00:46 26.04.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Віншаванне Міколу Лавіцкаму

Дарагі Мікалай Емяльянавіч,

прыміце нашы самыя шчырыя віншаванні ў дзень Вашага 70-годдзя.

Сын чыгуначніка, Вы, скончыўшы прафесійна-тэхнічнае вучылішча, сталі ў шэрагі рабочага класа. На 35 гадоў Вы звязалі сваю працоўную біяграфію з Мінскім аўтамабільным заводам. Пачаўшы працоўную кар’еру кавалём-штампоўшчыкам, Вы асвоілі прафесіі тэрміста, слесара-электрыка, вывучыліся на майстра ліцейнай вытворчасці. Вы займалі пасады намесніка начальніка аддзела аховы працы Мінскага аўтамабільнага завода і вытворчага аб’яднання “БелаўтаМАЗ”.

Актыўны член прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, Вы сталі старшынёй прафсаюзнага камітэта аўтамабільнай вытворчасці і намеснікам старшыні прафсаюзнага камітэта вытворчага аб’яднання “БелаўтаМАЗ”. За сваю актыўную дзейнасць Вы двойчы траплялі пад скарачэнні, але Вас аднаўлялі на працы дзякуючы прафсаюзнай салідарнасці.

Акрамя рабочых прафесій, прафесіі майстра ліцейнай вытворчасці, Вы атрымалі дыплом журналіста, друкаваліся ў газетах “Звязда”, “Народная газета”, “Народная воля”, “Наша слова” і інш. У 2006–2011 гг. Вы выдалі тры зборнікі сваіх твораў.

Прайшоўшы ў свой час службу ў Савецкай Арміі, Вы, лейтэнант запасу, разам з сябрамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў у 1992 г. на плошчы перад Домам ураду склалі ганаровую прысягу на вернасць незалежнай Беларусі.

З моманту заснавання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Вы сталі актыўным сябрам гэтае арганізацыі. Каля 10 гадоў Вы ўзначальвалі арганізацыю ТБМ у Заводскім раёне г. Мінска, былі першым намеснікам старшыні ТБМ і тройчы – старшынёй рэвізійнай камісіі Таварыства.

Асабліва мы адзначаем, што з 1995 года Вы з’яўляецеся сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Вы працавалі ў Кастрычніцкай раённай партыйнай арганізацыі, а потым шэраг гадоў узначальвалі Заводскую раённую арганізацыю БСДП у г. Мінску, уваходзілі ў склад Мінскага гарадскога камітэта БСДП. Ад жніўня 2008 г. да сакавіка 2016 г. Вы былі сябрам Цэнтральнага Камітэта партыі. На ўсіх партыйных пасадах Вы добрасумленна выконвалі свае абавязкі, заўсёды памяталі і памятаеце, што беларуская сацыял-дэмакратыя вядзе свой радавод ад братоў Луцкевічаў, Цёткі ды іншых змагароў за Беларусь.

Віншуючы Вас з днём нараджэння, мы жадаем Вам, дарагі Мікалай Емяльянавіч, добрага здароўя, бадзёрага працоўнага настрою, аптымізму. Няхай Вам шчасціць і няхай шчасце не мінае Вашых родных і блізкіх.

Прэзідыум
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады)

Мінскі гарадскі камітэт
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады)

26 красавіка 2016 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме