15:02 05.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ВЕЧАРЫНА Ў ГОНАР ЮБІЛЕЮ АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА
29 студзеня – 125 гадоў зь дня нараджэньня Антона Луцкевіча, бацькі беларускай дзяржаўнасьці, вядомага беларускага палітычнага і грамадзкага дзеяча, публіцыста, літаратурнага крытыка, гісторыка, лінгвіста, выдаўца.
Менавіта Антон Луцкевіч сказаў словы: “Трэба абвясьціць незалежнасьць Беларусі”. Менавіта Антон Луцкевіч зьяўляецца аўтарам тэксту 3-й Устаўной граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Акту 25 сакавіка 1918 году. Быў старшынём Рады народных міністраў і міністрам замежных спраў БНР.
У дзень юбілею ва ўправе БНФ маладыя сацыял-дэмакраты наладзілі вечарыну памяці аднаго з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
Вечарыну адкрыў сябар Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Павел Знавец. Вёў вечарыну намесьнік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі БСДП Аляксей Сігаеў.
На сустрэчу прыйшлі намйенік старшыні БСДП Анатоль Сідарэвіч і галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Скурко.
«Луцкевіч– адзін з заснавальнікаў першых беларускіх газэт. Ён – і ніхто не аспрэчвае тэзіс Гарэцкага – лепшы беларускі публіцыст. Ніхто не аспрэчвае тэзіс, што па праву першым беларускім крытыкам можа лічыцца Антон Луцкевіч. Гарэцкі шчыра прызнаецца, што ў аснову яго “Гісторыі беларускае літаратуры” пакладзена кніга Антона Луцкевіча «Нашы песьняр. Менавіта Антон Луцкевіч – аўтар канцэпцыі дзяржаўнага ўладкаваньня Беларусі, Літвы і Украіны. Ідэю Злучаных штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора сфармуляваў сваёй рукой Антон Луцкевіч. Кажуць, не без Міхайлы Грушэўскага, вялікага ўкраінскага гісторыка і старшыні Цэнтральнай Рады» – сказаў Анатоль Сідарэвіч.
“Луцкевіч атрымаў бліскучую класічную адукацыю, вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту, на юрыдычным факультэце Дэрпцкага унівэрсытэту”, – распавядае Анатоль Сідарэвіч. – “Яго былы вучань, Мар'ян Пецюкевіч назваў Луцкевіча «вэрсальчыкам». Гэта азначае галантнасьць, добрыя манэры, уменьне добра гаварыць па-француску, размаўляць з людзьмі розных клясаў і званьняў. Ён бліскуча валодаў польскай мовай».
Андрэй Скурко паведаміў прысутным, што ужо звярстана трэцяя кніга выбраных твораў Антона Луцкевіча “Барацьба за вызваленьне”. Гэта будзе том больш як на 600 старонак. Яго выпускае Інстытут беларусістыкі.
«Луцкевіч, – дадаў Анатоль Сідарэвіч- становіцца вельмі цытаваным аўтарам у дысэртацыях, у навуковых працах. Надзвычай цытаваным аўтарам. А гэта азначае, што імя Луцкевіча вяртаецца”.
Анатоль Сідарэвіч і Андрэй Дынько адказалі на шматлікія пытаньні прысутных. Адбылася непрацяглая дыскусія.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме