00:16 14.07.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

З АДНЫМ АКТЫВІСТАМ БСДП ПРАВЯЛІ ПРАФІЛАКТЫЧНУЮ ГУТАРКУ, Ў ДРУГОГА ХАЦЕЛІ “АДКАТАЦЬ ПАЛЬЧЫКІ”

З магілёўскім актывістам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Максімам Кавалёвым напярэдадні чарговай “маўклівай акцыі” правёў прафілактычную гутарку ўчастковы лейтэнанат Андрэй Патапенка.

Максім адзначае, што зранку яму патэлефанавалі на гарадскі тэлефон.

“Супрацоўнік міліцыі сказаў, што ён атрымаў спісы асобаў, якія прымаюць удзел у “маўклівых акцыях” і мусіць іх абтэлефанаваць і папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння грамадскага парадку”, - расказвае актывіст.

“Ён паводзіў сябе вельмі нерашуча. Можна сказаць, прасіў паводзіць сябе карэктна. Такое ўражанне, што ўсё гэта ён рабіў "для галачкі". Тады я задаў яму пытанне – ці можна пляскаць у ладкі? Ён адказаў слізка – можаце рабіць што хочаце, толькі не парушайце грамадскі парадак. Як будзе расцэнена мая ініцыятыва па плясканні ў ладкі – гэта ўжо іншае пытанне. Пасля гэтага ён развітаўся і паклаў слухаўку”, - гаворыць Максім Кавалёў.

Лідэру магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігару Барысаву міліцыянты ўжо колькі дзён запар хочуць зрабіць дактыласкапію.

“Яны мне тэлефануюць і прапаноўваюць прайсці  гэтую працэдуру, - гаворыць Ігар Барысаў, - Цікава, што іхная ініцыятыва праяўляецца заўсёды падчас нейкай грамадска-палітычнай актыўнасці ў горадзе. Мінулы раз гэта была выбарчая кампанія, цяпер – “маўклівыя акцыі”.

“Я не хаваюся ад гэтай працэдуры, аднак па тэлефоннаму званку хадзіць на дактыласкапію не збіраюся, бо не магу так шмат часу патраціць на нейкія незразумелыя патрабаванні міліцыі, якія робяцца супраць волі людзей і абражаюць іх годнасць. Прыйдзе позва – будзе іншая размова”, - адзначае Ігар Барысаў.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме