15:30 03.06.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Вайна лістоў і загадаў у Партыі БНФ

 
У Партыі БНФ сітуацыя робіцца ўсё больш напружанай. Яна рэальна стаіць на мяжы расколу, які можа адбыцца ўжо праз некалькі тыдняў. Супрацьстаянне ідзе па шматлікіх кірунках – што да тактыкі палітычнай барацьбы ў дачыненні да ўладаў, стаўленне да новай палітыкі Еўропы датычна Лукашэнкі, давер ці недавер кіраўніцтву, маладыя і сталыя, узаемаадносіны з іншымі суб’ектамі дэмакратычных сілаў.
Гэтымі днямі разгарнулася сапраўдная інфармацыйная вайна. Шараговыя фронтаўцы атрымліваюць розныя загады і лісты, якія непасрэдна тычацца крызіснай сітуацыі ў партыі.
 
Шматвектарны канфлікт выспяваў усе апошнія месяцы. Пры канцы ж траўня яго абвастрыў і адначасова наблізіў вырашэнне старшыня Лявон Баршчэўскі.
 
Ён выдаў загад “Аб правядзенні агульнага сходу сяброў (актыву) партыі”. Загад падпісаны “з мэтай умацавання ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, стварэння больш спрыяльных умоваў для выканання раней прынятых рашэнняў, эфектыўнай парыхтоўкі да чарговага з’езду Партыі БНФ”.
 
Пытанні на сход, які склікаецца 20 чэрвеня, Баршчэўскі выносіць такія: аб удзеле Партыі БНФ у будучай прэзідэнцкай кампаніі і ўзаемадачыненнях з іншымі палітычнымі суб’ектамі, а таксама аб папярэднім вызначэнні партыйнага кандыдата на прэзідэнцтва. Апрача гэтых ключавых, прапануецца разгледзець так званыя факультатыўныя пытанні. У прыватнасці, аб удзеле ў Кангрэсе “За еўрапейскія каштоўнасці” (мерапыремства, што збіраецца ладзіць на наступны дзень, 21 чэрвеня, Еўрапейская кааліцыя на чале з Міколам Статкевічам).
 
Управе Партыі БНФ і яе адказнаму сакратару Уладзіміру Лабковічударучана было праінфармаваць фронтаўцаў пра арганізацыю сходу. Аднак Лабковіч лічыць загад Баршчэўскага нелегітымным, пра што і паведамляе ў адмысловым лісце да аднапартыйцаў. Паінфармаваў, але з выкрыццём.
 
“25.05.2009 г. у працэсе абмеркавання на паседжанні Управы Сойму Партыі БНФ загада старшыні партыі за №015 Управа Партыі БНФ прыняла наступнае рашэнне: У мэтах мацавання партыйнай еднасці, агульнаму выкананню прынцыпаў калегіяльнасці і дэмакратызму, якія прапісаныя ў Статуце Партыі БНФ, заклікаць старшыню Партыі БНФ адмяніць вышэйазначаны загад, як дакумент, які супярэчыць унутрыпартыйнай дэмакратыі і статуту Партыі БНФ”, - піша Лабковіч.
 
Матывы: “Парушэнне дадзенага прынцыпу у тым, што ў партыі фактычна адмяняецца дзеянне кіруючых і выканаўчых органаў (Сойму і Управы Партыі БНФ), а таксама ставіцца пад сумнеў свабода прыняцця рашэння вышэйшым органам партыі – З’ездам. Аднаасобна прынятае рашэнне толькі старшынём уваходзіць у яўную супярэчнасць з рашэннем Сойму Партыі БНФ, які на сваім паседжанні большасцю галасоў не падтрымаў праект рэзалюцыі старшыні партыі аб ацэнцы ўнутрыпалітычнай сітуацыі, а таксама выказаўся супраць прапанавыаных захадаў, у тым ліку і ў скліканні так званага агульнага сходу сябраў Партыі БНФ. Соймам быў адхілены ўвесь дакумент цалкам, адпаведна – усе пункты, што ён утрымліваў. Такім чынам, выдаючы падобны загад, старшыня Партыі БНФ фактычна прысвоіў сабе функцыі адмяняць рашэньні Сойму Партыі БНФ”.
 
“Такім чынам, ствараецца небяспечны прэцыдэнт, калі партыя кіруецца не сваімі органамі, абранымі З’ездам, а аднаасобна старшынём. Гэта досыць небяспечная тэндэнцыя, якая прывядзе да таго, што ў Партыі БНФ будуць усталяваныя парадкі, вельмі падобныя на сённяшні рэжым Лукашэнкі. Менавіта зараз проста неабходна абараніць нашыя інстытуты плюралізму, свабоды думак, і калегіяльнасці. Сумесныя абмеркаванні, нават спрэчкі, нават нязгода – гэта і ёсць універсальны шлях для прыняцця правільных рашэнняў. Па-іншаму партыя становіцца таталітарнай арганізацыяй, якая кіруецца загадамі аднаго чалавека, што абавязкова прывядзе БНФ да далейшай дэградацыі і развалу ўсіх партыйных інстытутаў”, - даводзіць Лабковіч.
 
Таксама небяспечнай ён называе спробу “маніпуляцыі словамі “сябры Партыі” і “актыў Партыі”. Паставіўшы ў загад абодва такія паняцці, старшыня відавочна спрабуе пакінуць сабе магчымасць выдаваць сход за легітымны орган прыняцця рашэньняў нават у тым выпадку, калі гэтыя ягоныя дзеянні падтрымае вельмі невялікая колькасць сяброў нашай Партыі, бо 50-70 чалавек немагчыма выдаць за агульны сход сябраў партыі, але абсалютна няясна, хто падпадае пад вызначэнне “актыў”, таму можна будзе казаць, што гэтыя 50-70 чалавек ёсьць найбольш актыўнымі сябрамі партыі і таму могуць прымаць найбольш легітымныя рашэнні”.

Нарэшце, Уладзімір Лабковіч нагадвае, што ў верасні 2008 года ў выкананне рашэння З’езду Партыі БНФ і Сойму Партыі БНФ Управа зацвярджае Палажэнне аб правядзенні кампаніі па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ: “Да студзеня 2009 г. паспяхова рэалізуецца першы этап кампаніі. Шляхам правядзення абласных сходаў сябраў Партыі БНФ, у якіх большасць сяброў партыі ўзялі ўдзел. Па выніках гэтага этапу было вылучана 12 прэтэндэнтаў з ліку сябраў партыі. Але ж у студзені па настойлівым патрабаванні старшыні партыі, намеснікаў старшыні Управа (а затым гэтае рашэнне пацвердзіў і Сойм) прыпыняе сваё рашэнне, і другі этап, падчас якога павінны былі адбыцца сходы ва ўсіх структурах партыі, на якіх павінныя былі адбыцца роўныя і адкрытыя дэбаты ўсіх кандыдатаў, адкладаецца. Працэдура так і не была адноўлена, бо старшыня партыі неаднаразова ўказваў на немэтазгоднасць правядзеньня працэдуры вылучэньня кандыдата ад партыі. Г.зв. “Агульны сход”, які прапаноўваеца наўзамен абмеркавання і галасавання ў структурах Фронту, не мае нічога агульнага з прынцыпамі роўнасці і дэмакратыі. Іншыя кандыдаты, акрамя дзеючага старшыні, безумоўна, знаходзяцца не ў роўных умовах, іх фактычна пазбавілі магчымасці агітаваць за сабе, працаваць з фронтаўскімі структурамі. Замест гэтага ім прапаноўваюць прыйсці на сход з цмянымі паўнамоцтвамі, кворумам і працэдурай прыняцця рашэньняў, які скліканы асабістым загадам аднаго з прэтэндэнтаў У такіх умовах, безумоўна, ніхто зь іх не мае ніводнага шансу. Відавочнай ёсць спроба маніпуляцыі, калі сваіх статутных правоў пазбаўляюцца Сойм і Управа партыі, рэгіянальныя структуры, а таксама прэтэндэнты на вылучэнне кандыдатам ад партыі, а рашэнні будзе прымаць пазастатутны сход з сумнеўным прадстаўніцтвам”.
 
І зварот Лабковіча: “Зараз для кожнага фронтаўца стаіць просты выбар, і гэта зусім не выбар паміж Мілінкевічам і партыйным кандыдатам (зараз наўмысна і штучна ў партыі навязваецца падзел па гэтам прынцыпе), выбар значна больш просты і значна больш важны: ці мы адстаім нашыя свабоды, нашае права адкрыта абмяркоўваць і выбіраць сабе кіраўніцтва, права ўсім фронтаўцам без выключэньня ўдзельнічаць у партыйнай дыскусіі, ці мы дазволім спаўзці нашай партыі ў дыктатуру, зламаем нашыя дэмакратычныя традыцыі і знікнем, ператварыўшыся ў карлікавую структуру, дзе адсутнічае свабода, і магчымасць развівацца.Таксама існуе небяспека, што гэтак званы “агульны сход” можа стацца раскольніцкім і падзеліць партыю на тых, хто прызнае З’езд найвышэйшым кіруючым органам, і тых, хто кіруецца рашэннямі нестатутнага сходу”.
 
Калі Лабковіч выказаў пазіцыю фронтасўкай апазіцыі, то кіраўніцтва партыі арганізавала ліст у падтрымку сваіх дзеянняў пад назовам “Знакамітыя фронтаўцы заклікаюць сяброў БНФ на сход 20 чэрвеня”.
 
Падпісалася старая гвардыя: Уладзімір Арлоў, сам Лявон Баршчэўскі, Ружа Ганчарова, Валянцін Голубеў, Станіслаў Гусак, Ірына Лаўроўская, Аляксей Марачкін, Пётра Садоўскі, Сяржук Сокалаў-Воюш, Галіна Сямдзянава, Юры Хадыка.
 
“Кожны з нас аддаў частку жыцця Беларускаму Народнаму Фронту. Мы пачуваемся адказнымі за будучыню БНФ. Звяртаемся да вас у вырашальны і небяспечны для лёсу Беларусі момант. Над будучыняй нашае краіны як незалежнай і свабоднай дзяржавы навісае небяспека непрадказальна доўгага панавання антыбеларускага і антыгуманнага рэжыму. Толькі ідэйная, адказная, маральная нацыянальна-дэмакратычная сіла можа ўратаваць краіну. Такой сілай мы, безумоўна, бачым у першую чаргу Беларускі Народны Фронт... Мы заклікаем сяброў-фронтаўцаў не паддавацца на ліслівыя намовы ідэолагаў “кіраванай апазіцыі”. Нельга пагаджацца аддаваць Беларускі Народны Фронт у рукі палітычных кан’юнктурнікаў, рукамі якіх бліжэйшая прэзідэнцкая кампанія будзе выкарыстаная для легітымізацыі рэжыму А. Лукашэнкі. Партыя БНФ павінна імкнуцца вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты і дамаўляцца толькі з тымі незалежніцкімі сіламі, якія, як і мы, бачаць перспектыву Беларусі не ў перавыхаваньні цяперашняга рэжыму, а ў яго сыходзе! Заклікаем фронтаўцаў падтрымаць прынцыповую лінію тых кіраўнікоў БНФ, што выступаюць за самастойную, ідэйную, маральную нацыянальна-дэмакратычную палітыку. Мы падтрымліваем прапанову старшыні Партыі БНФ правесці шырокую нараду як мага большай колькасці сяброў БНФ пра нашу стратэгію ў новых умовах і вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ. Запрашаем прыехаць у Мінск 20 чэрвеня тых актыўных сяброў Фронту, каму не абыякавы лёс БНФ і краіны".
              Сяргей БУЖАЎ 03-06, 10:08
 
    *  *  *
 
                                                                    Ліст фронтаўцаў
 
Дарагія фронтаўцы,
 
Кожны з нас аддаў частку жыцця Беларускаму Народнаму Фронту. Мы пачуваемся адказнымі за будучыню БНФ. Звяртаемся да вас у вырашальны і небяспечны для лёсу Беларусі момант. Над будучыняй нашае краіны як незалежнай і свабоднай дзяржавы навісае небяспека непрадказальна доўгага панавання антыбеларускага і антыгуманнага рэжыму. Толькі  ідэйная, адказная, маральная нацыянальна-дэмакратычная сіла можа ўратаваць краіну. Такой сілай мы, безумоўна, бачым у першую чаргу Беларускі Народны Фронт.
 
Але мы з трывогай сцвярджаем, што цяпер нацыянальна-дэмакратычны рух сутыкнуўся з сур’ёзнай пагрозай. Гэта пагроза ператварыць БНФ у частку “кіраванай апазіцыі”, цалкам падкантрольнай уладзе. Калі мы ня ўсведамім і ня ўхілім гэтую небяспеку, Беларускі Народны Фронт будзе зняслаўлены і знішчаны.
 
Некаторыя дзеячы палітычнай сцэны Беларусі ўжо фактычна пайшлі па слізкай дарожцы прыслугоўвання ўладзе. Яны пачалі пераконваць міжнародную супольнасць і беларускі народ, нібыта цяперашні рэжым стаў на шлях “лібералізацыі”. І гэта гаворыцца ў той самы час, калі ня высветленыя лёсы зніклых, у турмах сядзяць палітычныя вязні, нацыянальна свядомую моладзь збіваюць дубінкамі й выкідаюць з універсітэтаў, іншадумцы ня могуць знайсці працы, а ўлада не збіраецца нават часткова змяняць выбарчае заканадаўства і практыку ў бок еўрапейскіх стандартаў. Гэта можа гучаць абсурдна, але цяперашняя ўлада Беларусі метадычна падрывае жыццяздольнасць беларускае мовы, культуры, праўдзівай гістарычнай памяці, а значыць – духоўную моц беларускае нацыі.
 
Частка еўрапейскіх палітыкаў таксама зрабіла выгляд, што ў нашай краіне адбылася “дэмакратызацыя”, і заплюшчыла вочы на рэпрэсіі, адсутнасць палітычных і эканамічных свабодаў, пачала падаваць руку дыктатару.
 
Аднак Беларускі Народны Фронт, паводле сваёй праграмы і адвечнай традыцыі, вызнае прынцыпы маральнай палітыкі й гаворыць людзям праўду. Гэта і ёсць крыніца моцы й аўтарытэту БНФ. Таму мы кажам: нельга рабіць нашую незалежнасць закладніцай непрадказальнай волі адной аўтарытарнай асобы! Нельга ў часе крызісу, выкліканага ня толькі глабальнымі эканамічнымі прычынамі, але найперш хібным шляхам цяперашняга кіраўніцтва, апраўдваць апошняе! Толькі свабодны народ можа адстаяць незалежнасць, адрадзіцца эканамічна і культурна.
 
Мы заклікаем сяброў-фронтаўцаў не паддавацца на ліслівыя намовы ідэолагаў “кіраванай апазіцыі”. Нельга пагаджацца аддаваць Беларускі Народны Фронт у рукі палітычных каньюнктурнікаў, рукамі якіх бліжэйшая прэзідэнцкая кампанія будзе выкарыстаная для легітымізацыі рэжыму А. Лукашэнкі. Партыя БНФ павінна імкнуцца вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты й дамаўляцца толькі з тымі незалежніцкімі сіламі, якія, як і мы, бачаць перспектыву Беларусі не ў перавыхаванні цяперашняга рэжыму, а ў яго сыходзе!
Заклікаем фронтаўцаў падтрымаць прынцыповую лінію тых кіраўнікоў БНФ, што выступаюць за самастойную, ідэйную, маральную нацыянальна-дэмакратычную палітыку.

Мы падтрымліваем прапанову старшыні Партыі БНФ правесці шырокую нараду як мага большай колькасці сяброў БНФ пра нашу стратэгію ў новых умовах і вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ. Запрашаем прыехаць у Менск 20 чэрвеня тых актыўных сяброў Фронту, каму не абыякавы лёс БНФ і краіны.
Жыве Беларусь!

Уладзімір Арлоў, пісьменнік, сябра Сойму БНФ
Лявон Баршчэўскі, кандыдат навук, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, старшыня БНФ
Ружа Ганчарова, доктар навук, сябра Палітычнай камісіі БНФ
Валянцін Голубеў, кандыдат навук, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, сябра Сойму БНФ
Станіслаў Гусак, сябра Ценевага кабінету Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, сябра Аналітычнай камісіі БНФ
Ірына Лаўроўская, доктар архітэктуры, сябра Сойму БНФ
Аляксей Марачкін, мастак, сябра Сойму БНФ
Пётра Садоўскі, амбасадар, кандыдат навук, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, сябра Сойму БНФ
Сяржук Сокалаў-Воюш, пісьменнік, сузаснавальнік БНФ
Галіна Сямдзянава, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, сябра Сойму БНФ
Юры Хадыка, доктар навук, сябра Сойму БНФ, былы палітычны вязень
03-06, 10:51
 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме