09:30 17.07.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Вынікі выбараў залежаць не ад Лукашэнкі і Ярмошынай, а ад сябраў участковых камісій і мы павінны ўздзейнічаць на іх
Леў Марголін: Вынікі выбараў залежаць не ад Лукашэнкі і Ярмошынай, а ад сябраў участковых камісій і мы павінны ўздзейнічаць на іх
Намеснік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Леў Марголін адказаў на пытанні прэс-службы кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару-2018”.
Леў Фёдаравіч, якія ў вас чаканні ад кампаніі ў мясцовыя Саветы 2018 года?
Адкажу спачатку чаго мы не чакаем. Мы не чакаем таго, што выбары ў мясцовыя Саветы ў 2018 годзе, з пункту погляду іх арганізацыі, будуць адрознівацца ад выбараў, якія праходзілі раней у краіне. Для дзеючага прэзідэнта важна захаваць выбудаваную ім сістэму ўлады і выбары ў ёй з’яўляюцца важнай часткай для яе захавання.
Адносна чаканняў скажу, што нашыя актывісты на месцах прымуць актыўны ўдзел у гэтых выбарах, бо гэта добрая магчымасць працаваць з насельніцтвам, вырашаць мясцовыя праблемы. Моладзь і новыя актывісты, якія далучыліся да нас пасля вясенніх акцый пратэстаў, мусяць расці і станавіцца палітыкамі. Гэта для іх добры шанец паспрабаваць свае сілы і атрымаць першы вопыт.
АГП заўсёды ўдзельнічала ў выбарах і будзем удзельнічаць у іх і цяпер. Адна асаблівасць – гэта фармат нашага ўдзелу. Быў выпадак, калі на парламенцкіх выбарах мы здымалі сваіх кандыдатаў, але на мясцовых выбарах здымаць кандыдатаў няма сэнсу. Мясцовыя выбары – гэта падзея, якая прысвечана мясцовым праблемам, тым больш, што на мясцовых выбарах няма абмежаванняў па яўцы.
Адзінае, на што мы можам уздзейнічаць - гэта рэферэндум, які можа патэнцыйна адбыцца адначасова з выбарамі. Вось тут, патрэбная яўка. Аднак ужо зараз магу сказаць, што правядзенне гэтага рэферэндума малаверагодна, бо з кожным месяцам эканамічная сітуацыя пагаршаецца і ўлада наўрад адважыцца на такі крок.
Якія пытанні могуць быць вынесеныя на рэферэндум?
Галоўнае пытанне, якое павінна было быць вынесена на рэферэндум - гэта павелічэнне тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Разам з ім, мяркую, магло быць вынесена на рэферэндум яшчэ якое-небудзь неістотнае пытанне, каб завуаляваць першае пытанне.
Лукашэнка разумее, што на наступных выбарах, нават па цяперашнему заканадаўству ён можа праляцець. Падзеі ў краіне могуць развівацца так, што не будзе каму яго абіраць і не будзе каму яго падтрымліваць.
Ці не зашмат у нас дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў?
Я думаю, што зашмат. Але гэтае пытанне супярэчлівае і яго трэба абмярковаўць. Я мяркую, што сельскія Саветы – гэта рудыменты і перажыткі савецкага мінулага, бо яны фармальныя і нічога не вырашаюць. Усё на месцах вырашае старшыня сельсавета. Сельсавет – гэта свайго кшталту паперка, на якой напісана некалькі прозвішчаў. Што датычыцца раённых і абласных Саветаў, то тут трэба таксама нешта мяняць і ў першую чаргу варта ведаць якая будзе структура арганізацыі будучай ўлады ў краіне – двух ці трох узроўневая.
Ці лічыце вы, што кампанія пройдзе па традыцыйнаму сцэнару фальсіфікацыі выбараў?
Аб’яднаная Грамадзянская партыя, як і ўсе астатнія дэмакратычныя сілы, будзе змагацца, каб нешта змяніць у выбарчым заканадаўстве ці выбарчай практыкі. Спадзяюся, што здолеем нешта зрушыць, але, мяркую, што нечага істотнага ў нас змяніць не атрымаецца.
Леў Фёдаравіч , ці лічыце вы, што трэба мяняць выбарчае заканадаўстве, каб выбары адбываліся свабодна і справядліва?
Ёсць шмат чаго, што варта мяняць.
Перш за ўсё неабходна, каб прадстаўнікі кандыдатаў (калі яны канечне ж жадаюць) былі прадстаўлены ў камісіях усіх узроўняў. Пры фармаванні выбарчых камісій трэба абысціся без працоўных калектываў.
Другое – трэба абмежаваць датэрміновае галасаванне. Магчыма не адмяніць яго, але істотна зменшыць колькасць дзён для яго правядзення.
Трэцяе – гэта падлік галасоў, каб ён быў такі, які існуе ва ўсіх краінах свету, у тым ліку ў Афрыцы і Расіі, дзе кожны назіральнік можа бачыць змест бюлетэня - за каго прагаласаваў выбаршчык. У нас жа члены выбарчых камісій не хочаць дапускаць назіральнікаў да бюлетэняў, адсюль і выснова, што ніхто ніякія галасы не лічыць.
Калі вырашыць гэтыя праблемы, то гэта будуць ўжо не ярмошынскія выбары і на такіх выбарах мала хто з прадстаўнікоў улады можа перамагчы.
Ці будзе АГП удзельнічаць у назіранні і што дае партыі назіранне за выбарамі?
Безумоўна, мы будзем удзельнічаць у назіранні за выбарамі, бо разам з астатнімі дэмакратычнымі сіламі мы вырашаем адну агульную задачу, каб пераканаць людзей, што сапраўдных сумленных выбараў у нас няма і гэта дае свой плён.
Яшчэ некалькі год таму толькі 30% выбаршчыкаў верылі, што выбары ў краіне фальсіфікуюцца, Цяпер, мяркую ўсё наадварот – толькі купка людзей лічыць, што выбары адбываюцца сумленна.
Кожны з нас можа зрабіць свае высновы, бо стасуецца з людзьмі і ведае, як людзі ставяцца да выбараў. Агульнымі сіламі мы павінны патрабаваць зменаў і тлумачыць людзям, што выбары – гэта не тэатральная дзея, ад гэтага залежыць усё нашае жыццё. Няма працы – з-за выбараў, няма дарог – з-за выбараў, няма заробкаў – з-за выбараў. Пакуль выбараў не будзе - ніякія пытанні вырашыць немагчыма. Мы гэта мусім тлумачыць нястомна.
Калі ўлада не правядзець свабодныя выбары, але прызначыць некалькі дэпутатаў ад АГП, што вы будзеце рабіць?
Будзем рабіць тое самае, што і пасля парламенцкіх выбараў, калі Ганна Канапацкая атрымала свой мандат. Мы не будзем ляскаць дзвярыма а заявім, што нашых дэпутатаў прызначылі і будзем працаваць надалей. Калі мы не можам вырашаць пытанні ў Саветах ці парламенце, то хоць можам нарабіць шуму.
Што пажадаеце грамадзянам?
Вынікі выбараў робяць не Лукашэнка і не Ярмошына. У нас больш за 6 тысяч камісій, а гэта ад 60 да 70 тысяч чалавек, якія працуюць у іх. Гэта нашыя з вамі людзі – сябры, суседзі, родныя. Кожны, хто удзельнічае ў выбарчых камісіях, павінен клапаціцца аб будучыні краіны, разумець, што ад яго асабіста залежыць будучыня нашых дзяцей, унукаў, пытанне добрых заробкаў і дабрабыту.
А мы павінны ўвесь час тлумачыць гэтым людзям, што будучыня краіны ў іхных руках і дзейнічаць яны павінны сумленна.
Прэс-служба "Права выбару-2018"
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме