22:15 11.02.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда
Піша Сяргей Ваганаў.
Знаёмы токар на пытанне «Што чуваць?» звычайна адказваў: «Магло быць і лепей». Дамагчыся, што магло быць лепей, ніколі не ўдавалася. Пакуль нядаўна я не даведаўся, што ён з’ехаў некуды ў Расію. Успомніў, што бацька навучыў яго класці печы...
Другі знаёмы, селянін з-пад Іўя, колькі год таму збег з паміраючага калгаса і саматужна пачаў весці сельскую гаспадарку — вырабляць на продаж розны прадукт. «Ну ўсё, — заклапочана ўздыхнуў ён пры апошняй сустрэчы, — скончыўся продаж... Вось атрымаю «карту паляка» ды з’еду ў Польшчу. Тут няма чаго рабіць...»
У нядзелю БТ, аб’еўшыся, мусіць, уласнай хлуснёй пра шчаслівую ад падвышанай пенсіі бабулю, з захапленнем, быццам у краіне растуць вытворчасць і заробкі, паведаміла, што ці не ў разы вырасла колькасць вакансій. Я веру гэтым лічбам — людзі звальняюцца, з’язджаюць ад тых заробкаў хто ў Расію, хто ў Польшчу, хто куды...
Вось вам і байкот.
Так, ёсць падстава спытаць: якое дачыненне мае дзейнасць беларускай апазіцыі да таго, што адбываецца ў краіне? Не выказванні, не заклікі, не заявы, не дэкларацыі, не дэманстрацыя светапоглядаў — дзейнасць, цяжкая праца з людзьмі. На жаль, аніякай.
Калі лідар незалежнага прафсаюза пагражае ўладам арганізацыяй у замежжы байкоту беларускіх вырабаў, хочацца запытацца: а што гэты прафсаюз зрабіў для таго, каб не было патрэбы ў такім ганебным байкоце? Зладзіў забастоўку, распачаў гучныя судовыя справы ў абарону пацярпелых працаўнікоў, стварыў стачкамы, як тое было напрыканцы 80-х, арганізаваў грамадзянскі супраціў продажу «фамільнага срэбра»?.. Можа, нешта і робіцца. Але ўсё, што вядома пра гэты прафсаюз, — заявы ды справаздачы ў Жэневе...
Калі прыватная, хай сабе на падставе палітычнай непаўнавартасці, сварка асоб ператвараецца, у тым ліку іх намаганнямі, ледзь не ў прынцыповы канфлікт, ад якога аж заходзіцца ў асалодзе «сенсацыі» апазіцыйная прэса, не гаворачы ўжо пра БТ, мімаволі прыходзіш да сумнай высновы: адказнай палітычнай апазіцыі ў Беларусі няма.
Ёсць, безумоўна, моцная духоўная апазіцыя, з’яднаная ўнутраным супрацівам пачварнаму злу.
Ёсць вялізная колькасць незадаволеных уладай, упэўненых, што «магло быць лепей», і тых, хто самастойна шукае выйсця, усё часцей за мяжой.
І ёсць прафесійныя апазіцыянеры, сярод якіх ёсць здольныя і на самаахвяраванне, і на здраду, гатовыя і пайсці ў турмы, і паціху ладзіць гешэфт...
Але сапраўднай палітычнай апазіцыі няма.
Сапраўдная палітычная апазіцыя была жорстка збітая падчас вядомай галадоўкі дэпутатаў ад БНФ. А тая, што пазней мелася стаць сапраўднай, знікла ў нябыт...
Застаўся прывід.
Прасцей за ўсё патлумачыць такое становішча толькі вар’яцкім ціскам дыктатуры пры абыякавасці насельніцтва. Але тое ж насельніцтва, калі адчувае пагрозу сваім жыццёвым інтарэсам, праяўляе здольнасць да з’яднанага супраціву. Прыкладаў усё больш — ад супраціву аўтааматараў да супраціву знішчэнню парка. Праблема ў тым, што нашы прафесійныя апазіцыянеры не ў стане спалучыць жыццёвыя інтарэсы насельніцтва з сапраўднай незалежнасцю краіны, з нацыянальным Адраджэннем, з дэмакратыяй, з неабходнасцю кардынальных зменаў палітычнай сістэмы.
Не дзіва, што ўлада, напужаная тэктанічнымі зрухамі ў свеце, сама ў звыклай «локшыннай» манеры заяўляе аб неабходнасці зменаў...
Мяне зусім не абурае тое, што апазіцыя жыве на замежныя грошы.
Калі ўлады, не саромячыся, адбіраюць грошы ў настаўнікаў, дактароў ды пенсіянераў на падрымку таго ж БРСМ, дзяржаўных СМІ ды іншых праўладных структур, чаму апазіцыя павінна жабраваць?
Шкада толькі, што гэтыя грошы ідуць галоўным чынам на падтрымку прывіда...
Ці не прывід гэта, калі, нягледзячы на памылкі і паразы, у палітычнай апазіцыі застаюцца амаль адны і тыя ж персоны? Дыктатура, безумоўна, не зацікаўленая ў моцных палітычных партыях і грамадскіх рухах. Але ці зацікаўленыя ў тым жа нязменныя лідары гэтых малаколькасных і малавядомых утварэнняў?
Ад каго з іх вы чулі прызнанне ва ўласных памылках? І што яшчэ горш — ці чулі вы, акрамя як ад Някляева, прабачэнні за тое, што не здолелі супрацьстаяць правакацыі на Плошчы і падставілі людзей пад арышты, турмы і дручкі? Так, самі трапілі ў турмы, у палітвязні. Але што ж дзіўнага ў тым, што няма масавых патрабаванняў іх вызвалення, што ўся надзея на міжнародную супольнасць?!
...Сябра, з якім я падзяліўся гэтымі думкамі, нагадаў вядомы выраз: «Не страляйце у піяніста, ён грае як можа».
Але ж «піяніст» страляе ў сябе сам...
Сяргей Ваганаў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |