00:00 23.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Вянок памяці». Барыс Гюнтэр











Памёр Барыс Гюнтэр — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, праваабаронца. Праз 10 дзён, 2 верасьня, яму б споўніўся 71 год. У Вярхоўны Савет 12-га скліканьня Гюнтэр быў абраны ад Гомельскай-Сельмашаўскай акругі. Зь першага дня ўтварэньня Апазыцыі БНФ быў яе актыўным сябрам. Узнагароджаны мэдалём Літоўскай Рэспублікі «Памяці 13 студзеня». Пасьля заканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна».

Да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Барыс Гюнтэр працаваў рабочым на «Гомсельмашы», не ўваходзіў ні ў якія палітычныя партыі, ня быў грамадзкім актывістам. Але заўсёды вызначаўся актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, кажа паплечнік Барыса Гюнтэра па фракцыі БНФ у парлямэнце 12 скліканьня Алег Трусаў:

«Гэтая вось працоўная інтэлігенцыя, людзі, якія прыйшлі да нас па закліку сэрца, не былі чальцамі ніякіх партыяў. Барыс нават мовы ня ведаў, калі прыйшоў у парлямэнт. Але потым вывучыў і размаўляў па-беларуску. Тым больш што паводле пашпарта ён немец. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што ніякіх беларускіх нацыяналістаў у фракцыі БНФ не было, для нас галоўнае было — незалежнасьць Беларусі. І ў нашай апазыцыі ён увесь час быў надзвычай актыўны, на першых ролях. Яму і ў Літве далі ўзнагароду. Так што харошы быў чалавек...

Іншая справа, што калі кадэнцыя наша скончылася і мы сталі фактычна непатрэбнымі нікому — ні ўладзе, ні апазыцыі, — ён трапіў у такі жыцьцёвы крызіс. Многія з нас потым не знайшлі свайго месца ў жыцьці, многія памерлі. Не заўсёды радзіма сваіх герояў пры жыцьці памятае. Няхай зямля будзе яму пухам, чалавек ён быў варты, варты таго, каб яго не забывалі».

Барыс Гюнтэр быў сакратаром сталай камісіі Вярхоўнага Савету ў пытаньнях працы, цэнаў, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва.

Пра Барыса Гюнтэра ўзгадвае ягоны калега, старшыня камісіі Аляксандар Сасноў:

«Гэта быў чалавек, які пасьлядоўна адстойваў інтарэсы краіны, Беларусі, нягледзячы на тое, што ён нарадзіўся ня тут і ўвогуле не беларус. Але так здарылася, што пасьлядоўна адстойваў яе інтарэсы, яе незалежнасьць. Добры, разумны хлопец, ён па поглядах быў сябрам БНФ і заўсёды быў у той камандзе 27 прадстаўнікоў апазыцыі ў парлямэнце. Быў ён і сярод тых, каго гвалтам Лукашэнка выкінуў з Авальнай залі, парушыўшы і Канстытуцыю, і ўсе законы краіны».

Барыс Гюнтэр уваходзіў у склад Часовай камісіі ВС па ацэнцы дзейнасьці службовых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Узгадвае дэпутат Сяргей Навумчык:

«Праца Барыса ў Чарнобыльскай камісіі, калі ён дамагаўся адсяленьня людзей з забруджаных тэрыторыяў і прыняцьця патрэбных законаў — уратавала здароўе і жыцьці сотням, калі ня тысячам людзей. Але я прыгадваю тры экстрэмальныя эпізоды, калі давялося быць разам з Барысам. У студзені 1991-га, калі мы зь ім і з дэпутатам Ігарам Пырхам як прадстаўнікі Апазыцыі БНФ паехалі ў Вільню і былі зь літоўскімі

дэпутатамі ў будынку парлямэнту, ачэпленага тысячамі людзей, што выйшлі падтрымаць незалежнасьць. Памятаю дні і ночы жніўня 91-га — і ў час путчу, і пазьней, калі мы рыхтавалі праекты пастаноў для абвяшчэньня Незалежнасьці. Гэта была напружаная праца, але мы пачувалі сябе шчасьлівымі. І, вядома, ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, галадоўку супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму — перад тым як нас зьбівала „Альфа“, у залю ўвайшлі супрацоўнікі службы аховы прэзыдэнта і паспрабавалі выцягнуць нас з крэслаў. Пачалі з Барыса Гюнтэра. Але мы ўчапіліся адзін у аднаго і не далі вырваць Барыса. Ва ўсіх гэтых падзеях Барыс Гюнтэр трымаўся выключна мужна».

Калега Гюнтэра Лявонці Зданевіч кажа, што заўсёды ставіўся да спадара Гюнтэра з павагай:

«Я магу ўзгадаць пра Барыса толькі добрае. Сапраўды, чалавек ніколі не займаўся палітыкай, наагул грамадзкай дзейнасьцю да абраньня ў Вярхоўны Савет, стаў такой моцнай фігурай у нашым асяродзьдзі, вызначаўся пасьлядоўнасьцю, працавітасьцю. Я выпадкова сустракаў ягоных землякоў, якія зь вялікай сымпатыяй ставіліся да Барыса, што было вельмі прыемна. Вельмі шкада, што надыходзіць такі час, калі ўжо адыходзяць нашы паплечнікі, блізкія па духу людзі. Няхай будзе зямля пухам».

Барыс Гюнтэр быў адным з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія леглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 году рашэньняў аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі. І пахаваюць яго 25 жніўня.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме