10:30 14.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ВІЗЫТ ПАРЛЯМЭНТАРОЎ ПАЎНОЧНАЙ РАДЫ Ў МЕНСК
У Менску зь візытам знаходзілася група парлямэнтароў Паўночнай рады, сярод якіх прадстаўнікі Фінляндыі, Швэцыі й Даніі.
У рамках візыту адбыліся сустрэчы як з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу, так і з прадстаўнікамі апазыцыйных сілаў, а таксама няўрадавых арганізацыяў.
Візыт адбыўся ў рамках падрыхтоўкі да сэмінару па пытаньнях экалёгіі, які пройдзе ў Вільні ў днях 23-24 сакавіка з удзелам прадстаўнікоў афіцыйных урадаў, а таксама прадстаўнікоў апазыцыі з розных краін, у тым ліку й зь Беларусі. У Вільні ужо адбыліся дзьве такія імпрэзы.
Учора прадстаўнікі Паўночнай рады сустэліся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.
Старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі, які прымаў удзел у сустрэчы, кажа, што парлямэнтары Паўночнай рады хочуць наладзіць трывалы кантакт зь беларускім бокам.
Л. Баршчэўскі: Яны спрабуюць наладзіць кантакт з афіцыйнай Палатай прадстаўнікоў, на што мы ім адзначылі, што гэтую ўстанову ня лічым парлямэнтам, паколькі яна не была абраная. Параілі ім, што лепш кантактавацца з урадам, калі іх цікавяць канкрэтныя пытаньні. Яны займаюцца глябальнай экалёгіяй, таму іх цікавяць пытаньні постчарнобыльскай Беларусі. Мы дамовіліся працягваць кантакты.
На думку прадстаўніка АГП Льва Марголіна, сябры Паўночнай рады стараюцца зацікавіць пытаньнямі, зьвязаным з экалёгіяй, прадстаўнікоў палітычнага й грамадзкага жыцьця розных узроўняў.
Леў Марголін: Іх спадзяваньні вельмі простыя: яны хочуць стварыць агульнае паразуменьне ў Эўропе, што тычыцца пытаньняў аховы навакольнага асяродзьдзя. І яны разумеюць, што гэта павінен быць ня толькі аднабокі пункт гледжаньня ўладных структураў, але й прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама грамадзкага сэктару. Яны сваім прыкладам сьведчаць, што ў Паўночнай радзе ёсьць прадстаўнікі ўладных партыяў, а таксама апазыцыйных.
Старшыня Беларускай сацыял–дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч зазначае, што галоўны націск у супрацы паміж уладай і апазыцыяй прадстаўнікі Паўночнай рады ставяць на дыялёг.
А. Ляўковіч: Падчас сустрэчы з намі яны ставілі пытаньне выпрацаваньня нейкага кансэнсусу, каб пачаўся дыялёг паміж прадстаўнікамі ўладаў і апазыцыяй. Пазыцыя рады такая: лепш весьці дыялёг і размову, чым нічога не рабіць. Сёньня яны праводзяць перамовы зь беларускімі парлямэнтарамі. Яны хочуць вызначыць цэлую групу ў парлямэнце, якая будзе ўдзельнічаць у такіх сустрэчах.
Не сакрэт, што прадстаўнікі беларускай ўлады не штодзённа абмяркоўваюць пытаньні, зьвязаныя з ацяпленьнем клімату ці аховай навакольнага асяродзьдзя. Тым больш складана сабе ўявіць, якім чынам гэтыя пытаньні яны будуць абмяркоўваць з апазыцыяй.
А. Ляўковіч: Я сабе такі дыялёг уяўляю даволі проста, як і іншыя прадстаўнікі апазыцыі. Іншая справа, як гэта сабе ўяўляюць беларускія парлямэнтары. У мінулым годзе на сустрэчу ў Вільні запрашаліся беларускія парлямэнтары, прыехаў толькі адзін. Адбываліся дыскусіі, была нават крытыка некаторых момантаў. Але справа ў тым, што нашыя парлямэнтары ня могуць выразіць сваёй уласнай пазыцыі.
У склад Паўночнай рады ўваходзяць прадстаўнікі Даніі, Фінляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі. Паўночная рада шчыльна супацоўнічае з Радай міністраў паўночных краін.
Гэтыя структуры ўжо маюць досьвед у падтрымцы грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Прыкладам, у канцы 2005 году Рада міністраў паўночных краін выступіла зь ініцыятывай дапамагчы ў фінансавым пляне Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту, які вымушаны працаваць на чужыне. У сьнежні 2006 году адпаведнае рашэньне было падпісанае Генэральным сакратаром Рады міністраў паўночных краінаў Пэрам Ункэлем.
У кастрычніку 2006 году Рада міністраў пачала рэалізацыю адмысловай праграмы для грамадзкіх арганізацыяў Балтыйскага рэгіёну, якая спансаруе сумесныя акцыі скандынаўскіх, прыбалтыйскіх, польскіх i беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме