12:16 02.09.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Віншаванне. Івану Нікіфаравічу Лабачову - 70!










Паважаны Іван Нікіфаравіч,

прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды 70-х угодкаў з дня Вашага нараджэння.

Адслужыўшы належны трэрмін у Савецкай Арміі, Вы пачалі свой працоўны шлях кавалём на Мінскім трактарным заводзе. Працу на гэтым прадпрыемстве Вы спалучалі з вучобай на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Скончыўшы, апрача юрыдычнага факультэта, Мінскую сярэднюю школу міліцыі, Вы шмат гадоў служылі ў органах унутраных спраў на транспарце.

У новых грамадска-палітычных умовах Вы шмат энергіі аддалі грамадскай працы – як намеснік старшыні Беларускага таварыства аховы правоў спажыўцоў і як кіраўнік Мінскага абласнога таварыства абароны правоў спажыўцоў. Грамадскую дзейнасць Вы спалучалі з працай на гаспадарчых пасадах. Дзеля гэтага ў Вас мелася належная падрыхтоўка, бо ў дадатак да дыплома юрыста Вы атрымалі дыплом аб сканчэнні ўлікова-фінансавага факультэта Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі.

Зусім натуральна, што, ведучы актыўную грамадскую дзейнасць, Вы прыйшлі ў шэрагі сацыял-дэмакратаў. Вы занялі ў нашай Грамадзе даволі віднае становішча. Вас неаднаразова выбіралі сябрам Цэнтральнага Камітэта і Мінскага гарадскога камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Як сябар гарадскога камітэта, Вы ўзначалілі гарадскую рабочую партыйную групу “Пенсіянеры/Ветэраны”. Вы ўвайшлі таксама ў партыйную рабочую групу “Юрысты і праваабаронцы”.

Карыстаючыся аўтарытэтам і даверам таварышаў, Вы тройчы прадстаўлялі сацыял-дэмакратаў у Цэнтральнай Камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Падчас мінулагодняй палітычнай кампаніі “Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” Вы каардынавалі працу партыйных назіральнікаў на выбарчых участках. Каардынатарам вы з’яўляецеся і сёлета, падчас палітычнай кампаніі “Выбары Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”.

Віншуючы Вас з юбілеем і выказваючы ўдзячнасць за актыўную працу, мы жадаем Вам, паважаны Іван Нікіфаравіч, добрага здароўя, працоўнага настрою і бадзёрасці.

Прэзідыум
Беларускай сацыял-дэмакратычнай

партыі (Грамады)

Мінскі гарадскі камітэт
Беларускай сацыял-дэмакратычнай

партыі (Грамады)

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме