10:31 29.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Выбар Алега Трусава
Нашчадак беларускай шляхты
Напэўна, за гады маёй журналісцкай практыкі гэта быў адзін з самых забаўных эпізодаў, якія расказвалі суразмоўцы.
Алег Трусаў ніколі не захапляўся рыбалкай, але адна спроба стаць рыбаком у яго жыцці ўсё ж такі была. У дзіцячым узросце ён жыў у сваёй бабулі ў Мсціславе. Прама ў двары іх дома была выкапана сажалка. Аднойчы на нітку з мухай хлопчык налавіў цэлае вядро... жаб. Прыкрыў яго вечкам і паставіў (каб не бачыла бабуля) у сені. У тры гадзіны ночы жабы пачалі “спяваць”. “Канцэрт” пабудзіў ўсіх...
...Калі пазней ён узначаліў Таварыства беларускай мовы, некаторыя злараднічалі, што “галоўным беларусам” краіны стаў этнічны рускі. Мякка кажучы, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Так, яго бацька з памораў, нарадзіўся на мяжы Архангельскай і Валагодскай абласцей, а маці са шляхецкага роду Драздоўскіх і Мяжэвічаў. Нарадзілася яна на Урале, дзе тады працаваў дзед Алега Трусава. Тыя, хто выдаваў адпаведнае пасведчанне, не “парыліся”, а напісалі самае простае — руская.
Так што Алег Трусаў лічыць сябе беларусам не дарэмна. Больш за тое, менавіта ў Беларусі ён пражыў фактычна ўсё сваё жыццё і нават у камандзіроўкі імкнуўся надоўга ад сваёй радзімы не ад’язджаць.
Не палічыце банальнасцю, але ў гэтым свеце сапраўды вельмі цесна. Маці будучага знакамітага навукоўца і грамадскага дзеяча Міхася Ткачова Дамініка Сямёнаўна Казлоўская “прывяла” Трусава ў археалогію, а яе сын меў дачыненне да палітычнага складніка жыцця Алега Анатольевіча.
Справа ў тым, што Дамініка Сямёнаўна Казлоўская сябравала з бабуляй Алега Анатольевіча Ганнай Мяжэвіч (Драздоўскай) і лічылася самай лепшай настаўніцай горада, таму цалкам зразумела, чаму свой першы школьны буквар ён прачытаў менавіта з яе дапамогай. Аднойчы першая настаўніца павяла свой клас на экскурсію на замчышча, дзе археолаг Леанід Аляксееў праводзіў раскопкі. Там Алег Трусаў упершыню ў сваім жыцці ўбачыў падземны горад. Убачанае тады стаіць перад вачамі і сёння: дзеці — наверсе, а ўнізе — маставыя, дамы...
Можа быць, менавіта ў гэты момант Алег Трусаў і зразумеў, што акрамя свету, дзе мы жывем, ёсць яшчэ не менш прыгожы свет. Той, дзе жылі нашы продкі. Той, які знаходзіцца ў нас пад нагамі.
У 1973 годзе на гістфаку БДУ, куды пасля паспяховага сканчэння школы (з залатым медалём) паступіў Алег Трусаў, адкрылі кафедру археалогіі, дзе ён атрымаў прафесійную археалагічную адукацыю.
Размеркавалі Алега Трусава ў СНРПМ МК БССР (Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Мінкульта БССР), дзе ў 1980 годзе ён стаў загадчыкам археалагічнага аддзела і прапрацаваў там да 1992 года.
Паралельна ён вучыўся ў завочнай аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Археалагічнае вывучэнне помнікаў манументальнага дойлідства XI—XVII стст. на тэрыторыі Беларусі (метадычныя даследаванні)”.
На гэтым расказ пра біяграфічны складнік жыцця Алега Трусава скончыцца, і мы пяройдзем да галоўнай тэмы артыкула — палітыкі.
Палітычны складнік
Сёння падобнае вельмі цяжка ўявіць, але стаць камуністам Алега Трусава “прымусіў”... Зянон Пазьняк. Да гэтага той двойчы адмаўляўся. Зянон Пазьняк аргументаваў гэта так: “Ты павінен уступіць у КПСС і “ўзначаліць” там абарону Верхняга горада”.
Сапраўднай жа палітыкай Алег Трусаў пачаў займацца праз дзесяць год. 19 кастрычніка 1988 года ён ішоў міма Чырвонага касцёла (тады Дома кіно) на чыгуначны вакзал, дзе збіраўся купіць квіток для паездкі ў чарговую камандзіроўку. Выпадкова сустрэў Міхася Ткачова, якога з намі, на жаль, няма ўжо шмат год. Той прапанаваў зайсці ў Дом кіно. Маўляў, там будзе шмат чаго цікавага, а білет яны купяць пазней.
Так Алег Трусаў трапіў у аргкамітэт па стварэнні БНФ. Дакладней — аргкамітэт па стварэнні руху БНФ за перабудову “Адраджэнне”. Першапачаткова ў яго склад уваходзілі 35 чалавек.
Не буду спрачацца наконт таго, хто стаяў у вытокаў той падзеі, чыя была гэта ініцыятыва, бо чым больш пасля падзеі мінае часу, тым больш робіцца тых, хто “ўсё прыдумаў”. Адзначу толькі, што без імпэту і аўтарытэту Васіля Уладзіміравіча Быкава стварыць новы рух было б значна цяжэй.
І яшчэ адзін не ўсім вядомы момант.
Народны паэт Беларусі Пімен Емяльянавіч Панчанка ўступіў у аргкамітэт, як кажуць, “пры смерці”. Ён ужо хадзіць не мог, таму фізічна не прысутнічаў ні на адным пасяджэнні, але прасіў запісаць у пратакол сваю наяўнасць і прывозіць на подпіс усе паперы.
У сакавіку 1991 года была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Старшынёй тады абралі Міхася Ткачова, а першым намеснікам — Алега Трусава. Праз год, пасля заўчаснай смерці Ткачова, Трусаў стаў на чале партыі і кіраваў ёй да лета 1995 года.
Паралельна з партыямі на хвалі перабудовы пачалі фарміравацца і грамадскія арганізацыі. Ці не першай з іх, 28 верасня 1989 года, было афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай мовы (ТБМ), створанае па ініцыятыве выбітнага паэта Ніла Гілевіча, які і быў абраны першым старшынёй. Алег Трусаў сфарміраваў тады суполку ТБМ у Савецкім раёне, якой кіраваў да 1997 года. У красавіку яго абралі намеснікам старшыні ТБМ, якую тады ўзначальваў Генадзь Бураўкін.
17 красавіка 1999 года на VI з’ездзе ТБМ Алега Трусава па прапанове Генадзя Бураўкіна абралі старшынёй.
Дарэчы, сам Алег Трусаў пачаў размаўляць па-беларуску недзе на пачатку 1980-х гадоў. А першай яго беларускай кнігай была “Новая зямля” Якуба Коласа, якую прэзентавалі на Дзень Савецкай Арміі ў восьмым класе. На беларускую мову ён перайшоў свядома — у знак пратэсту супраць выключэння з БДУ некаторых студэнтаў, за “праяўленне нацыяналізму”, а па сутнасці, за любоў да роднай мовы і Беларусі.
Менавіта Таварыства беларускай мовы давала тады ледзь не адзіную рэальную магчымасць вылучацца кандыдатам у дэпутаты розных узроўняў, чым скарысталіся большасць вядомых сяброў БНФ. Іх колькасць па ўсёй краіне вызначалася сотнямі. Быў у тым ліку і Зянон Пазьняк.
Алега Трусава вылучыла кандыдатам у Вярхоўны Савет Рада ТБМ Савецкага раёна Мінска.
Шлях у парламент
Для таго каб максімальна наблізіць тэкст да тых падзей, я перайду на іншы журналісцкі жанр, то бок на інтэрв’ю з Алегам Анатольевічам.
— Чамусьці апазіцыя вельмі не хацела, каб народным выбраннікам тады стаў будучы міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны, і мне моцна “параілі” скласці яму канкурэнцыю, бо раней на выбарах у Вярхоўны Савет СССР вылучацца не хацелася прынцыпова. Наконт БССР таксама былі пытанні, але тут дамінавала калектыўная воля.
Пасля рэгістрацыі ў 33-й Мірашнічэнкаўскай акрузе камуністы самі адмовіліся ад вылучэння Падгайнага. Перавагу яны аддалі тагачаснаму намесніку міністра ўнутраных спраў генерал-лейтэнанту Кавалёву. Абодва выйшлі ў другі тур, дзе змагаліся вельмі жорстка. Ён супраць мяне “кінуў” усю міліцыю, нават АМАП. І гэтым... моцна дапамог. Агітавалі за яго альбо супрацоўнікі міліцыі, альбо іх таемныя агенты. Часцей за ўсё рэакцыя была супрацьлеглай. Да таго ж сярод маіх прыхільнікаў былі ўсе, каго некалі пакрыўдзіла праваахоўная сістэма (напрыклад, былыя зняволеныя).
У маю “каманду” ўваходзіла дзесяць чалавек, узначальваў яе Уладзімір Колас, з якім мы потым адкрывалі знакаміты Ліцэй. Дзеля эксперымента дамовіліся праводзіць усю агітацыю на беларускай мове. На другіх кандыдатаў прынцыпова не казалі ніводнага слова.
Былі, безумоўна, улёткі і на “великом и могучем”, якія мы давалі тым, хто гэтага прасіў, але такіх было вельмі няшмат. Толькі прыезджыя.
Вынікі эксперымента аказаліся больш чым станоўчымі. За мяне прагаласавала 50,1 працэнта выбаршчыкаў. Галасы тады яшчэ лічылі. Я перамог Кавалёва на 157 галасоў. Скрасці такі мізер было б надзвычай проста.
Выбарчую камісію ўзначальваў сакратар партыйнай арганізацыі цяперашняга Політэхнічнага ўніверсітэта. Як і я, ён прытрымліваўся дэмакратычных поглядаў. Галасы выбаршчыкаў палічыў, як кажуць, “да аднаго”. Потым расказваў, як “ціснулі”, патрабуючы, каб скраў гэтыя галасы на карысць Кавалёва. Ён не пагадзіўся. Нават тры “спрэчныя” бюлетэні не аддаў.
У парламенце мы адразу ж стварылі фракцыю БНФ. У яе склад уваходзіла каля трох дзясяткаў дэпутатаў. Колькасць яе ўвесь час змянялася.
Не менш важна і тое, што мы стварылі Дэмакратычны клуб, у які ўваходзілі больш за сто народных выбраннікаў. У тым ліку і Аляксандр Лукашэнка. Калі Дэмклуб прымаў рашэнне, то камуністычная верхавіна па некаторых пытаннях прагульвала, бо двух трэцей галасоў, то бок канстытуцыйнай большасці, у іх ужо не было.
— Некаторыя называюць беларускую незалежнасць выпадковай...
— Цалкам не згодны.
Калі мы вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты, адразу ж рабілі акцэнт на гэтым пытанні. Напрыклад, у сваёй улётцы я абяцаў незалежнасць за пяць гадоў. Як бачыце, абяцанне было выканана датэрмінова, бо нам спатрэбіліся толькі два гады.
27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, 25 жніўня 1991 года яна была пацверджана і ўступіла ў сілу, 2 верасня 1991 года ў Маскве пачаў работу V з’езд народных дэпутатаў СССР, а 5 верасня па прапанове Гарбачова ён прыняў рашэнне пра самароспуск і стварэнне адпаведнай канфедэрацыі, якой потым стала Садружнасць Незалежных Дзяржаў.
Можна сказаць, што нам тады пашанцавала ў тым, што ўсё гэта Ельцын рабіў, як кажуць, “пад сябе”.
На гэтым з’ездзе я быў у якасці госця. У кулуарах пашчасціла пагутарыць з Шэварднадзэ, Жырыноўскім, Лебедзем, Афанасьевым і іншымі.
Путч як каталізатар незалежнасці
— Атрымліваецца, што путч жніўня 1991 года вельмі дапамог нашай незалежнасці?
— Аб’ектыўна — так.
Калі б не путч, Савецкі Саюз мог бы разваліцца з вялікай крывёй, як было ў Югаславіі. Да гэтага ўсё і ішло. Расія не магла адна “пахаваць” Савецкі Саюз. Былі яшчэ і іншыя заснавальнікі — Беларусь і Украіна. Закаўказская рэспубліка (у гэтую федэрацыю ўваходзілі Грузія, Арменія і Азербайджан) перастала існаваць праз 15 год пасля стварэння СССР.
Юрыдычна ўсё было зроблена так бездакорна, што “падкапацца” не мог ніхто. Таму нас адразу ўсе і прызналі. І Гарбачоў нічога не мог зрабіць, бо ўсё было ў межах Канстытуцыі СССР. Ніякіх парушэнняў.
Калі ўзгадаць непасрэдна 25 жніўня 1991 года, то мне чамусьці адразу ўспамінаецца святкаванне перамогі. Асабіста для мяне яно прайшло разам з нашым касманаўтам Уладзімірам Кавалёнкам. Ён быў добрым маім знаёмым, уваходзіў у Дэмклуб, хацеў стаць старшынёй Вярхоўнага Савета, але камуністы яго “завалілі”. Былі планы нават узначаліць Беларусь.
Пасля галасавання мы з ім пайшлі ў сталоўку, дзе Уладзімір Васільевіч “праставіў” бутэльку каньяку. Так што я добра памятаю, што адзначаў Незалежнасць не з кім-небудзь, а з вядомым беларускім касманаўтам...
— Зразумелыя пачуцці... Мяркую, у дзень пачатку путчу яны былі зусім іншыя...
— Усе тры тыдні путчу мы былі ў Вярхоўным Савеце і маральна рыхтаваліся да самага горшага, бо ведалі, што ў планах путчыстаў было імкненне арыштаваць усю апазіцыю. Былі падрыхтаваны “расстрэльныя” спісы. На чыгуначную станцыю спецыяльна падагналі (я сам бачыў) пустыя вагоны. Адных (самых вядомых і энергічных) іншадумцаў планавалася знішчыць, а астатніх накіраваць у Магадан.
Калі я прыйшоў раніцай 19 жніўня ў Вярхоўны Савет, палова чыноўнікаў са мной не віталася, а другая палова адкрыта жадала, каб нас хутчэй расстралялі. Праз тры тыдні тыя ж самыя людзі бегалі са словамі “чего изволите”...
Тыя дні і ночы я фактычна не спаў. Працавалі, як кажуць, кругласутачна. Тым больш што з самага пачатку дзяржаўнага перавароту шмат каго не было ў Мінску — адпачынкі. Нават Гарбачоў з’ехаў у Фарос. Путчысты такі час выбралі спецыяльна.
Зянон Пазьняк прыйшоў у Вярхоўны Савет толькі бліжэй да абеду, бо дабрацца да нас хутчэй не мог фізічна. Сустрэлі яго фактычна зробленай работай — усе заявы былі ўжо падрыхтаваны.
З раніцы нас сабралася чалавек дзесяць. Ніякіх сядзіб у БНФ тады не было, яны з’явіліся пазней. Сваіх памяшканняў мы не мелі, бо тое, што было ў Чырвоным касцёле, наўмысна аддалі вернікам.
Для парламенцкай апазіцыі Пазьняк выбіў пакой на трэцім паверсе, дзе ўсе і збіраліся. У тым ліку і тыя, хто не быў дэпутатам і прыходзіў “з вуліцы”. Мы заказвалі для іх неабходныя дазволы і праводзілі ў свой пакой.
Натуральна, яго “праслухоўвалі”, але ніякіх вялікіх таямніц у нас і не было. Мы там пісалі законы, распрацоўвалі тактыку. Усё, што казалася там, потым агучвалася з парламенцкай трыбуны. Таму і не баяліся.
Дарэчы, дэпутацкая маса, якая нам супрацьстаяла, была вельмі аморфнай і разгубленай. Кожны з іх жыў па прынцыпе “спасайся, кто может”. Альбо як у тым спеве — хавайся ў бульбу.
Шмат разоў яны проста зрывалі галасаванне, якое адбывалася па загадзе Кебіча. Альбо галасавалі “не так”, альбо банальна куды-небудзь збягалі ці напіваліся.
Арганізаваць сваё “балота” Кебічу было надзвычай цяжка. Скажам так, яно не вельмі слухалася. На словах яны абяцалі ўсё рабіць як след, але рэальна рабілі не так, як абяцалі. Тым больш што ўсё вакол развальвалася. Кожны думаў пра тое, дзе лепш прыстроіцца яму асабіста.
Галоўны выбар
— На ваш погляд, чаму гэта адбылося?
— Генерал Лебедзь мне доўга расказваў, як вяліся адпаведныя перамовы.
Язава ніхто не любіў, таму што ён быў даволі стары, а ў Маскву прывезлі з большасці навабранцаў Канцеміраўскай дывізіі. Другімі словамі, тых, хто яшчэ ўчора быў “на гражданке”. Ваенная эліта не збіралася пачынаць вайну з уласным народам. У той час у войску пераважна служылі “дзеці перабудовы”, таму ў путчыстаў усё і правалілася. Ніхто не збіраўся страляць па сваіх. Людзі толькі-толькі пачалі верыць у дэмакратыю, а тут...
— А якім дзень пачатку путчу быў менавіта для вас?
— У ноч з 18 на 19 снежня 1991 года мы з жонкай заканчвалі рамонт і клеілі шпалеры, таму спаць я лёг толькі каля трох гадзін ночы. У шэсць гадзін — тэлефонны званок. Ужо не памятаю, хто тады сказаў мне пра путч, але гэта прымусіла адразу прачнуцца. Уключыў тэлевізар — танец маленькіх лебедзяў.
Грамадскім транспартам, які ўжо працаваў па поўнай, даехаў да парламента. Неўзабаве падышлі Садоўскі, Баршчэўскі, іншыя нашы дэпутаты. Падрыхтавалі сваю заяву, іншыя дакументы. У парламенце — пуста, нікога няма. Прыйшоў толькі Шушкевіч, які адразу ж стаў на наш бок. Тады ён быў першым намеснікам старшыні парламента.
Фракцыя БНФ адразу ж стала патрабаваць склікаць пазачарговую сесію. Першыя два дні Прэзідыум Вярхоўнага Савета гэтага рабіць не хацеў, а калі яны ўбачылі, што путч праваліўся, зрабілі гэта амаль імгненна.
Пазачарговую сесію прызначылі на 24 жніўня. Мы добра падрыхтаваліся. Падрабязнасці пры неабходнасці можна паглядзець у адпаведных стэнаграмах.
25 жніўня 1991 года па прапанове фракцыі БНФ прынятую год таму Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце зрабілі часовай Канстытуцыяй і прагаласавалі за тое, што ў нашай краіне ў першую чаргу дзейнічаюць беларускія законы і толькі потым савецкія.
Сучасны погляд
— З падзей, якія вырашалі лёс нашай краіны, мінула ўжо 25 год. Вы падтрымліваеце адносіны з тымі, хто быў тады аднадумцам?
— Ні з кім з тых, хто быў у парламенцкай фракцыі БНФ, я ні разу не лаяўся і пры нагодзе кантактую. Прыблізна раз у два гады ў Варшаве сустракаюся з Пазьняком, з якім мы засталіся шчырымі сябрамі. Сябрую з Валянцінам Голубевым. На сядзібе ТБМ амаль кожны дзень бывае другі мой сябар Лявон Баршчэўскі.
— Многія лічаць, што з гэтага моманту БНФ заўсёды быў “на кані”?
— Ніякай рэальнай улады ў БНФ ніколі не было. У нас у руках не было НІВОДНАГА міністэрства і ніхто такіх прапаноў асабліва не рабіў. А калі і былі нейкія размовы наконт міністэрскіх намеснікаў, то мы адмаўляліся, бо разумелі, што потым усё “спішуць на БНФ”. Так што ніякай рэальнай выканаўчай улады ў БНФ ніколі не было. Самай высокай пасадай была пасада Анатоля Гурыновіча, які быў намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама. Быў яшчэ Габрусеў, які менш за паўгода кіраваў Магілёвам.
Адзінае, што было ў БНФ, — маленькі кавалачак улады заканадаўчай. Мы ў адрозненне ад астатніх умелі пісаць і распрацоўваць законы, таму многія прапановы БНФ і былі прыняты (або цалкам, або часткова) на заканадаўчым узроўні.
Фракцыя БНФ у тагачаснай парламенцкай палітры займала толькі 10 працэнтаў, але час ад часу мы пераконвалі парламенцкую большасць у сваёй праваце. Менавіта гэтая парламенцкая большасць зрабіла Беларусь незалежнай еўрапейскай дзяржавай.
Да таго ж нам вельмі тады пашанцавала, што менавіта Зянон Пазьняк кіраваў парламенцкай фракцыяй БНФ. У яго ёсць сапраўдная харызма. Як кажуць, гэты чалавек аказаўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Да і намеснікі ў яго былі някепскія. Тыя ж Голубеў, Заблоцкі, Навумчык.
Замест пасляслоўя
Дапускаю, што з меркаваннямі Алега Трусава пагодзяцца не ўсе. І не ва ўсіх з ім аднолькавыя погляды на нейкія па-
дзеі, але гэта менавіта тое, для чаго 25 жніўня 1991 года і стваралася наша Незалежнасць. Беларусаў зрабілі свабоднымі перш за ўсё для таго, каб кожны мог думаць самастойна, а не тое, што афіцыйна лічыцца “правільным”.
Даведка
Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У перыяд з 1976-га па 1992 год працаваў у сістэме беларускай рэстаўрацыі. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
З 1996-га да сакавіка 1998 года — дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм Беларускага ўніверсітэта культуры. Цяпер дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства.
Сябра аргкамітэта па стварэнні БНФ. У чэрвені 1989 года на Устаноўчым з’езде БНФ быў абраны ў склад першага Сойма БНФ. Браў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь “Пагоня”, бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.
У 1990—1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета
12-га склікання. З 1990-га па 1995 год — намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны.
У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай радай першым намеснікам старшыні ГА ТБМ. На VI з’ездзе ТБМ 17 красавіка 1999 года абраны старшынёй ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, якім кіруе дасюль.
Адзіны ў краіне выкладчык філатэліі Беларусі. Жанаты, мае дачку і ўнучку.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме