14:01 24.07.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Віктар Марціновіч: Мундыяль скончаны. Мы — наступныя?
Мы маем поўнае гумно яўных сведчанняў таго, што справамі нашымі грэшнымі і лёсамі нашымі гаротнымі пільна зацікавіліся палітычныя тэхнолагі і сацыяльныя інжынеры суседняй магутнай дзяржавы. Можа, чытачу газеты «Сад і агарод» гэтага і не бачна, усім жа астатнім тут нават няма чаго дадаткова тлумачыць.
Як вы заўважылі, я не вялікі аматар выказвацца за палітыку. Бо ў беларускім выпадку гэта заўсёды крышачку гаданне на драніках: усе зыходнікі схаваныя, пра галоўнае не кажуць на нарадах, «аналітыкам» даводзіцца сілкаваць думку той формай, якую прымае бульбяная сумесь на патэльні штодзённасці.
Але бываюць выпадкі, калі маўчанне старэйшых і нашмат больш прафесійных калег вымушае сказаць тое-сёе. Проста каб праз дваццаць гадоў, разбіраючы бягучы момант, нашчадкі не пыталіся, дзе ж яны былі, тыя майстры культуры. Куды глядзелі. Няўжо апантаныя былі адно залевай ды пытаннем пра тое, ці можна браць плату за ўваход на фестываль «Вуліца Ежа», дзе ежу на вуліцы падаюць таксама за плату?
Дык вось давайце без хітрыкаў з аднаго боку і паранойкі з другога. Мы маем поўнае гумно яўных сведчанняў таго, што справамі нашымі грэшнымі і лёсамі нашымі гаротнымі пільна зацікавіліся палітычныя тэхнолагі і сацыяльныя інжынеры суседняй магутнай дзяржавы. Можа, чытачу газеты «Сад і агарод» гэтага і не бачна, усім жа астатнім тут нават няма чаго дадаткова тлумачыць.
Сведчанні тыя прыходзяць — зноўку — не з нашага ласкавага тэлевізара, а з крыніц і калідораў Расіі, а таксама з інтэрнэт-сайтаў яе . І тут трэба сказаць, што калі б «Незыгарь» яшчэ ў траўні паведаміў хаця б толькі пра магчымае прызначэнне адказнага за «руленне» ўкраінскім пытаннем Уладзіслава Суркова амбасадарам у Літву, Польшчу ці Украіну, тамтэйшыя папяровыя часопісы ўзняліся б на дыбкі і перажоўвалі б тую тэму ажно вось да сёння.
А ўжо пасля дадатковых «зліваў» пра тое, што ў якасці альтэрнатывы Суркову на пасаду пасланніка ў Беларусь прасоўваўся той самы губернатар Аляксандр Ткачоў, які казаў, што пастаўкі нашай сельгаспрадукцыі «руйнуюць» рускі рынак, дыскусія выйшла б на парламенцкі ўзровень. У нас — цішыня, толькі эксперты нервова чэшуцца.
Што яшчэ маем навідавоку?
Заяву пра стварэнне Бабурыным у Мінску палітычнага руху пры падтрымцы «Румола» і Праваслаўнай царквы (!). Маем нядаўні дэсант у Беларусь расійскага кіраўніцтва — прычым дэсант ці не самы прадстаўнічы за ўсю гісторыю зносін: тут і прэзідэнт, і прэм’ер, і ўсе-ўсе-ўсе. І пасля перамоваў у закрытым фармаце — трывожную фразу Лукашэнкі пра магчымае ўваходжанне ў склад іншай дзяржавы.
Таксама мы маем дзесяцідзённай даўніны паведамленне РБК пра тое, што Расія «вызначылася» з новым амбасадарам у Беларусь, што ім стане Міхаіл Бабіч, чалавек, калі каротка, яшчэ менш просты за Суркова з Ткачовым. І далей — ўварванне ў гэтую тэму беларускага МЗС, які заяўляе «Інтэрфаксу», што «запыт» на Бабіча не атрымлівалі.
І адразу — раз’юшаны выпад «Незыгаря» супраць Уладзіміра Макея, які «адтуль» празываецца «заходнім агентам уплыву» (быццам на няпростай пасадзе кіраўніка МЗС Беларусі мог існаваць «заходні агент уплыву»). Вэрхал у маскоўскіх СМІ і кулуарах надзвычай кантрастуе з той мізэрнай роляй, якую Беларусь звычайна займала на трэцім экране раздзела «Рэгіёны» маскоўскіх парталаў. Мы выйшлі ў фокус. Пасля зімовай Алімпіяды 2014 года здарыўся крымскі крызіс і Данбас, пасля Мундыялю раптам пільна зацікавіліся намі. І вы ж разумееце, што размова ідзе ну зусім не пра постаць рускага амбасадара.
Што адбываецца? Да чаго рыхтавацца? Выкажу сваё меркаванне, якое ні на чым, акрамя інтуіцыі, не грунтуецца.
Масква не збіраецца абвяшчаць нам вайну. Нам не варта рыхтавацца да ўзброенага канфлікту. Больш за тое, размова не ідзе пра тое, каб «зняць Лукашэнку». Дзейны кіраўнік Беларусі Пуціна цалкам задавольвае.
Але ж.
Выглядае на тое, што нашы дбайныя суседзі задумаліся пра палітычную будучыню беларускай сістэмы значна раней за нас саміх і раней нават за момант, калі той клопат быў бы своечасовым. «Незыгарь» проста піша пра ўльтыматум аб пераемніку ўжо на наступных прэзідэнцкіх выбарах. І тут можна задацца пытаннем: а з чаго гэта разбухторваннем беларуска-рускай тэмы заняўся хай сабе дасведчаны, але ж Тэлеграм-канал? Тэлеграм у Расіі заблакаваны (хай сабе і больш-менш працуе), чытачоў «Незыгаря» ўнутры федэрацыі з кожным днём менее.
Усё проста: аўдыторыяй закідаў «Незыгаря» (напрыклад, пра «абойму пераемнікаў» ці пра Макея як «заходняга агента ўплыву») з’яўляецца беларуская наменклатура. Менавіта гэтай публіцы проста ў вушы заліваюць план выратавання нашай краіны добрым царом.
Вось як мусіць бачыць (і ўжо бадай што бачыць!) сітуацыю сярэднеўзяты беларускі чыноўнік: Масквы нам сюды не хацелася б (бо будзе перадзел адказнасці і адкатаў). Але калі загадзя не прыйдуць рускія, потым, як грукне чорны час, заявяцца «амерыкосы». І пачнецца «як на Майдане» (беларускае чынавенства ўпэўненае ў тым, што Майдан зладзіў Абама). То хай ужо лепей Пуцін і сёння. Пенсіі, зноў жа, вышэйшыя.
Ужо цяпер бачная траекторыя зрухаў у палітыцы і адносінах. Яна скіраваная на адрэзак восені 2019 — вясны 2020 гг. У гэтую ж часовую лунку працуе і рускі «нафтавы манеўр», які для нашай эканомікі горшы нават за AliExpress. Разабрацца ў манеўры без пляшкі гарэлкі Beluga немагчыма, але калі каротка — манеўр азначае канец таннай нафтачкі.
Што маем у 2019—2020? Правільна, чаканыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Якія, паводле «Незыгаря», мусяць скончыцца схемай пераемніка, што задавальняе «дзядзю Вову». Інакш — мінус 2 ярды ў бюджэце, што складаецца з 10 мільярдаў. Нездарма ж, дарэчы, днямі заязджаў Герман Грэф. Ці не абмяркоўвалі акрамя будаўніцтва на месцы «Кемпінскі» (пытанне замалое для ягонага ўзроўню) яшчэ які-небудзь кампенсацыйны крэдыт? Што дапамог бы перажыць страты ад манеўру ў выпадку дамовы па астатнім?
Глядзіце. Мы маем развілку, як у казцы пра багатыра: з аднаго боку, ніхто вось сёння не паглынае Беларусь, не «здымае» яе кіраўніка. Але з іншага боку, высунутыя ўмовы па ўладкаванні нашай будучыні ў прыемным для Крамля ключы. І гэтыя ўмовы не надта ж укладаюцца ў нашы ўласныя планы. Але пры іх адрынанні спрацоўвае нафтавы манеўр, актывізуюцца расстаўленыя на полі сілы, і пачынаецца «некрасівы» сцэнар. Ажно да запрашэння ў склад.
Дык вось і што рабіць перад такім выбарам? Што рабіць, калі палова насельніцтва пабяжыць у Расію задраўшы галаву, толькі каб пазбегнуць дармаедскіх мераў?
Адказам сістэмы з’яўляецца хаатычная хваля арыштаў, якая адначасова запужвае наменклатуру і мусіла б цешыць электарат. Але ніякай сацыяльнай палёгкі ад іх не наступае. Робяцца бачнымі каласальныя маштабы карупцыі, і толькі.
Я б раіў паскарэнне беларусізацыі (наяўнымі тэмпамі яна зробіць беларусаў з беларусаў толькі да 2200 года). Але нечаканае падвышэнне пенсій з 1 жніўня аж на 10% дазваляе чакаць гульні «паспей хутчэй за дзядзю Вову». Ці ўбачым мы выбары ўжо ўвесну, пакуль расстаўленыя крамлёўскімі тэхнолагамі трыгеры не спрацавалі? Ці, можа, наспеў час той самай канстытуцыйнай рэформы а-ля «сыход Дыяклетыяна», з прызначэннем кіраўніка дзяржавы парламентам?
Чаму мяне ўсё гэта кранае? Пісьменнік прывязаны да краіны больш, чым гандляр, мастак ці нават палітык. Усе раманы, створаныя беларускай мовай за апошнія 30 гадоў, былі напісаныя авансам. У спадзеве на тое, што некалі выгадуецца масавы чытач, здольны на гэтай мове вольна чытаць. Бо інакш мы не проста страчаная генерацыя. Мы — лішняя генерацыя. Як і нашы нешматлікія (не лічыць жа вялікім наклад у 2000-7000 у дзесяцімільённай краіне) чытачы.
Таму спадзяюся, што Беларусь перажыве і застанецца.
Яна, дарэчы, і не такое перажывала.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме