12:46 30.09.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ВЫБАРЫ 27 ВЕРАСНЯ І НЯМЕЦКІЯ ЛЕВЫЯ

                               1. СДПГ – БОЛЬШ НЕ НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ

“Горкі дзень, горкая параза”.
Гэтыя словы правмовіў былы кандыдат на пасаду федэральнага канцлера ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Франка-Вальтэр Штайнмаер. Словы гэтыя прамоўленыя праз паўгадзіны пасля таго, як сталі вядомыя папярэднія вынікі выбараў у ніжнюю палату нямецкага парламенту.

Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, якая ад часу Фердынанда Ласаля, Вільгельма Лібкнехта і Аўгуста Бебеля была “заканадаўцам модаў” для сацыялістычнага руху ва ўсім свеце, пасля вялікага ўзлёту часоў Вілі Бранта і Хельмута Шміта, трацііць пазіцыю за пазіцыяй.
Ханс-Ёхен Фогель, Б’ёрн Энгхальм, Рудольф Шарпінг, Оскар Лафантэн, Герхард Шродэр, Франц Мюнтэферынг, Маціяс Пляцэк, Курт Бэк і зноў Франц Мютэферынг... Здаецца, я назваў усе імёны ўсіх пераемнікаў Вілі Бранта на пасадзе старшыні СДПГ.
Фогель быў добры ў якасці намесніка выдатнага старшыні партыі.
Энгхальм ублытаўся ў гісторыю з крымінальным душком.
Шарпінг не вытрымаў нагрузкі і (у якасці міністра абароны) не стрымаўся перад спакусай на дурніцу пакарыстацца дзяржаўнымі рэсурсамі.

Шродэр, якому сацыяльнай рыторыкай удавалася абводзіць вакол пальца выбаршчыкаў ў час выбарчых кампаній, вырашыў ператварыць сваю партыю з левай у цэнтрысцкую. Быў падняты лозунг новага цэнтру. Тэорыю трэцяга шляху, паводле якой сацыял-дэмакратыя стараецца пазбегнуць крайнасцяў камунізму і капіталізму, ён перарабіў на свой капыл. Цяпер СДПГ павінна была стаць адысці у цэнтр і стаць паміж левымі і правымі. На справе Шродэр стаў правадніком ідэй лібералізму. Мала таго, ён пасябраваў з Уладзімірам Пуціным і паспрабаваў пасябраваць з Аляксандрам Лукашэнкам. Займаючы пасаду канцлера, ён стаў бацькам праекту “паўночнага шляху” – прадуктаправоду па дне Балтыйскага мора. Страціўшы пасаду канцлера, ён стаў галоўным рэалізатарам гэтага праекту, чым выклікаў падазрэнне ў тым, што загадзя рыхтаваў сабе “запасны аэрадром”, г. зн. паазрэнне ў карупцыі.

Франц Мюнтэфэрынг стаў прыладай у руках партыйнай бюркаратыі шродэраўскага прызыву і правадніком яе палітыкі.
Паспяховы прэм’ер-міністр Брандэнбург Маціяс Пляцэк вымушаны быў пакінуць пасаду старшыні партыі з прычыны “кепскага стану здароўя” і па-ранейшаму ўзначальвае ўрад Брандэнбурга.
Курт Бэк, аказаўся для партыйнай бюракратыі занадта левым, і яго папросту “з’елі”. Часопіс “Focus» назваў пераварот, учынены партбюракратамі, путчам.

Калі ў 2005 годзе СДПГ увайшла ва ўрадавую кааліцыю ў якасці малодшага партнёра кансерватараў, многія ўжо тады прадказалі змрочную будучыню нямецкай сацыял-дэмакратыі.
Так, СДПГ уваходзіла ў “вялікую кааліцыю” з блокам Хрысціянска-дэмакратычнага і Хрысціянска-сацыяльнага саюзаў (ХДС/ХСС) у другой палавіне 1960-х. Але тады на чале партыі стаяла фігура: обер-бургамістр Заходняга Берліна, выдатны арганізатар і ідэолаг сацыял-дэмаккратыі, творца новай усходняй палітыкі Германіі Вілі Брант. Цяпер жа на месца Вілі Бранта – месца віцэ-канцлера і міністра замежных спраў – нямецкая сацыял-дэмакратыя паставіла мала каму вядомага Франка-Вальтэра Штайнмаера – гэткага нямецкага Чарненку. Як Чарненка амаль увесь час быў канцылярыстам у Леаніда Брэжнева, так Штайнмаер – у Герхарда Шродэра. І вось гэты чалавек, які ніколі не ўзначальваў партыйнай арганізацыі ў вялікім горадзе ці нейкай федэральнай зямлі, ніколі не быў бургамістрам ці прэм’ер-міністрам, стаў, па сутнасці, першай асобай у партыі.

Штайнмеру заміналі спачатку Маціяс Пляцэк, а потым – Курт Бек. І аднаго, і другога партыйнай бюракратыі шродэраўскага прызыву ўдалося прыбраць з дарогі. На пасаду старшыні партыі быў вернуты Франц Мюнтэфэрынг, верны паплечнік Герхарда Шродэра. Цяпер можна было абвяшчаць Штайнмаера кандыдатам на пасаду канцлера.

І хоць СДПГ у час выбарчай кампаніі ішла пад лозунгам “Sozial und demokratisch”, ёй мала хто верыў. Штайнмаер, які ніякі не арганізатар, якога разглядаюць як бледны цень Шродэра, не мог павесці за сабою нават усю сваю партыю. Гэта быў загадзя пройгрышны кандыдат.
27 верасня нямецкая сацыял-дэмакратыя набрала на выбарах 23 працэнты галасоў выбаршчыкаў. Гэта самы нізкі паказчык за ўсе 60 гадоў існавання Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. У параўнанні з папярэднімі выбарамі СДПГ страціла 11 працэнтаў галасоў.
Шродэраўская палітыка “новага цэнтру” і гульні з сацыял-дэмакратычнымі лозунгамі пацярпела фіяска. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі перастала быць народнаю партыяй.

У той час як СДПГ дасягнула самага нізкага выніку за 60 гадоў, самы высокі вынік  атрымала ліберальная Свабодная дэмакратычнай партыя (СвДП). Яна набрала 14 працэнтаў галасоў і ўжо мала адстае ад сацыял-дэмакратаў.
Я ж звяртаю ўвагу на тое, што з шасці парламенцкіх партыяў (ХДС/ХСС, СДПГ, СвДП, “Зялёныя”, Левая партыя) апошняя з шостага месца перайшла на пятае. І цяпер карціна выглядае наступным чынам: ХДС/ХСС, СДПГ, СвДП, Левая партыя, “Зялёныя”.

                               2.НОВАЯ СІТУАЦЫЯ

Звычайна эканамічныя і фінансавая крызісы прыялі ўмацаванню пазіцый сацыял-дэмакратаў. 27 верасня СДПГ пацярпела паразу і перастала быць народнай партыяй. Перастала быць народнаю партыяй і хрысціянская дэмакратыя, якую падтрымала толькі траціна выбаршчыкаў.
Фінансава-эканамічны крызіс првёў да таго, што ўсе вядучыя палітычныя Германіі зноў сталі калі не класавымі, дык сацыяльна арыентаванымі, сацыяльна вызначанымі. Цяпер больш дакладна, чым раней, абмалёўваецца поле кансерватызму, лібералізму, лібертыянства (“Зялёныя”), правай і левай сацыял-дэмакратыі (назваць Левую партыю камуністычнай язык не паварочваецца; гэта партыя хутчэй сацыялістычная). Кожная з гэтых палітычных сілаў мае цяпер сваю акрэсленую калі не класавую, дык сацыяльную базу. І ніводная з іх сёння не можа прэтэндаваць на званне народнай партыі.   

                               3. ШТО ЧАКАЕ НЯМЕЦКУЮ ЛЕВУЮ?

У першай частцы гэтага артыкулу я толькі згадаў і нічога не напісаў пра Оскара Лафантэна.
Самы малады (у 33 гады) обер-бургамістр Саарбрукена, прэм’ер-міністр Саара, пры якім на федэральных выбарах за СДПГ галасавала больш як 50 працэнтаў выбаршчыкаў, – вось кароткая характарыстыка выхаванца каталіцкай гімназіі, фізіка, які стаў выдатным палітыкам і тэарэтыкам сацыял-дэмакратыі. Нічога дзіўнага, што Оскар Ланфантэн быў выбраны на пасаду старшыні партыі. Але Оскар Лафантэн – фізік, і таму аналітык. З другога боку, Лафантэн надзелены талентам тэарэтыка, які чытаў і Маркса з Энгельсам, і Карла Каўцкага з Розай Люсембург, і Рудольфа Гільфэрдзінга з Ота Баўэрам. Ён стаў намеснікам старшыні партыі пры Бранту і сустаршынёй камісіі, якая выпрацавала (пры Бранту) праграму СДПГ 1989 года.

У якасці аналітыка і тэарэтыка Лафантэн набыў рэпутацыю парушальніка спакою. Ён не прызнаваў аўтарытэтаў (акрамя хіба.аўтарытэту Вілі Бранта) і, карыстаючыся крытычным Макрсавым метадам, паказаў небяспеку для сацыял-дэмакратыі шродэраўшчыны, тэорыі “новага цэнтру”. Як старшыня партыі і міністр фінансаў, ён публічна выказваў нязгоду з курсам, які ўзяў канцлер Шродэр.
Партыйная бюракаратыя, для якое Лафантэн быў надта левы і надта разумны, цесна згуртавалася вакол Шродэра. Вуснамі Франца Мюнтэфэрынга яна прамовіла: “Оскар, сыдзі!”
І Оскар сышоў. З пасады старшыні партыі і з пасады міністра. Сышоў і з партыі. За ім (на радасць партбюракратыі) СДПГ пакінулі некалькі дзесяткаў тысяч сацыял-дэмакратаў.
Левыя групы і групоўкі Заходняй Германіі атрымалі падмацаванне і свайго правадыра.
Партыя дэмакратычнага сацыялізму, якая паўстала на руінах кіраўнічай у ГДР Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі, цяпер мела з кім весці перамовы пра аб’яднанне. Так у 2007 годзе нарадзілася Левая партыя Германіі.

Раней сілы, якія стаялі лявей ад СДПГ, ніяк не маглі набраць ў Заходняй Германіі патрэбныя 5 працэнтаў галасоў, каб трапіць у зямельныя парламенты. З утварэннем Левай партыі яны трапілі ў парламенты Брэмена, Гамбурга і Ніжняй Саксоніі. Сёлета яны атрымалі дэпутацкія мандаты на радзіме Лафантэна – у саарскім ландтагу – і ў ландтагах Гесэна і Шлезвіг-Гольштайна.
Сёння Левая партыя мае сваіх прадстаўнікоў у дванаццаці зямельных парламентах: акрамя Брэмена, Гамбурга, Гесэна, Ніжняй Саксоніі, Саара і Шлезвіг-Гольштайна, у сенаце Берліна і ландтагах ўсіх ўсходнегерманскіх земляў – Брандэнбурга, Мекленбурга–Пярэдняй Памераніі, Саксоніі, Саксоніі–Ангальт і Цюрынгіі. У некаторых трох парламентах (Саксонія, Саксонія-Ангальт і Цюрынгія) прадстаўнікоў Левай партыі больш, чым дэпутатаў ад СДПГ. На федэральных выбарах 27 верасня Левая партыя ўмацавала свае пазіцыі, набраўшы больш як 11,9 працэнтаў галасоў супраць 8,9 адсоткаў Партыі дэмакратычнага сацыялізму ў 2005 г. Гэта дазваляе Левай партыі з аптымізмам глядзець у будучыню.
Існаванне Левай партыі і ўмацаванне яе пазіцый не дазволіла цяпершняму кіраўніцтву СДПГ канчаткова звесці партыю з левага флангу. Ангела Мэркель задоўга да выбараў сказала, што ёй не вальмі жаданая кааліцыя з сацыял-дэмакратамі, бо СДПГ знаходзіцца цяпер пад уплывам Левай партыі.

Выбары 27 верасня сталі для СДПГ моцным ударам. І хоць Франк-Вальтэр Штайнмаер, насуперак дэмакратычным традыцыям, не хоча пакідаць сваёй пазіцыі партыйнага лідэра ў Бундэстагу, партыі давядзецца ўчыніць рэвізію сваёй палітыкі і вырашаць кадравыя пытанні. Пра гэта ў сваім першым інтэрв’ю пасля выбараў сказаў генеральны сакратар СДПГ Хубэртус Хайль.
СДПГ чакаюць цяжкія часіны. Унутрыпартыйная барацьба немінучая. Партыйная бюракратыя шродэраўскага прызыву будзе супраціўляцца істотным зменам і пераменам, асабліва кадравым (у галіне ідэалогіі яна пастараецца абысціся касметычнымі змяненнямі). Не выключана, што тысячы сацыял-дэмакратаў пакінуць СДПН. І многія з іх далучацца да Левай партыі.

У Левай партыі лепшыя перспектывы. Поспехі гуртуюць, і яна згуртаваная. Партыі ёсць за што змагацца, бо яна не мае сваіх прадстаўнікоў у ландтагах Баварыі, Бадэн-Вюртэмберга, Паўночнага Райну – Вестфаліі і Райнланду–Пфальца. Няма ў гэтай партыі і закаснелай бюракратыі. Яна папросту не склалася. У моладзі і навабранцаў ёсць перспектыва росту. Нарэшце, у Левай партыі яркія лідэры. Акрамя Оскара Лафантэна, гэта і Лотар Біскі, і Грэгар Гізі. А побач з гэтым трыумвіратам падрастаюць новыя лідэры, асабліва ў заходніх землях, дзе барацьба за давер грамадзян вельмі вострая.
Наагул, Левай партыі даводзіцца цярпець атакі як з боку кансерватараў і лібералаў, так і з боку шродэраўцаў. І гэта яе загартоўвае.

З другога боку, у СДПГ усё мацней раздаюцца галасы на карысць супрацоўніцтва з Левай партыяй. СДПГ ужо не першы год вымушана ствараць кааліцыі з Левай партыяй на камунальным і зямельным узроўнях. Аднак на федэральным узроўні гэта пакуль што немагчыма. Нядаўна Франц Мюнтэфэрынг растлумачыў, чаму немагчыма: Оскар Лафантэн, сказаў ён, прадаў партыю, нанёс ёй удар. Са словаў Мюнтэфэрынга вынікае, што пакуль Лафантэн будзе лідэрам, саюз СДПГ і Левай партыі на федэральным узроўні немагчымы.

Тут можна было б сказаць, што гэта Мюнтэфэрынг і кампанія самі калі не здрадзілі, дык надта далёка адышлі ад базавых прынцыпаў сацыял-дэмакратыі. Пазіцыя, агучаная старшынёй СДПГ, – пазіцыя слабога, пакрыўджанага палітычнага гульца. Слабасць Мюнтэфэрынга і Штайнмаера як палітыкаў прадэманставалі выбары 27 верасня. Яны і ўся старая каманда прайгралі. Але яны не хочуць прызнаць гэтага і пакінуць заняткі палітыкай.

Ці складзецца саюз левых партый у Германіі, цяпер шмат у чым залежыць ад вынікаў непазбежнай унутрыпартыйнай барацьбы ў СДПГ, ад таго, ці здолее СДПГ развітацца са шродэраўшчынай, успомніць пра Вільгельма Лібкнехта, Аўгуста Бебеля, Вілі Бранта і вылучыць новых лідэраў.

Анатоль Сідарэвіч
28.09.2009

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме