993), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (1993–2003), энцыклапедыя “Археалогія Беларусі” ў двух тамах (2009–2011).
Вывучаючы нашы старажытнасці, Вы даследавалі таксама гісторыю археалагічнай навукі ў Беларусі. Напісаная Вамі ў 1984 годзе дысертацыя “Развіццё археалагічнай навукі ў БССР (1919–1939)” стала першай спробай манаграфіі на гэтую тэму. У 1992 годзе, у новых гістарычных умовах, сваю працу “Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919–1941 гг.” з уключэннем у яе асобнай главы пра археалагічныя даследаванні ў Заходняй Беларусі Вы выдалі асобнай кнігай.
Сваімі ведамі Вы дзяліліся са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе Вы вялі спецкурс “Археалогія ранніх славян”, і Гродзенскага педагагічнага інстытута.
Асабліва мы адзначаем, што сёлета Вы былі “віноўніцай” яшчэ аднаго юбілею – 25-годдзя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). 2–3 сакавіка 1991 года Вы разам з Міхасём Ткачовым, Міхасём Чарняўскім, Алегам Трусавым ды іншымі сваімі калегамі ўдзельнічалі ў працы Устаноўчага з’езду нашай партыі. За Вашу грамадзянскую пазіцыю, вернасць прынцыпам сацыял-дэмакратыі Вас, кандыдата гістарычных навук, пазбавілі працы ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Але Вы не апусцілі рукі і працягваеце навуковую працу і па-за сценамі гэтай установы.
Віншуючы Вас з 70-годдзем, адзначаючы Ваш уклад беларускую гістарычную навуку, цэнячы Вашу працу ў партыі, мы жадаем Вам, дарагая Валянціна Сяргееўна, добрага здароўя, бадзёрага працоўнага настрою і новых творчых дасягненняў.
Прэзідыум
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады)
Мінскі гарадскі камітэт
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады)
28 верасня 2016 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме