13:01 20.02.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Вынікі 5-ці дзён галасавання
Фота ілюстрацыйнае
Права выбару-2018: На датэрміновае галасаванне ўлада арганізавала выбарчыя “каруселі” з мэтай візуальнага стварэння яўкі
“Карусельшчыкі” былі заўважаныя толькі на тых выбарчых участках, дзе адбывалася назіранне кампаніяй “Права выбару-2018”. На іншых выбарчых участках высокая яўка стваралася з дапамогайунясення завышаных лічбаў у выніковыя пратаколы ўчастковых выбарчых камісій.
Пасля выяўлення груп людзей, якія галасавалі па некалькі разоў на выбарчых участках сярэдняй школы №17 (Вішнявецкая выбарчая акруга №40, участкі №153 і №154 па выбарах у Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў) і апублічвання гэтай інфармацый два назіральнікі кампаніі “Права выбару-2018” былі пазбаўлены акрэдытацыі.
Цягам пяці дзён датэрміновага галасавання безперарыўнае назіранне адбывалася на 151 выбарчым участку 32 выбарчых акругаў. Агулам 302 назіральнікі “Права выбару-2018” падрыхтавалі 142 скаргі.
У Гродна на ўчастках, дзе адбывалася незалежнае назіранне, быў выкарыстаны механізм запаўнення формаў заяваў на імя старшынь выбарчых камісій праўладнымі назіральнікамі, якія ў сваіх заявах без прычына пісалі, што галасаванне на ўчастках адбываецца без парушэнняў. У Мінску на некаторых участках стваралась масоўка з ліку праўладных назіральнікаў, якія засцілі агляд незалежным назіральнікам.
Назіральнікі “Права выбару-2018” зафіксавалі выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, калі на датэрміновае галасаванне прыхадзілі групамі салдаты тэрміновай службы ў суправаджэнні падпалкоўніка, калі жыхароў інтэрнатаў па розных прычынах прымушалі галасаваць датэрмінова, калі на выбарчыя ўчасткі групамі прыходзілі галасаваць студэнты. У Гродна зафіксаваны выпадкі, калі члены камісіі тэлефанавалі выбаршчыкам на хатнія нумары тэлефонаў і прасілі іх прыйсці прагаласаваць датэрмінова.
У Магілёве быў зафіксаваны выпадак, калі агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку праўладнага кандыдата знаходзіліся на стале членаў камісіі (участак №76, Мінская акруга №10 па выбарах у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў).
Найбольшае разыходжанне ў яўцы было выяўлена на ўчастку №87 Казіміраўскай выбарчай акругі №29 па выбарах у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў. За 5 дзён датэрміновага галасавання па падліках назіральнікаў яўка склала 9,6%, а па афіцыйных дадзеных – 34,1%. У абсалютных лічбах разыходжанне паміж звесткамі назіральнікаў і афіцыйнымі пратаколамі склала 650 чалавек. Падобнае разыходжанне ў яўцы зафіксавана на выбарчых участках у Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Мастах і Мінску.
Застаюцца традыцыйнымі выпадкі з неналежным захаваннем скрынь для галасавання, а таксама непрадастаўленні інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій.
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў адзначае, што ўлада на датэрміновых выбарах праваліла тэст на дэмакратычнасць:
Замест таго, каб паказаць рэальную яўку і прадастаўляць назіральнікам усю інфармацыю аб колькасці прагаласаваўшых датэрмінова ўлада пачала ствараць імітацыю яўкі з дапамогай “карусельшчыкаў”, што з’яўляецца сведчаннем яе нізкай інстытуцыянальнай падтрымкі. Код 000-179 у пашпарце – гэта сімвал гэтай кампаніі. Яго апублічылі неабыякавыя грамадзяне. Па гэтаму коду можна было галасаваць не маючы прапіскі на любых выбарчых участках пэўнай акругі, чым і скарысталіся дэмакратычныя актывісты паспяхова прагаласаваўшы па гэтаму коду тры разы.
Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя пяць дзён датэрміновага галасавання прагаласавала 34,95% выбаршчыкаў.
Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.
Прэс-служба кампаніі“Права выбару-2018”
* * *
Права выбару-2018: Выбарчыя “каруселі” дабраліся і да абласных цэнтраў
15 лютага “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 153 выбарчых участках. Агулам у трэці дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 306 назіральнікаў, якія падрыхтавалі і падалі 36 скаргаў. Агульная колькасць пададзеных за тры дні скаргаў склала лічбу 89.
У трэці дзень датэрміновага галасавання найбольш яркай падзеяй стала выяўленне выбарчых “каруселяў”. У Мінску групы людзей на аўтамабілях і службовых мікрааўтобусах курсіравалі па выбарчых участках і візуальна стваралі масавасць і яўку. Такія групы былі заўважаныя і заснятыя на відэа назіральнікам кандыдата у дэпутаты ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Мікалая Казлова і намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксеем Сігаевым.
Выбарчая “карусель” упершыню была заўважана і ў Магілёве. У памяшканні сярэдняй школы №17, дзе знаходзіцца тры выбарчых участкі, у 10:30 з’явілася арганізаваная група выбаршчыкаў у колькасці каля 10 чалавек, якая прагаласавала адразу на трох участках. Праз гадзіну з’явілася яшчэ адна група, якая паўтарыла той жа сцэнар.
У трэці дзень датэрміновага галасавання найбольшае разыходжанне звестах назіральнікаў з афіцыйнай інфармацыяй было зафіксавана на наступных выбарчых акругах: у Мінску яўка на Старавіленскай выбарчай акругі №41 па дадзеным назіральнікаў за тры дні склала 6,2%,а паводле афіцыйных звестак – 10,6%; у Мастах на Мастоўскай выбарчай акрузе №7 - 11,5%, а паводле афіцыйнай інфармацыі - 30,9%; у Бабруйску на Камбінатаўскай выбарчай акрузе №38 - 6,1%, а паводле афіцыйнай інфармацыі - 9,5%.
Рэкардсменам па завышэнні яўкі выбаршчыкаў стаў выбарчы ўчастак №27 Старавіленскай выбарчай акругі №41 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў (прыйшло 13 чал., у пратаколе - 136).
Застаюцца традыцыйнымі выпадкі з неналежным захаваннем скрынь для галасавання, а таксама непрадастаўленні інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій.
У Гродне назіральнікі фіксуюць выпадкі, калі праўладныя назіральнікі бяруць шаблоны заяваў у старшынь выбарчых камісій і пішуць у іх, што на выбарчым участку не было ніякіх парушэнняў.
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што ўлада пачала губляць свой мабілізацыйны патэнцыял:
Тое, што выбарчыя “каруселі” мы заўважылі ў рэгіёнах – яскравае сведчанне таго, што ўлада мае праблему са стымуляваннем людзей да выбараў не толькі ў Мінску. Мы становімся сведкамі не актыўнага і свядомага байкоту, а пасіўнага неўдзелу грамадзян у выбарах. Ад таго, што ў нас няма адкрытых і свабодных выбараў - улада і людзі з кожным годам толькі аддаляюцца адзін ад аднаго, а выбары пераўтвараюцца ў цырымонію. Цяжка назіраць за тым, як у беларусаў крадуць будучыню.
Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя тры дні датэрміновага галасавання прагаласавала 18,73% выбаршчыкаў.
Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках. Татальнае назіранне кампанія “Права выбару-2018” здзяйсняе на 32 выбарчых акругах у розных рэгіёнах Беларусі.
Прэс-служба кампаніі“Права выбару-2018”
* * *
Права выбару-2018: У Мінску пабіты рэкорд завышэння яўкі – больш чым у 17 разоў!
14 лютага “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 151 выбарчым участку. Агулам у другі дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 302 назіральнікі.
За другі дзень датэрміновага галасавання назіральнікі “Права выбару-2018” падрыхтавалі і падалі 45 скаргаў. Агульная колькасць пададзеных за два дні скаргаў склала лічбу 53.
У другі дзень датэрміновага галасавання лідэрства па завышэнні яўкі ўзяў участак №27 Старавіленскай выбарчай акругі №41 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Паводле звестак назіральнікаў у другі дзень галасавання на ўчастку прагаласавала ўсяго 10 чалавек, а ў пратакол была ўнесена лічба 174! Завышэнне яўкі на гэтай жа акрузе на ўчастках №23 было ў 16 разоў (4 прыйшло, 65 у пратаколе), №24 – у 5 разоў (11 прыйшло, 56 у пратаколе), №32 – у 5 разоў (14 прыйшло, 74 у пратаколе).
Тым часам лідэр учарашняга дня па завышэнні яўкі Карбышаўская выбарчая акруга №50 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў замацавала за сабой другое месца. На выбарчых участках №27-32 назіральнікамі зафіксавана завышэнне яўкі ад 1,5 да 10 разоў!
Падобная тэндэнцыя стала заўважна і ў рэгіёнах. У Магілёве на выбарчых участках №75, 78, 79, 86 па Загорскай выбарчай №37 завышэнне яўкі склала ад 3 да 4 разоў.
Назіральнікі фіксуюць таксама і выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. Зафіксаваныя выпадкі галасавання групамі – студэнтаў, салдат, жыхароў інтэрнатаў. Так, на выбарчым участку №84 Казіміраўскай выбарчай акругі №29 назіральнік зафіксаваў групу салдат у колькасці 30 чалавек, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак у суправаджэнні палкоўніка. У Гродна на выбарчым участку №14 Захараўскай выбарчай акругі №14 член камісіі, а таксама камендант інтэрната прымушала жыхароў да датэрміновага галасавання.
Акрамя завышэння яўкі выбаршчыкаў даверанай асобай Анатолем Лябедзька кандыдата ў дэпутаты Мікалая Казлова на Старавіленскай выбарчай акрузе №41 выяўлена група людзей (“карусельшчыкаў”), якая курсіруе па розных ўчастках і галасуе ў падтрымку праўладнага кандыдата.
Застаюцца традыцыйнымі выпадкі з неналежным захаваннем скрынь для галасавання, а таксама непрадастаўленні інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій.
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў адзначае, што ўлада выкарыстоўвае ўсе магчымая спосабы для мабілізацыі людзей пры правядзенні выбараў:
Мы сталі сведкамі таго, як накручваецца яўка і як курсіруюць групы так званых “карусельшчыкаў”. Навошта ўсё гэта рообіцца? Улада спрабуе паказаць, што на выбары ідуць людзі, а гэта хай сабе але ўскоснае сведчанне таго, што людзі сваім удзелам легітымізуюць выбары.Задзейнічана велізарная колькасць візуальнай рэкламы, рэкламы па тэлебачанні, радыё, нават у метро і тралейбусах заклікаюць прыйсці на выбары. Аднак нашы назіральнікі фіксуюць адваротнае – на выбары людзі ідуць вельмі слаба. Цяжка сабе ўявіць, што адбываецца на выбарчых участках, дзе няма нашых назіральнікаў. Там выбарчыя камісіі ў сваіх дзеяннях не абмежаваныя нічым і нікім.
Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя два дні датэрміновага галасавання прагаласавала 11,06% выбаршчыкаў.
Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках.
Прэс-служба кампаніі“Права выбару-2018”
* * *
Права выбару-2018: У Мінску зафіксавана рэкорднае разыходжанне яўкі выбаршчыкаў са звесткамі назіральнікаў – амаль у 14 разоў!
13 лютага “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 154 выбарчых участках. Агулам у першы дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 308 назіральнікаў. Імі было пададзена ва ўчастковыя камісіі 144 прапановы аб правядзенні адкрытага і галоснага падліку галасоў.
За дзень да галасавання не здолелі прайсці акрэдытацыю толькі два назіральнікі на Фандокаўскай акрузе, выбарчага ўчатка №1 у Бабруйску. Па іх інфармацыі выбарчы ўчастак за 24 хвіліны да закрыцця быў зачынены. Са словаў вартаўніка члены камісіі паехалі ў выканкам.
Агулам за першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікі “Права выбару-2018” падрыхтавалі і падалі 8 скаргаў.
Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі былі: неналежнае захаванне скрыні для галасавання пад час абедзенага перапынку. Памяшканне, дзе захоўвалася скрыня для галасавання, не апячатвалася (Напрыклад: г.Мінск, Старавіленская акруга №41, участкі №28 і №34).
На Мінскай гарадской Карбышаўскай акрузе №50 (участак №30) назіральнікі сталі сведкамі таго, як пад час абедзеннага перапынку ў памяшканне, дзе знаходзіліся скрыні для галасавання, міліцыянт Макараў пашкодзіў пломбу апячатанага памяшкання і ўвайшоў унутр. Свае дзеянні ён патлумачыў службовай неабходнасцю, каб праверыць надзейнасць захавання скрынь для галасавання і знаходзіўся ўнутры памяшкання да 15:50.
На некаторых выбарчых участках члены ўчастковых выбарчых камісій адмовілі назіральнікам у прадастаўленні інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў (Напрыклад: г.Мінск, Трактаразаводская акруга №57, участкі №28, №33 і №35; Слонімская раённая акруга №14, участак №11).
Найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў было зафіксавана ў Мінску на ўчастку №27 Карбышаўскай выбарчай акругі №50. Там па звестках назіральнікаў прагаласавала ўсяго 9 чалавек, аднак па пратаколу камісіі – 123. Звесткі адрозніваюцца амаль у 14 разоў. На ўчастку №28 гэтай жа акругі па звестках назіральнікаў прагаласавала 17 чалавек, а афіцыйнай інфармацыі – 58. Звесткі адрозніваюцца больш чым у 3 разы.
У Мінскай гарадской акадэмічнай акруге №48 па звестках назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавалі 688 чалавек, аднак па афіцыйных звестках – 861.
Падобная сітуацыя зафіксаваная і ў рэгіёнах. Так, на Мастоўскай раённай выбарчай акрузе №7 па звестках назіральнікаў у першы дзень галасавання прагаласавала 23 чалавекі, а па афіцыйных звестках – 63.
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў адзначае, што пры арганізацыі выбараў любых узроўняў заўсёды ёсць парушэнні:
Гэтыя парушэнні звязаныя ў бальшыні выпадкаў з недастатковай падрыхтоўкай членаў участковых выбарчых камісій, якія вельмі часта трактуюць закон па-свойму. Аднак, ужо ёсць сігналы не толькі парушэнняў, аднак і фальсіфікацый. Я кажу пра завышаную яўку на выбарчых участках. Калі яе пачынаюць завышаць і яна разыходзіцца са звесткамі назіральнікаў у некалькі разоў, то гэта ўжо першыя званочкі фальсіфікацый выбарчага працэсу. Мы сочыць за гэтымі разыходжаннямі вельмі пільна, а нашы назіральнікі дастаюць узгаданыя БТ і АНТ шаблоны скаргаў і запаўняюць іх.
Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама у першы дзень галасавання прагаласавала 4,44% выбаршчыкаў.
Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках.
Прэс-служба кампаніі“Права выбару-2018”
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме