16:47 20.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Вянок памяці». Водгукі на сьмерць Міхася Чарняўскага (дапоўнена)
Узгадвае Георгі Штыхаў, доктар гістарычных навук, былы дырэктар Інстытуту гісторыі НАН:
«Гэта найвыдатнейшы беларускі археоляг. І вельмі любіў раскопкі, археолёгію зь дзяцінства. Чарняўскі адкрыў шмат старажытных стаянак, вывучаў каменны век і эпоху бронзы. Памятаю, як ён праводзіў вельмі цяжкія раскопкі на балоце. Адна са стаянак пакрылася багнай. А ён знайшоў там найцікавейшыя рэчы — выяву ідала з дрэва, якой больш за 5 тысяч гадоў. А другая ўнікальная знаходка — касьцяная фігурка чалавека, якая таксама адносіцца да каменнага веку. Прычым, займаўся раскопамі на вельмі вялікіх тэрыторыях. Але Міхась цікавіўся яшчэ шмат чым, дыяпазан інтарэсаў вельмі вялікі. Напісаў некалькі кнігі дасьледаваньняў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэта страта неймаверна вялікая, страта нацыянальнага маштабу».
Міхась Чарняўскі разам з Уладзімерам Караткевічам, Зянонам Пазьняком, Лявонам Баразной, Міколам Ермаловічам быў удзельнікам клюбу вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», разгромленага ў 1973–74 годзе.
* * *
Узгадвае гісторык Валянцін Голубеў: «Спадар Міхась — гэта мой старэйшы сябар і калега і па палітыцы, і па навуцы. Гэта прыклад змагара за Беларусь. Гэта, бадай, апошні палітычны зьняволены, як быў яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Ён перажыў цяжкі час рэпрэсіяў ужо пасьля сьмерці Сталіна. Рэпрэсіі былі і ў палітычным, і ў навуковым сэнсе. Але, дзякуй Богу, тады дырэктарам акадэмічнага Інстытуту гісторыі быў Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка, і ён меў мужнасьць Міхася падтрымаць.
Міхась Чарняўскі быў у нацыянальным руху не гарлапанам, а сапраўдным маральным, ідэйным лідэрам. Яго вельмі любілі і паважалі і ў Інстытуце нават камуністы, паважалі ў партыі сацыял-дэмакратаў і ў Народным фронце.
Апошнім часам ён займаўся антысавецкім рухам, адкрываў новыя імёны. Шкада, што не завяршыў...
Гэта такая велізарнейшая ўтрата ўсяго беларускага нацыянальна-вызвольнага руху».
У 1988–1989 гадах Міхась Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.
* * *
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа: «Міхась Чарняўскі быў нязьменным рыцарам беларускага Адраджэньня. Гэта заснавальнік ТБМ, „Грамады“ і БНФ. За сваё жыцьцё ён выгадаваў цэлае пакаленьне сапраўдных беларускіх патрыётаў.
Адмыслоўца вельмі шырокага дыяпазону: выдатны археоляг — дастатковыа прыгадаць крэйдавыя капаньні пад Валкавыскам. Цікавы пісьменьнік. Публіцыст. Мастак.
Яго адыход — вялікая трагедыя і гора для ўсіх беларусаў сьвету».
Міхась Чарняўскі удзельнічаў у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускага мастацтва», «Археалёгіі Беларусі» энцыкляпэдыі «Гісторыі Беларусі» ў шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю «Археалёгія і нумізматыка Беларусі».
* * *
Гісторык Ігар Кузьняцоў кажа, што самая галоўная заслуга Чарняўскага — што ён упершыню адкрыў праўду аб Мядзелскім і Смаргонскім моладзевым падпольлі: «Чарняўскі першым адкрыў сьвету імя Расьціслава Лапіцкага, расстралянага ў 1950-я гады. Ён згуртаваў вакол сябе ветэранаў пасьляваеннага антысавецкага супраціву, ён у свой час выпускаў і бюлетэнь, і часопіс. Гэта яркая гістарычная постаць. І спэцыяліста такого ўзроўню, ужо, напэўна ня будзе. Зь ягонай стратай закрываецца пэўная старонака, нават эпоха. Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў адраджэньню беларускай гісторыі. І ягоная спадчына яшчэ доўгія гады будзе запатрабаваная і маладымі гісторыкамі, і гісторыкамі старэйшага пакаленьня. І мы яшчэ не раз будзем спасылацца ў сваіх працах на ягоныя дасьледаваньні».
Гэтым летам Міхась Чарняўскі зьбіраўся здзейсніць сваю запаветную мару — зладзіць раскопы гарадзішча ў роднай вёсцы на Мядзельшчыне. Цяпер гэта мусіць зрабіць ягоны сын, таксама археоляг.
Іна Студзінская
* * * *
«Без Чарняўскага немагчыма ўявіць «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт БНФ «Адраджэньне»
Вінцук Вячорка пра Міхася Чарняўскага.
Палітык, мовазнаўца, адзін з пачынальнікаў беларускага дэмакратычнага рух 80-х гадоў Вінцук Вячорка:
«Міхась Чарняўскі — адзін з волатаў беларускага духу. Чалавек эпохі Адраджэньня. Энцыкляпэдыст і працаўнік, нязломны і прынцыповы, высокамаральны і сьціплы. Для майго пакаленьня ён увасабляў жывую нітку пераемнасьці. Гэта ад яго я даведаўся пра Ларысу Геніюш (мэмуары якой ён, рызыкуючы свабодай, вывез і ўрэшце апублікаваў) і пра Расьціслава Лапіцкага. І сам ён быў адважным носьбітам і стваральнікам беларушчыны — як гісторык і археоляг, як пэдагог, як грамадзка-палітычны лідэр.
Ён быў адной з ключавых постацяў «Акадэмічнага асяродку», за што быў выкінуты з Акадэміі, а потым з стаіцызмам і спакойным гумарам распавядаў пра гады працы ляўкасьнікам. Безь ягонага мудрага ўдзелу немагчыма ўявіць «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», зь якіх пачалася новая эпоха.
Ягоны сыход нечаканы і балючы, яшчэ зусім нядаўна ён энэргічна дзяліўся плянамі працягваць выкананьне яшчэ юнацкага абавязку — сабраць як мага больш матэрыялу пра герояў паваеннага супраціву; ён змагаўся за беларускамоўнасьць гістфаку БДУ ды падтрымліваў як мог наймаладзейшую зьмену; прадумваў далейшыя крокі арганізацыі «Вэтэраны Адраджэньня»… Шчырыя спачуваньні жонцы, дзецям і ўнукам спадара Міхася».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме