13:34 06.03.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ ДЭПУТАТАЎ НЕ БЫЛІ АДКРЫТЫМІ, ГАЛОСНЫМІ, СВАБОДНЫМІ І СПРАВЯДЛІВЫМІ

ЗАЯВА

Цэнтральнага Камітэта

Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) прыняла актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання.

У тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі з чатырох вылучаных прадстаўнікоў БСДП быў уключаны толькі адзін прадстаўнік.

У акруговыя і тэрытарыяльныя ў раёнах г. Мінска выбарчыя камісіі з 15 вылучаных прадстаўнікоў БСДП быў уключаны толькі адзін прадстаўнік.

Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі з 21 вылучанага прадстаўніка БСДП было ўключана толькі тры прадстаўнікі ў Верхнядзвінскім раёне, дзе не вылучаліся кандыдаты ад БСДП.

39 сябраў БСДП былі зарэгістраваныя ў 54 Саветы дэпутатаў розных ўзроўняў, аднак па выніках “працэдуры галасавання” ні адзін з іх не быў абраны дэпутатам.

У межах кампаніі “Права выбару-2018” ад БСДП было падрыхтавана і працавала 118 назіральнікаў (54 на датэрміновым галасаванні і яшчэ 64 у асноўны дзень галасавання).

Назіральнікі БСДП зафіксавалі як парушэнні выбарчага заканадаўства, так і выявілі шматлікія фальсіфікацыі.

Пад час агітацыйнай кампаніі было зафіксавана выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса ў падтрымку праўладных кандыдатаў (адбываліся закрытыя сустрэчы з працоўнымі калектывамі, біяграфічныя дадзеныя кандыдатаў БСДП у некаторых выпадках падвяргаліся цэнзуры).

Выбаршчыкі, якія пражываюць у інтэрнатах, студэнты, салдаты і дзяржаўныя служачыя пад пагрозамі і прымусам арганізавана прыхадзілі на датэрміновае галасаванне.

Амаль усе назіральнікі зафіксавалі істотнае завышэнне яўкі выбаршчыкаў, а таксама завышаную колькасць жадаючых прагаласаваць на даму.

На участках былі зафіксаваныя так званыя выбарчыя “каруселі”, якія пачалі насіць масавы характар і якія ў сваю чаргу стваралі ілюзію яўкі.

У асноўны дзень галасавання назіральнікі знаходзіліся на адлегласці ад 3 да 12 метраў ад скрынь для галасавання і не маглі бачыць як змесціва саміх бюлетэняў, так і якія адзнакі стаяць у бюлетэнях насупраць прозвішчаў кандыдатаў, як раскладаюцца бюлетэні па стосах. Вынікі галасавання не агучваліся ў голас. Некаторыя назіральнікі ад БСДП былі выдаленыя з выбарчых участкаў.

На падставе вышэй адзначанага Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) канстатуе, што выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання, якія адбыліся 18 лютага 2018 года, не былі адкрытымі, галоснымі, свабоднымі і справядлівымі, а агучаныя Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці.

Зменаў у выбарчае заканадаўства, якое б рабіла выбары больш дэмакратычнымі і паляпшала бы пад час іх правядзення правапрымяняльную практыку, на жаль, не адбылося.

БСДП заклікае прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці ўстрымацца ад кантактаў з так званымі дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія былі прызначаныя ўладай і не развіваць з імі двухбаковае супрацоўніцтва да моманту правядзення ў краіне сапраўдных выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ і сусветнай практыкай.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме