17:15 26.04.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Высновы з дыпляматычнай вайны
Зь вяртаньнем эўрапейскіх амбасадараў дыпляматычную вайну можна лічыць скончанай. Надышоў час падводзіць вынікі, рабіць высновы.
Па-першае, беларускія ўлады ня ўмеюць пралічваць наступствы сваіх дзеяньняў. Яны пачалі дыпляматычную вайну, спадзеючыся яе выйграць. А ў выніку прайгралі.
Высылаючы амбасадараў Польшчы і Эўразьвязу, Менск хацеў прадэманстраваць сілу, даць жорсткі адпор Эўропе, раскалоць краіны ЭЗ па беларускім пытаньні, прымусіць іх да размарожваньня адносін на сваіх умовах.
Аднак выйшла ўсё наадварот. Сваімі няўклюднымі дзеяньнямі кіраўніцтва Беларусі падштурхнула ЭЗ да таго, што апошняму дасюль не ўдавалася: да адзінства і рашучасьці Эўропы ў адносінах да Менску.
Дагэтуль у Эўразьвязе доўга спрачаліся, ці трэба ўводзіць эканамічныя санкцыі. З пачаткам дыпляматычнай вайны ЭЗ гэтыя спрэчкі скончыў і пераступіў тую чырвоную лінію, пра якую казаў у лютым Лукашэнка. Былі ўведзеныя санкцыі ў адносінах да 29 беларускіх кампаній. І каб прыпыніць пашырэньне гэтых кропкавых санкцыяў, вярнуць сытуацыю да нулявога мэрыдыяну на 26 лютага, давялося вызваляць двух палітвязьняў. Іх трымалі, каб «купіць» адмену санкцыяў, а прыйшлося вызваляць, каб не ўвялі новых абмежаваньняў.
Па-другое, крокі беларускіх уладаў дзеля выхаду з дыпляматычнага крызісу сьведчаць пра тое, што кіраўніцтва Беларусі занепакоенае канфліктам з ЭЗ, хацела б нармалізаваць адносіны, вярнуцца да дыялёгу. Што афіцыйны Менск мацней зацікаўлены ў разрадцы напружанасьці з Эўразьвязам, чым Брусэль. Што ляцець на адным расейскім крыле няўтульна нават чыста псыхалягічна. І таму кіраўніцтва Беларусі дасылае Эўропе адпаведныя сыгналы.
Зьвярніце ўвагу: скарыстаўшы каталіцкі Вялікдзень як нагоду, Лукашэнка два разы апэляваў да Ватыкану. Ён прыняў амбасадара Мальтыйскага ордэну і апостальскага нунцыя (пасла Ватыкану). Гэта пры тым, што прэзыдэнт ня часта прымае амбасадараў нават вялікіх краін ці краін, зь якімі ў Менску сяброўскія адносіны.
Па-трэцяе, беларускія ўлады па-сапраўднаму баяцца эўрапейскіх санкцыяў. У гэтым сэнсе цікава, што і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Макей (двойчы), і міністар замежных спраў Мартынаў пагражалі, папярэджвалі ЭЗ, каб 23 красавіка Брусэль ня ўвёў новых санкцыяў. Хоць такіх плянаў і не было, ніхто пра гэта не гаварыў. Але ў страху вялікія вочы. Санкцыі пачалі проста мроіцца кіроўным беларускім асобам.
Па-чацьвёртае, торг палітзьняволенымі, на што разьлічвалі беларускія ўлады, не ўдаецца. ЭЗ не жадае размаўляць на гэтую тэму, патрабуючы іх вызваленьня як умовы для вяртаньня на нулявую адзнаку 18 сьнежня 2010 году. Таму даводзіцца паступова выпускаць палітычных вязьняў без усялякіх умоваў.
Па-пятае, дыпляматычная вайна паказвае дысфункцыю кіраваньня замежнай палітыкай Беларусі. Увесь час канфлікту Менск рабіў даволі дзіўныя рэчы, складалася ўражаньне, што левая рука ня ведае, што робіць правая. Праблема ў тым, што беларускія ўлады хацелі вырашыць адначасова некалькі задач, якія не супадаюць і нават супярэчаць адна адной. Напрыклад, з аднаго боку, пайсьці на саступкі ЭЗ дзеля размарозкі адносін. А зь іншага боку — адначасова здавацца моцнымі, крутымі, зрабіць выгляд, што гэты мы далі па мордзе Эўропе. А для гэтага трэба ўвесь час лаяцца ў бок Захаду.
У выніку ЭЗ атрымлівае зь Менску супрацьлеглыя сыгналы і ня ведае, якія зь іх сапраўдныя. Лукашэнка 5 красавіка прапаноўвае эўрапейскім амбасадарам вярнуцца, а назаўтра Макей кажа, што пакуль мы ня хочам іх бачыць тут. Вызваляюць двух палітвязьняў як крок насустрач Эўразьвязу, і зноў Макей заяўляе, што эўрапейскія амбасадары могуць вярнуцца, «калі ў Эўразьвязе ўсьвядомяць памылковасьць палітыкі шантажу, дыктату, санкцыяў у адносінах да Рэспублікі Беларусь». То бок, у перакладзе на нармальную мову, калі ЭЗ адмовіцца ад сваёй прынцыповай пазыцыі, што немагчыма. І калі разумець Макея літаральна, то эўрапейскія амбасадары не маглі б вярнуцца да таго часу, пакуль у Беларусі існуе цяперашні рэжым.
Прэс-служба прэзыдэнта, тлумачачы перанос выступу Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем, сыгналізуе ЭЗ, што афіцыйны Менск ня будзе занадта жорстка рэагаваць на пазыцыю Эўропы. А назаўтра беларускія ўлады шантажуюць ЭЗ, інфармуючы, што памежнікі больш ня будуць адсочваць нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца ў Эўразьвяз.
Дык які ж мэсыдж дасылаецца Эўразьвязу? Імкненьне вырашыць адначасова некалькі задач падвяло беларускія ўлады. Яны ня толькі заблыталі эўрапейцаў, але заблыталіся самі. З адпаведным вынікам.
Валер Карбалевіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |