11:00 16.02.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ВАРШАВА ПАДТРЫМАЛА НЯКЛЯЕВА, КАБ СПАДАБАЦЦА МАСКВЕ? ПАЛЕМІКА Ў ПОЛЬШЧЫ
Яраслаў Качынскі звінаваціў Сікорскага ў тым, што перад выбарамі той падтрымаў Някляева, каб спадабацца Маскве. Ён запатрабаваў больш актыўнай падтрымкі Варшавай беларускай апазіцыі. Яму запярэчыў намеснік міністра замежных спраў і былы пасол у Мінску Генрык Літвін. Літвін даказвае, што Польшча вымушана праводзіць у Беларусі палітыку з пазіцыі слабасці, бо не мае ніякіх інструментаў уплыву.
Наконт Някляева ён адказаў абцякальна — што няможна чапаць гэтую тэму, пакуль не выйшаў з турмы апошні палітвязень.
Падзеі 19 снежня ў Мінску застаюцца ў цэнтры ўвагі еўрапейскіх палітыкаў. Міжнародная грамадскасць засыпала афіцыйны Мінск патрабаваннямі вызваліць палітвязняў. Паводзіны Лукашэнкі на выбарах выклікалі хвалю крытыкі ў бок тых заходніх палітыкаў, якія спрабавалі весці з ім дыялог. Пасля 19 снежня частка з іх прызнала памылкі, частка ўпарта настойвала на тым, што Лукашэнка не заслугоўвае санкцый.
Найбольш грунтоўную дыскусію беларускае пытанне выклікала ў Польшчы. Экс-прэм’ер і лідар кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць» Яраслаў Качынскі апублікаваў у «Рэчыпасполітай» вялікі пад назвай «Сікорскі прайграў Беларусь», у якім назваў польскую палітыку ў дачыненні да Беларусі голым піярам.
Артыкул гэты не застаўся без увагі Міністэрства замежных спраў Польшчы — праз два тыдні пасля публікацыі Качыньскага на старонках той жа «Рэчыпасполітай» выйшаў Качыньскаму. Яго аўтарам стаў віцэ-міністр замежных спраў, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, Генрык Літвін.
«Удзел польскай дыпламатыі ў апошніх выбарах у Беларусі скончыўся катастрофай, бо апіраўся на непрафесійнай, жадаемай, а не рэальнай ацэнцы сітуацыі ў гэтай краіне», — піша Качынскі.
«Аляксандр Мілінкевіч, — працягвае Качынскі — адмовіўся ад удзелу ў гэтых выбарах калі стала зразумелым, што не атрымае падтрымкі Еўрапейскага Саюза, які не жадаў дражніць Расіі, што ўспрымала Мілінкевіча як «занадта празаходняга» палітыка.
Узамен польская дыпламатыя — супольна з нямецкай — адкрыта падтрымлівалі больш слабага палітычна кандыдата, які лічыўся прарасійскім і якога не магла падтрымаць выразная большасць незалежніцкай беларускай апазіцыі».
«Ці польскі МЗС разлічваў на нейкі цуд у часе выбараў? Як ацаніць якасны ўзровень аналізу, на якім грунтавалася польская дыпламатыя? Ці такія дзеянні абапіраліся на падтрымку Расіі, а калі так, дык чаму яна скончылася ў дзень выбараў?» — пытаецца ён. «Поспехам Масквы і паразай Варшавы» называе падзеі 19 снежня Качынскі. «Расія выразна перайграла міністра Сікорскага і ўсю Еўропу, — піша ён, — схіліўшы іх… да вываду з выбараў Мілінкевіча і кінуўшы іх на полі бою з прайграўшым, пабітым і арыштаваным Уладзімірам Някляевым. Масква рэалізавала ўсе свае мэты: з выбараў быў выбіты празаходні кандыдат, яна падпісала дамовы з Лукашэнкам, павялічыўшы ягоную залежнасць ад сябе, і адштурхнула Беларусь ад Еўропы».
Асудзіў у сваім тэксце Яраслаў Качынскі таксама выбар метадаў уздзеяння на Лукашэнку. Шэф «Закона і справядлівасці» назваў візавыя санкцыі «сімвалічным жэстам» і заклікаў ЕС увесці поўнае эканамічнае эмбарга Беларусі. «Беручы пад увагу, што палова беларускага экспарту трапляе на рынак ЕС, Лукашэнка быў бы вымушаны саступіць пад такім націскам», — лічыць Я.Качынскі.
Спадар Качынскі, крытыкуючы польскую беларускую палітыку міністэрства Сікорскага, не забываецца узгадваць аб поспехах свайго урада ў гэтым кірунку. У прыватнасці, Яраслаў Качынскі нагадвае, што менавіта ягоны ўрад запачаткаваў Праграму Каліноўскага, аднавіў надаванне радыё «Рацыя» і заснаваў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат». Качынскі папракнуў цяперашняе кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў у скарачэнні бюджэту канала.
Закранае Качынскі і балючую для палякаў тэму — Саюз палякаў Беларусі.
«Восенню 2008 году польскае МЗС спрабавала прымусіць незалежны Саюз палякаў Беларусі аб’яднацца з кіраваным КДБ праўладным саюзам, што фактычна азначала б ліквідацыю незалежнага прадстаўніцтва польскай меншасці», — піша Качынскі. Завяршаючы артыкул, ён заклікае вярнуцца да ранейшай палітыкі сцвярджаючы, што «realpolitik» Сікорскага, акрамя інвестыцый Яна Кульчыка ў беларускую эканоміку, для Польшчы нічога не прынесла.
Такія вострыя закіды не маглі застацца без увагі Міністэрства замежных спраў. Праз 12 дзён пасля публікацыі Качынскага на старонках той жа «Рэчыпасполітай» яму адказаў былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, які пасля катастрофы пад Смаленскам заняў пасаду намесніка Радаслава Сікорскага.
«Еўропа праводзіць ў дачыненні Беларусі выразную і адзіную палітыку, а Польшча ў яе вызначэнні адыгрывае вырашальную ролю. Тым больш прыкра, што ў такія важныя дні кіраўнік польскай апазіцыі шкодзіць гэтай дзейнасці», — такімі словамі Генрык Літвін распачаў свой адказ Качынскаму.
Спадар Літвін грунтоўна разважае аб асаблівасцях найноўшай беларускай гісторыі і пераменах, якія мелі месца ў Беларусі на працягу апошніх пяці гадоў. Паводле яго, сітуацыя ўнутры Беларусі на працягу гэтых гадоў значна змянялася і польская палітыка мянялася разам з ёю.
Адказаў Літвін і на абвінавачванні Качынскага ў падтрымцы прарасійскага кандыдата Някляева. «Абвінавачванні, што датычаць выніковасці падтрымкі таго альбо іншага беларускага апазіцыйнага палітыка, трэба ацаніць як неразважлівыя. Негатыўная ацэнка кандыдата, які ў часе напісання артыкула знаходзіўся пад арыштам, раней быў збіты і пазбаўлены адэкватнай медыцынскай дапамогі, а ў цяперашні час знаходзіцца пад хатнім арыштам і чакае суда, сумна выдзяляецца на фоне прынцыпа, якога трымаецца дэмакратычны свет, што мы не робім адрозненняў між абвінавачанымі ў перавароце праціўнікамі Лукашэнкі, пакуль апошні з іх не будзе на волі», — зазначыў Літвін. І ўпікнуў Качынскага, што ягоны артыкул цытавала БТ у падмацаванне сваіх тэорый польскай рукі за «спробай перавароту».
Літвін абараняе палітыку польскага ўрада ў Беларусі. Адзначае, што Польшча не можа навязваць суседняй краіне сваіх поглядаў. Піша, што дзеянні беларускага ўрада ў дачыненні да Саюза палякаў у Беларусі хоць і непрымальныя з пункту гледжання еўрапейскіх практык, але адпавядаюць «законам, якія дзейнічаюць у Беларусі».
Качынскі настойвае на актыўным уздзеянні на Беларусь і беларускія ўлады. Літвін адстойвае канцэпцыю стрыманасці. «Думка, што Польшча павінна аказваць непасрэдны ўплыў на фармаванне ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, гэта памылковы пасыл».
Ён падкрэслівае: «Беларусь — гэта незалежная краіна, у дачыненні да якой нас абавязвае прынцып неўмяшальніцтва ў ягоныя ўнутраныя справы. Польшча можа ўздзейнічаць на сваіх суседзяў толькі праз дэманстрацыю прывабнага ўзору шляху развіцця».
Ён заклікае «рэалістычна» ацэньваць магчымасці Польшчы ўплываць на падзеі ў Беларусі: «Доўгія гады мы назіраем асаблівасць беларускага шляху палітычнага развіцця, — адзначае ён. —
У цяперашняй сітуацыі мы здольныя адно што дасягаць перамір’я і спынення агню». І прапануе сыходзіць з пазіцыі слабасці: «Нам патрэбны дыялог, каб не блакавалі ўсякай нашай актыўнасці» ў Беларусі.
І ў Качынскага, і ў Літвіна ўражвае глыбіня ведаў пра Беларусь і рэфлексіі пра яе.
Але ў выніку яны прыходзяць да супрацьлеглых вывадаў.
Качынскі прапануе дабівацца змены рэжыму ў Беларусі. Літвін лічыць гэта немагчымым і прапануе цярпліва «паважаць іх [беларусаў] не заўжды цалкам для нас зразумелую адрознасць».
Алесь Пілецкі, Андрэй Дынько
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |