01:16 16.10.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

З ВОЛАТАЎ ДУХУ

Калі б у мяне быў час і адпаведныя ўмовы, я б засеў пісаць грунтоўныя біяграфіі трох беларусаў: Антона Луцкевіча, Усевалада Ігнатоўскага ды Аркадзя Смоліча. Апошні, маладзейшы з гэтых трох, быў намеснікам і прэм’ер-міністра БНР Луцкевіча, і старшыні Інстытута беларускай культуры Ігнатоўскага. Скажуць: пра Смоліча і Ігнатоўскага маюцца кніжкі і грунтоўныя артыкулы Арсеня Ліса, Андрэя Болатава, Генадзя Рыдзеўскага, Іларыёна Ігнаценкі, Аляксея Караля... Ёсць, але нашы веды пра іх з кожным годам абагачаюцца, адчуваецца патрэба ў новым паказе і асэнсаванні іх даробку.

ПЫТАННІ

У біяграфіі, бадай, кожнага дзеяча маюцца “белыя плямы”.

Вядома, што першае выданне Смолічавай “Геаграфіі Беларусі” ўбачыла свет у 1919 г. у Вільні. У гэтым горадзе Аркадзь Смоліч жыў і працаваў да 1922 г. Я дагэтуль не атрымаў адказу на пытанне: што змусіла яго пераехаць у БССР?

Яго прывеціў у Мінску сам Усевалад Ігнатоўскі. Ён стане сябрам калегіі Народнага камісарыяту земляробства і “правай рукой” Ігнатоўскага ў Інстытуце беларускай культуры. Разам з Усеваладам Ігнатоўскім, Сцяпанам Некрашэвічам і Вацлавам Ластоўскім ён будзе складаць статут Беларускай акадэміі навук, будзе з Некрашэвічам выбіраць месца для гмаху Акадэміі. Ігнатоўскі стане прэзідэнтам Акадэміі, Некрашэвіч – віцэ-прэзідэнтам, Ластоўскі – неадменным сакратаром, а Смоліч застанецца “шараговым” прафесарам, загадчыкам кафедры. Не трапіць у склад Акадэміі і іншы правадзейны сябар Інбелкульта, аўтар выдатнай працы “Западно-руссизм» Аляксандр Цвікевіч. Чаму? Толькі таму, што да Цвікевіча недружалюбна ставіўся Ігнатоўскі, а ён, Смоліч, з Цвікевічам сябраваў?

МАШТАБ АСОБЫ

Мой дзядзька Пятрук, якому “пашчасціла” сядзець за кратамі і за Польшчаю (Картуз-Бяроза), і за немцамі (як помніцца, целяханская СД), і за саветамі (Калыма), казаў мне: СД адрознівалася ад НКУС тым, што першыя выбівалі з падследнага праўду, а другія катаваннямі змушалі  падпісаць няпраўду.

Вывучаючы гісторыю, я прыйшоў да высновы, што такое ж адрозненне было паміж царскай ахранкай і НКУС. Уяўляю, які шок перажывалі былыя “кліенты” ахранкі, калі траплялі ў лапы ДПУ – Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, якое папярэднічала НКУС. Шок, упэўнены, перажыў і А. Смоліч, якога ў справе міфічнага “Саюзу вызвалення Беларусі” арыштавалі адным з першых. Якая ж гэта была радасць малаграматнаму сыну якога-небудзь дворніка ці лёкая паздзекавацца з інтэлігента! Праўдападобна, што шакаваны прафесар БДУ, загадчык кафедры геаграфіі ў Беларускай акадэміі навук у першы момант сказаў не тое, што ведаў і думаў, а тое, што патрабавалася ГПУ. Такую выснову я зрабіў з матэрыялаў следчае справы Смоліча, апублікаваных у першай палове 1990-х у часопісе “Полацак” (Кліўленд, штат Агаё, ЗША) Уладзімірам Міхнюком і Аляксандрам Макарэвічам.

Аркадзь Смоліч хутка зразумеў, у якую пастку яго заганяюць, і ва ўласнаручных паказаннях адмовіўся ад сваіх “прызнанняў”. Зрэшты, не ён адзін быў такі арыштант. Але ён быў адзіны з арыштаваных дзеячаў беларускае культуры (і на гэта звяртае ўвагу Арсень Ліс), каго бальшавікі хацелі зрабіць “кіраўніком” імі ж прыдуманага “СВБ”, бо ранейшыя кандыдаты на гэтую “пасаду” адпалі: Янка Купала паспрабаваў учыніць харакіры, а Усевалад Ігнатоўскі застрэліўся.

Вядома, што сваёй віны не прызнала большасць арыштаваных беларускіх дзеячаў, але менавіта ўчынкі першага сярод песняроў Беларусі і першага прэзідэнта Акадэміі, а таксама адмова А. Смоліча ад супрацоўніцтва з ГПУ не далі бальшавікам магчымасці наладзіць паказальны публічны працэс у справе “СВБ”. (Пазней, зазначу ў дужках, наладзіць судовы спектакль не далі кіраўнікі БССР Аляксандр Чарвякоў і Мікалай Галадзед, якія скончылі жыццё самагубствам.)

ФАКТЫЧНЫ ПРАВАДЫР

У 1915 г. лінія фронту разрэзала Беларусь на дзве часткі: паднямецкую і падрасійскую. З аднаго ліста Аркадзя Смоліча мы ведаем: задоўга да прыходу немцаў на заходнія землі Беларусі было вырашана, што сябры Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыялістычнай Грамады браты Іван і Антон Луцкевічы, а таксама Цётка застануцца ў Вільні. На каго было ўскладзена кіраўніцтва партыяй на падрасійскай тэрыторыі – невядома. Ва ўсякім разе ні Вацлаў Іваноўскі, ні Аляксандр Уласаў у 1917 г., калі партыя выйшла з падполля, ніяк сябе не праявілі. Алесь Бурбіс, яшчэ адзін з абраных кіраўнікоў БСГ, сам узначаліць партыйную працу не мог. Бяру на сябе смеласць сцвярджаць, што фактычным правадыром партыі стаў Аркадзь Смоліч.

Ужо 25 сакавіка 1917 г. у Мінску з яго ініцыятывы адбылася канферэнцыя арганізацый БСГ. Яна выбрала Цэнтральнае Бюро, у склад якога ўвайшлі (падаю у тым парадку, як напісана ў дакуменце) Аркадзь  Смоліч, Іван Краскоўскі, Павел Аляксюк (Мінск), Браніслаў Тарашкевіч (Петраград) і Аляксандр Бурбіс (Масква). Краскоўскі неўзабаве з’едзе ва Украіну, Аляксюк адыдзе ад партыі, Тарашкевіч засяродзіцца на “Беларускай граматыцы для школ”, і застануцца толькі два актыўныя сябры Бюро: Смоліч ды Бурбіс. Ім на дапамогу прыйдзе амбітны Зміцер Жылуновіч, які пацягне партыйны воз у Піцеры. Праўда, Стары Піліп (падпольная мянушка і літаратурны псеўданім Бурбіса) пачне канфліктаваць з малодшымі таварышамі, і скліканне наступнай партыйнай канферэнцыі цалкам ляжа на плечы Смоліча і Жылуновіча.

На Петраградскай канферэнцыі ў чэрвені 1917-га было прынятае рашэнне (і пра гэта піша Смоліч) адхіліць ад кіраўніцтва Беларускім нацыянальным камітэтам Рамана Скірмунта. Праз месяц на з’ездзе беларускіх арганізацый і партый сябры БСГ выканаюць гэтае рашэнне. Замест БНК будзе створана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый.

Скажуць: ад кіраўніцтва рухам быў адхілены аўтарытэтны і добра вядомы ў Расіі палітык. Так. Але задамо пытанне: ці можна было б правесці Усебеларускі з’езд у снежні 1917-га, калі б на чале Рады (тады ўжо Вялікай) стаяў пан? Пытанне, па-мойму, рытарычнае.

Ідэя Усебеларускага з’езду агучваецца неўзабаве пасля бальшавіцкага перавароту. А перад самым пераваротам адбываецца ІІІ партыйны з’езд, які выбраў старшынёю ЦК БСГ Язэпа Дылу, а Смоліча – яго намеснікам.

На Усебеларускім з’ездзе Смоліч, як і Дыла, не надта прыкметныя. Іх праца – кулуарная. Грамада мела моцныя пазіцыі ў Мінскай губерні, яе падтрымлівала большасць бежанцаў і выгнанцаў з Віленскай і Гродзенскай губерняў, але бальшыня дэлегатаў ад Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў ішла за абмаскоўленымі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, якія, што праўда, таксама выступалі за самавызначэнне Беларусі. Трэба было дасягнуць папярэдняй міжпартыйнай згоды па кожным пункце пастановы З’езду аб самавызначэнні Беларусі і часовай краёвай уладзе. І згода была дасягнутая.

Праз нейкі час пасля З’езду А. Смоліч зноў становіцца на чале партыі, бо Я. Дыла стаў камуністам. У тым, што 20 лютага 1918 г. быў створаны Народны Сакратарыят, а 9 сакавіка абвешчана БНР, немалая заслуга Смоліча, які кіраваў фракцыяй БСГ у Радзе Усебеларускага з’езду, а з 19 сакавіка – у Радзе БНР. І калі 22 сакавіка 1918 г. у Мінск прыехала дэлегацыя Беларускай Рады ў Вільні, Івану і Антону Луцкевічам не давялося доўга пераконваць таварышаў па партыі ў неабходнасці абвяшчэння незалежнасці БНР. 23 сакавіка фракцыя БСГ у Радзе Рэспублікі прыме рашэнне аб падтрымцы прапановы Луцкевічаў, а ўвечары 24-га Аркадзь Смоліч выступіць на пасяджэнні Рады з дакладам, у якім абгрунтуе, чаму Беларусі патрэбна незалежнасць, а ўранку 25-га фракцыя БСГ пад яго кіраўніцтвам дружна прагаласуе абвяшчэнне Беларусі незалежнаю дзяржавай.

Макар Краўцоў пісаў, што Акт 25 Сакавіка быў лебядзінаю песняю БСГ. 1 траўня 1918-га (Дзень салідарнасці працоўных!) БСГ распадзецца. Віны Аркадзя Смоліча ў гэтым няма. Не ён падпісваў тэлеграму кайзеру Вільгельму ІІ, якая справакавала раскол. Зрэшты, не было б тэлеграмы – была б іншая зачэпка для выхаду эсэраў з БСГ: цесна ім было ў адной партыі з сацыял-дэмакратамі.

АЎТАР ПРАГРАМ

У той час ад лідэраў патрабавалася калі не быць тэарэтыкамі, дык мець грунтоўную тэарэтычную падрыхтоўку. А яшчэ лідэру належала быць публіцыстам.

Уладзімір Казбярук і Арсень Ліс вярнулі нам імя Аркадзя Смоліча як аўтара праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1919). Я ж хачу звярнуць увагу на тое, што 1917-м ён – як тэарэтык, распрацоўшчык партыйнай праграмы – стаў упоравень з Антонам Луцкевічам. Антон пісаў праграму для беларускіх сацыялістаў на паднямецкай тэрыторыі, Смоліч – на падрасійскай.

Сёння мне вядомыя, бадай, усе этапы падрыхтоўкі праграмы БСГ, прынятай ІІІ з’ездам партыі ў кастрычніку 1917-га ў Мінску. І я перакананы, што самы першы варыянт праекту праграмы належыць Смолічу. Я ні на хвіліну не сумняваюся, што гэта ён, Смоліч, надрукаваў апрабаваны Петраградскай канферэнцыяй БСГ тэкст праекту ў брашуры “Чаго хоча Беларуская Сацыялістычная Грамада” (Мінск, 1917).

Калі мець на ўвазе праграму БСГ 1917 г., дык тады лепш можна зразумець, як Аркадзь Смоліч “дарос” да таго, што стаў аўтарам праграмы БСДП у 1919-м. І першы, і другі дакументы з’яўляюцца выдатнымі помнікамі беларускай сацыял-дэмакратычнай думкі. Але не толькі помнікамі. У час новай эканамічнай палітыкі праграма БСДП часткова ажыццяўлялася ў БССР.

ДЫПЛОМНАЯ ПРАЦА

Як вядома, прадвеснікамі беларускага руху на пачатку ХІХ ст. былі уніяцкія паповічы – прафесары Віленскага універсітэта Ігнат Анацэвіч, Міхал Баброўскі ды Ігнат Даніловіч. На пачатку ХХ стагоддзя ў беларускі рух прыйшлі праваслаўныя паповічы Яўген Хлябцэвіч, Усевалад Ігнатоўскі, Пётра Крачэўскі ды іншыя.

Сын дыякана, хрышчоны сын аднаго бацюшкі і пляменнік другога, Аркадзь Смоліч таксама не пайшоў, як казалі тады, па “духовной части”. Паступіўшы пасля Мінскай духоўнай семінарыі Нова-Александрыйскі сельскагаспадарчы інстытут у Пулавах (Польшча), студэнт Смоліч у 1910 г. быў з яго выключаны, бо як сацыяліст не мог не ўзяць удзел у студэнцкіх хваляваннях. Магчымасць прадоўжыць вучобу з’явілася ў 1913 г., калі дом Раманавых адзначаў 300-годдзе свайго панавання і з гэтае нагоды многім палітычным была абвешчана амністыя.

Тэарэтычны курс інстытута Аркадзь Смоліч завяршыў у 1916 годзе. Але, каб атрымаць дыплом, належала прайсці практыку і напісаць дыпломную працу. Практыку прайсці ўдалося, але абараніць дыпломную не выпадала: то адна гістарычная падзея, то другая...

І вось, у 1924 г. экзаменацыйная камісія інстытута, які яшчэ ў 1914 г. пераехаў у Харкаў, атрымала працу студэнта. Але якога! Гэты студэнт за 8 год паспеў тройчы выдаць сваю “Геаграфію Беларусі”, напісаў даследаванне “Эканамічнае становішча Беларусі перад [першай сусветнай] вайной і рэвалюцыяй”; на падыходзе быў “Кароткі курс геаграфіі Беларусі”... (Няхай загаловак не падманвае чытача: “Кароткі курс” не менш ёмісты, чым трэцяе выданне “Геаграфіі Беларусі” – кнігі нагэтулькі беларускай, што яе ў рэшце рэшт забаранілі ў трох краінах: СССР. Польшчы і Латвіі.)

Дыплом Аркадзь Смоліч атрымаў за працу “Арганізацыя сельскай гаспадаркі ў Цэнтральнай Беларусі”, а ў наступным годзе за працу “Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі” ён атрымаў вучонае званне дацэнта і не менш ганаровы тытул заснавальніка беларускага ландшафтазнаўства.

ПАДБІТЫ Ў ПАЛЁЦЕ

У 1988 г. з друку выйшаў энцыклапедычны даведнік “Францыск Скарына і яго час”. Сярод іншых у даведніку маецца і артыкул прафесара Вячаслава Шалькевіча пра навуковы зборнік “Чатырохсотлецьце беларускага друку. 1525–1925”. У гэтым артыкуле мой настаўнік мусіў з цэнзурных меркаванняў выкасаваць прозвішча рэдактара таго ёмістага зборніка – Аркадзя Смоліча. Але ўжо праз тры гады географы Андрэй Болатаў і Генадзь Рыдзеўскі выдалі адмысловы бібліяграфічны даведнік “Аркадзь Смоліч”. Яшчэ праз дваццаць год бачыш, што ў тым даведніку не паказаны шмат якія працы вучонага і палітыка. З другога боку, калі пачынаеш выпісваць у слупок загалоўкі артыкулаў і кніг, якія напісаў або рэдагаваў ў 1920-х гг. правадзейны сябар Інстытута беларускай культуры А. Смоліч, нельга не задаць пытанне: дзе ён браў на ўсё гэта час? Напрошваецца адна выснова: працаголіку Смолічу было дадзена моцнае здароўе.

А. Смоліч адыграў немалаважную ролю ў станаўленні беларускага глебазнаўства. З яго ініцыятывы ў 1924 г. у Мінску адбылася канферэнцыя глебазнаўцаў, ён жа адрэдагаваў грунтоўны зборнік “Працы Першае Усебеларускае глебазнаўчае канфэрэнцыі”.

У 1924 г. А. Смоліч па заданні Народнага камісарыяту асветы арганізаваў і Цэнтральнае бюро краязнаўства. Ён жа адрэдагаваў зборнікі працаў Першага (1926) і Другога (1927) усебеларускіх краязнаўчых з’ездаў. Немалая яго заслуга і ў тым, што быў наладжаны выпуск папулярнага часопіса “Наш Край”.

Калі пра “Наш Край” згадваюць, бадай, усе даведнікі постасавецкага часу, дык пра яшчэ адзін часопіс, заснаваны з ініцыятывы А. Смоліча, няма артыкулаў ні ў Беларускай Энцыклапедыі, ні ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. А гэты часопіс – “Плуг” – быў і спараджэннем новай эканамічнай палітыкі ў Беларусі, і інструментам яе правядзення.

Назва “Плуг” прымушае згадаць часопіс “Саха”, які ў дарэвалюцыйны час выдаваў Аляксандр Уласаў (дарэчы, Уласаў быў той чалавек, які прывёў юнага Аркадзя ў Грамаду). Задача перад “Плугам” стаяла тая ж, што і перад “Сахою”: несці беларускім сялянам сельскагаспадарчыя веды на іх роднай мове. Адказным рэдактарам часопіса лічыўся народны камісар земляробства Зміцер Прышчэпаў, у склад рэдкалегіі ўваходзілі аграномы Сцяпан Тупяневіч (фактычны рэдактар) і Аркадзь Смоліч, а таксама нехта Э. Русецкі. Часопіс выходзіў са студзеня 1925-га па чэрвень 1929-га. У ліпені яму на змену прыйшоў часопіс “Шляхі калектывізацыі”. А праз год адказны рэдактар “Плуга” Прышчэпаў і сябар рэдкалегіі, адзін з ідэолагаў нэпаўскай аграрнай палітыкі ў БССР Смоліч будуць арыштаваныя.

...Ледзь не перад самым арыштам у Мінск прыйшла вестка, што за працы “Сельскагаспадарчыя раёны Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі ў 1927–1928 гадах” і “Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі Беларускае ССР” прафесару Аркадзю Смолічу прысуджаны Малы залаты медаль Расійскага дзяржаўнага геаграфічнага таварыства.

Ён быў у зеніце славы, у росквіце сіл і поўны творчых планаў. Яго падбілі ў палёце.

Анатоль Сідарэвіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме