14:16 02.04.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ: НАКІД ПЛАНУ РАТАВАННЯ РЭЖЫМУ

Тое, ува што мы ўпарта адмаўляліся верыць, усё ж пачало адбывацца. Лукашэнкаўская трансфармацыя, размовы пра якую яшчэ паўтара года таму ўспрымаліся як поўная лухта, і пра якую паўгода таму нават аўтар гэтых радкоў разважаў як пра гіпотэзу, стала рэчаіснасцю.

Мінулы год аказаўся першым за чатырнаццаць гадоў панавання ў Беларусі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, напрыканцы якога палітычны клімат выразна памякчэў у параўнанні з пачаткам года. Не будзем спрачацца з тымі, хто сцвярджае, што гэтая трансфармацыя павярхоўная і збольшага дэманстрацыйная — у маім папярэднім артыкуле на гэтую тэму была выведзена формула «нулявой сумы», што значыць, што кожны лібералізацыйны крок будзе кампенсавацца рэпрэсіямі на нейкім іншым кірунку, каб забяспечыць шчыльнасць кантроля ўлады над грамадствам. Больш за тое, усе размовы пра лукашэнкаўскую трансфармацыю першапачаткова грунтаваліся на пасылцы, што пабуджальным яе чыннікам будзе інстынкт самазахавання ўлады.

І ўсё ж тыя зрухі, што адбыліся цягам другой паловы 2008 г., цяжка было ўявіць яшчэ некалькі месяцаў таму самым заўзятым аптымістам. Таму апазіцыя і часткова незалежнае грамадства былі ў нейкай ступені заспетыя знянацку распачатым псеўдарэфарматарскім працэсам. Склалася даволі парадаксальная сітуацыя, калі альтэрнатыўныя актары цяпер не столькі прапаноўваюць рэфарматарскія праграмы, але хутчэй вымушаныя тэрмінова рэагаваць на тое, што прапануе ўлада; не столькі змагаюцца за набыццё пэўнай ступені свабоды і поля для дзейнасці, але хутчэй у пэўнай разгубленасці разважаюць, што рабіць з тым полем, якое для іх раптам адкрылася. І што ўжо зусім дакладна, што фактара фінансавага крызісу і яго ўплыву на трансфармацыйныя працэсы ў Беларусі яшчэ некалькі месяцаў таму не прадбачыў амаль ніхто.

Лукашэнкаўская трансфармацыя выразна акрэслілася ў 2008 г., але перадумовы для яе сталі назапашвацца раней, і знешні шок толькі наклаўся на гэтыя перадумовы. Імклівае змяненне эканамічнага і геапалітычнага кантэксту вымушае скарэктаваць нашае бачанне таго, да якіх наступстваў можа прывесці гэтае спалучэнне доўга- і кароткатэрміновых чыннікаў, у якім кірунку можа рухацца Беларусь у блізкай і сярэдняй перспектыве, і якое існуе акно магчымасцяў, каб прасунуць перамены і зрабіць іх незваротнымі.

Ідэі і бачанні, выказаныя ў гэтым артыкуле, могуць падацца нацягнутымі. Аднак беларуская палітычная аналітыка заўжды рабіла высновы, зыходзячы з таго, што было ўчора, грунтуючыся на стэрэатыпах і прапісных ісцінах з паліталагічных падручнікаў, прымаючы пад увагу дынаміку падзеяў толькі тады, калі яе наступствы ўжо зрабіліся відавочнымі, у яе рэдка хапае смеласці мадэляваць і прадказваць на аснове ледзьве заўважных тэндэнцыяў, важнасць якіх амаль заўжды напачатку ігнаруецца ці прыніжаецца.

Але — што, калі?.. Што, калі лукашэнкаўская трансфармацыя выкліканая не толькі сітуацыйнымі, але і доўгатэрміновымі, незваротнымі зрухамі, якія робяць аднаўленне старога лукашызму дзесяцігадовай даўніны ўжо фізічна немагчымым нават у больш спрыяльных эканамічных варунках? Што, калі ва ўладнай эліты пачала ці пачне з’яўляцца станоўчая матывацыя да пераменаў? Што, калі сама сістэма ўлады ўжо дастаткова размылася, каб стварыць прастору для прасоўвання новых сцэнароў развіцця і трансфармацыі? Што, калі — абсалютна ў піку ўсяму, што мы ведаем пра Лукашэнку і пра палітычныя рэжымы ўвогуле, — у Беларусі пачне стварацца акно магчымасцяў для эвалюцыйных пераменаў і кампрамісных, пактавых сцэнароў трансфармацыі? Ці можам мы прагаварыць, канцэптуалізаваць і прапанаваць гэтыя сцэнары?

                                     ЭРОЗІЯ: ПЕРАДУМОВЫ І СУТНАСЦЬ

Разважанні пра магчымую будучыню трансфармацыі беларускай сістэмы пераважна зводзіліся да высновы, што рэформы (прынамсі, палітычныя) у ёй немагчымыя. Рэжым неабмежаванай асабістай улады, пры якой сціраецца мяжа паміж дзяржаўнымі інстытутамі і прыватнай воляй першай асобы, паміж дзяржаўным багаццем і скарбам і кішэняй кіраўніка дзяржавы, паміж урадам і ўнутраным колам найбліжэйшых паплечнікаў, прынцыпова не здатны да эвалюцыйнай трансфармацыі. З аднаго боку, такі рэжым занадта ўляпаўся ў розныя злоўжыванні, каб мець хоць нейкую матывацыю да пераменаў. З іншага, ён заснаваны на логіцы прымітывізацыі сацыяльнага і палітычнага ландшафту, што вынішчае грамадзянскую супольнасць і магчымае кола суб’ектаў, з якімі ўлада мусіла б дамаўляцца. Пры яго сістэме маніторынга лаяльнасці ўладнага кола эфектыўна падаўляецца распаўсюд крамолы ўнутры ўладнага апарату — калі толькі найбліжэйшае атачэнне не скіне самаго ўладара.

Тэза пра султанісцкі характар лукашэнкаўскай улады падмацоўвалася развагамі пра яе прэвентыўны характар. Іншымі словамі, улада знішчае магчымыя асяродкі, дзе можа нарадзіцца дзейны супраціў, яшчэ да таго, як гэтыя асяродкі пачнуць несці пагрозу. Жорсткі аўтарытарны рэжым атрымліваў перавагу ад таго, што мог адсочваць механізмы і працэсы распаду і трансфармацыі больш лагодных суседніх рэжымаў, рабіў адпаведныя высновы і знішчаў зародкі апазіцыі ў сябе дома, нават калі на дадзены момант яны яму не пагражалі. Любыя прапановы лібералізацыі, нават калі тыя неслі нейкія кароткатэрміновыя выгады, успрымаліся як падкоп пад сістэму і рашуча адхіляліся. Такім чынам, эвалюцыя лукашызму была выключана паводле азначэння.

Адметнасцю старога лукашызму было тое, што яго існаванне і выжыванне амаль дзесяцігоддзе залежала пераважна ад двух знешніх чыннікаў — доступу беларускіх тавараў на расійскі рынак і нізкіх параўнальна з сусветнымі цэны на сыравіну, што забяспечвала стабільны прыток рэсурсных рэнтаў. Кантроль над фінансавымі плынямі (якія да таго ж было выключна проста маніторыць нават не самай прафесійнай машынай «паралельнай дзяржавы») і кантроль над «вонкавымі» знешнімі стасункамі (багата хто з прарасійскіх крытыкаў Лукашэнкі слушна наракаў, што ён «манапалізаваў» беларуска-расійскія дачыненні) азначаў, што патрэбы ў асаблівых здзелках з унутранымі суб’ектамі ў Лукашэнкі не было. Такая канструкцыя стабільнасці, што цалкам аформілася на мяжы тысячагоддзяў, дазваляла ўзяць курс на татальную прымітывізацыю эканамічных і грамадскіх стасункаў, якая ў існасці мусіла прыўнесці ў сістэму механізмы самастрахоўкі і самазахавання. Некаторыя каментатары пачалі гаварыць пра «кубінізацыю» Беларусі.

Аднак у самой канструкцыі сістэмы, у аснове яе ўзаемаадносінаў з грамадствам былі закладзеныя фактары, што заміналі бясконцай прымітывізацыі.

Першае, стаўка на ўздым спажывецкага ўзроўню ў якасці самалегітымізацыі ўлады звузіла (хоць цалкам не знішчыла) поле для прымітывізацыйных тэндэнцый. Павышэнне даходаў мае наступствы, якіх улады не ў стане кантраляваць: такія, як узнікненне новага попыту (скажам, на інфармацыю) і новых практык (напрыклад, распаўсюджванне электронных відаў трансакцыяў), задавальненне якіх вымагае аслабіць рэпрэсіўны кантроль. Самі спажыўцы не робяцца аўтаматычна дэмакратамі (яны імі могуць зусім не стаць), але ўскладненне эканамічных практык і інфраструктуры дадае новыя магчымасці і лазы для абыходу сістэмы.

Другое, у выніку нафтагазавага канфлікту з Расіяй у 2006—2007 гг. стала ясна, што старая формула лукашэнкаўскай сістэмы (тыя самыя магічныя два фактары) ужо не гарантуе доўгатэрміновага выжывання сістэмы. Улада стала шукаць запасных варыянтаў, наступіўшы на горла ўласным прынцыпам прынамсі ў двух аспектах — з аднаго боку, адбыўся адыход ад «апоры на ўласныя сілы» і пачаўся пошук замежных інвестараў. З другога боку, стала зразумела, што без палітычнага дыялогу і эканамічнага супрацоўніцтва з Захадам выжыванне гэтай сістэмы не гарантаванае.

Трэцяе, рэжым пайшоў на кампраміс з прамысловай элітай — гэтаксама, як калісьці на кампрамісы са «спецамі» ішлі савецкія ўлады. Як вынік, у краіне пакрысе пачала крышталізавацца ўладная эліта з амаль усімі яе атрыбутамі, у тым ліку і з унутранымі супярэчнасцямі. Пачынаючы з 2002—2003 гг. пачалася алігархізацыя сістэмы. У 2007—2008 гг. прыкметы таго, што асобныя сегменты дзяржаўнай бюракратыі выходзяць з-пад кантролю і пачынаюць сваю гульню, сталі ўжо відавочнымі.

Такім чынам, яшчэ да канца 2008 г., гэта значыць, да пачатку фінансавага крызісу, унутры сістэмы ўлады і ва ўзаемаадносінах яе з грамадствам распача­ліся працэсы эрозіі, якія паставілі пад пагрозу адразу тры чыннікі, на якіх грунтавалася стабільнасць сістэмы. Гэта — сацыяльны кантракт з грамадствам, персаналізаваная сістэма ўлады і стабільнасць геапалітычнага патранажу Расіі. Калі ва ўмовах дынамічнага росту сусветнай эканомікі даступнасць прыватных пазыкаў дазваляла мінімізаваць наступствы эканамічных праблемаў і забяспечыць выжыванне, пазбегнуць палітычнага ціску з боку заходніх дзяржаваў, то ва ўмовах фінансавага крызісу пошук шляхоў да захавання стабільнасці нацыянальнай эканомікі ўсё больш выразна вёў у кірунку дзяржаўных крэдытораў і міждзяржаўных фінансавых арганізацый. Гэта азначае, што эканамічнае выжыванне сістэмы надзвычай палітызавалася і стала залежаць у тым ліку ад палітычных стасункаў з вядучымі сусветнымі сіламі і ад здольнасці афіцыйнага Мінска выканаць пэўны рэфарматарскі мінімум, які можа быць яму высунуты ў якасці крытэру прагрэсу.

Бадай, выразнай праявай змены стылю лукашэнкаўскай улады стаў адыход ад папулісцкай і антызаходняй рыторыкі. Адыход ад патэрналісцкай рыторыкі (вядомая заява ў навагоднім звароце на 2008 г. пра тое, што дзяржава болей не можа выконваць функцыяў Дзеда Мароза) вельмі хутка трансфармаваўся ў прынцыпова новае — у амаль ліберальныя сцвярджэнні пра неабходнасць «вызвалення» грамадства ад непатрэбнага кантролю і абмежаванняў, пра патрэбу раскрыць яго творчую энергію. Заявіўшы пра імкненне ўвайсці ў чысло трыццаці найлепшых краінаў свету (выразны прыклад рэйтынгавай пасткі, дарэчы), улада фактычна адмовілася ад пошуку «ўласнага шляху развіцця», зрабіўшы стаўку на пагоню за лідэрам акурат на заходнім, дэмакратычным флангу. Гэтая параза пакуль што вуалюецца, але ж падчас вырашэння практычных праблемаў улада выразна ўцягваецца ў практыкі таго самага «цывілізаванага» свету.

Найбольш яскравай праявай эрозіі сэнсаў стаў паступовы адыход ад рыторыкі «сацыяльна арыентаванай дзяржавы», што было выклікана неабходнасцю дзяржавы пазбавіцца ад шэрагу сацыяльных абавязкаў перад грамадствам. Тут жа варта адзначыць асабленне рыторыкі «асаджанай крэпасці» і «выспы стабільнасці ў бушуючым моры», што тлумачыцца неабходнасцю шукаць кампраміс з Захадам.

Адзін былы палітык апавядаў аўтару гэтых радкоў гісторыю пра тое, як падчас «Чарнобыльскага шляху-96» яму давялося ўступіць у спрэчку з вышэйшымі міліцэйскімі чынамі краіны. З яго словаў, гэтая спрэчка была ўшчэнт прайграная. Абаронцы сацыяльна арыентаванай мадэлі мелі цудоўныя аргументы, каб бязлітасна лупцаваць апазіцыю. Яны абаранялі (паводле іхных словаў) прамысловасць, сацыяльную сістэму, гарантыі занятасці, беспраблемную старасць пенсіянераў, усё тое, што згарэла б у рэфарматарскім запале. Сённяшняй генерацыі рэпрэсіўнага апарату ўсё больш даводзіцца сутыкацца з тым, што рэпрэсіі накіроўваюцца на «простага чалавека». Пры гэтым у лукашэнкаўскай сістэме не ўзнікла каналаў сацыялізацыі ўласнай прэтарыянскай гвардыі (на прыклад Зімбабвэ, дзе чальцоў падраздзяленняў, аналагічных паўлічэнкаўскай брыгадзе, адбіраюць у бацькоў у дзесяцігадовым узросце і адпаведна выхоўваюць).

Заключэнне пагаднення з МВФ азначала найбуйнейшую ідэалагічную паразу. Паказальна, што калісьці сам Лукашэнка распякаў дэпутатаў расійскай Думы за тое, што іхны ўрад ідзе на паклон «жулью з МВФ». Цяпер, каб пазбегнуць ціску з боку тых самых расійцаў, да гэтага «жулья» Лукашэнка звярнуўся сам. Лукашэнкаўская Беларусь, без залішняй помпы і цырымоній, ціхенька здалася на міласць Вашынгтонскага кансенсусу. Пры гэтым, пайшоўшы на непапулярныя меры, улада відавочна аказалася ў сітуацыі ідэалагічнага вакууму, калі апарат не здолеў выпрацаваць рыторыкі, якая б абгрунтавала такі разварот (адрозна ад геапалітычнага развароту, які на вербальным узроўні рыхтаваўся з дзесяцігоддзе).

Калі адмена льготаў у 2007 г. была пробным камянём «парогу цярпімасці» грамадства, то тое, што адбылося ў 2009 г., ужо выглядала як стыль дзеянняў Лукашэнкі пры вельмі неспрыяльнай кан’юнктуры. Калі раней такія абвалы выклікалі пошук вінаватых і пасадкі, то цяпер кіраўнік дзяржавы фактычна ўзяў адказнасць на сябе, хай і падзяліўшы яе з вонкавымі фактарамі. Пераход да постпапулізму таксама засведчыў, што беларуская бюракратыя ўзмацнілася дастаткова, каб прымаць і праводзіць праз прэзідэнта настолькі непапулярныя рашэнні, не баючыся яго гневу. Змена публічнага дыскурсу як такая не вядзе да «структурных» зрухаў у сістэме, але прынамсі яна такія зрухі легітымізуе, і паводле таго, як мяняецца афіцыйная рыторыка, заўжды можна здагадацца і пра будучую палітыку.

Змена рыторыкі ў такім выразна ліберальным кірунку не азначае, што эканамічная лібералізацыя ў рэальным жыцці будзе ісці такімі ж тэмпамі, якімі ідзе лібералізацыя вербальная (дый апошнюю павярнуць у адваротны бок, вядома ж, нашмат лягчэй). Аднак эрозія сэнсаў прыводзіць да збояў у сістэме. Размовы пра новы замежнапалітычны курс і сяброўства з ЕС таксама выклікаюць разгубленасць унутры апарату ўлады, аналагічную той, у якой ён быў падчас перабудовы. Старшыню выканкаму цяжэй адмовіць у памяшканні апазіцыянерам, бо адмова можа папсаваць дыялог з ЕС, на які так спадзяецца Лукашэнка.

Гэткім жа чынам сумяшчэнне несумяшчальных логік кіравання і легітымізацыі вядзе да збояў у працы ўладнай сістэмы, якая пачынае не разумець, што менавіта ад іх патрабуецца. Выдатным прыкладам гэтага было паседжанне Савета Міністраў пасля эканамічнага форуму ў Лондане, на якім прэм’ер-міністр Сідорскі, калісьці заўзяты прыхільнік «апоры на ўласныя сілы», пачаў распякаць міністраў за тое, што яны не прыцягваюць замежных інвестыцыяў.

Эрозія сэнсаў пачынае прыводзіць да пераразмеркавання палітычнага капіталу ўнутры ўладнай эліты. На авансцэну выходзіць новая генерацыя лукашэнкаўскай эліты, старыя ж ідэалагічныя і сілавыя кадры адсоўваюцца на задні план ці наагул сыходзяць. У выніку паўстае прастора для дыялогу паміж афіцыйнай і альтэрнатыўнай супольнасцямі, што дазваляе ствараць пакуль што часовыя кааліцыі паміж прагматычна настроенымі часткамі незалежнага грамадства і ліберальнымі сегментамі афіцыёзу.

                                     СЦЭНАРЫ ТРАНСФАРМАЦЫІ

Лукашэнкаўская трансфармацыя безумоўна выкліканая неабходнасцю і кіруецца найперш інстынктам самазахавання — улады і яе кіраўніка. Яна, як гэта ні парадаксальна, ёсць праявай той самай логікі прэвентыўнага аўтарытарызму, які да нядаўняй пары прыводзіў выключна да большага «закручвання гаек». Логіка самазахавання патрабуе адкрытасці, ускладнення грамадскіх і эканамічных адносінаў, калі цягам натуральнай эвалюцыі грамадства з’яўляюцца новыя інтарэсы і суб’екты, якія больш не дазваляюць захоўваць прымітывізаваную сістэму канца 1990-х.

Адказам на першапачатковыя выклікі сістэме стала рэалізацыя акурат таго самага адаптацыйнага сцэнара пераменаў, аналізу якога прысвечаная большасць дыскусіяў у незалежным грамадстве. Сутнасць гэтага сцэнара — перафарматаванне замежных сувязяў і пэўныя замежнапалітычныя саступкі, якіх ро­біцца акурат столькі, колькі трэба, каб пратрымацца ў дрэнны з эканамічнага і геапалітычнага гледзішча час. Іншымі словамі, улада спрабуе дачакацца, калі сусветны крызіс скончыцца, а Расія памякчэе. Такая лібералізацыя робіцца ў выключна абмежаваным фармаце (класічны прыклад — вяртанне дзвюх газетаў у кіёскі), не інстытуцыяналізуецца (то бок, мяняюцца практыкі, а не правілы гульні) і ў прынцыпе можа быць згорнутая ў любы момант. Аднак разуменне, што сістэма патрабуе больш грунтоўных рэформаў, пачало спець у калідорах улады нават да крызісу. (Тут можна нагадаць пра вядомыя дэбаты Пракаповіча і Сідорскага напрыканцы 2007 г., калі старшыня Нацыянальнага банку выклаў радыкальны па тым часе і для нашага чынавенства рэфарматарскі парадак дня. Прэм’ер праз год загаварыў амаль той жа мовай на інвестыцыйным форуме ў Лондане.)

Аднак адаптацыйны сцэнар пачынае прабуксоўваць падчас крызісу. Падзеі мінулага года, магчыма, пераканалі атачэнне прэзідэнта, што акурат самазахаванне патрабуе не толькі часовых адаптацыйных мераў, але і істотнага перафарматавання сістэмы. Безумоўна, гэтымі фактарамі з’явіліся, па-першае, вайна на Каўказе, якая пацвердзіла гатоўнасць Крамля да перагляду межаў і правядзення аперацыяў для змены нацыянальных элітаў. Гэта быў сігнал Лукашэнку і яго атачэнню пра тое, што занадта шчыльныя абдымкі Масквы пагражаюць смяротнай небяспекай. Па-другое, сусветны фінансавы крызіс паказаў, што спадзявацца на Расію як на апошняга ратавальніка не выпадае. Наадварот, паводзіны Расіі адносна Беларусі засведчылі, што Крэмль будзе выкарыстоўваць любыя цяжкасці, каб узмацніць эканамічны, фінансавы і палітычны кантроль — з усімі наступствамі. Пры гэтым, бадай, упершыню пачалі з’яўляцца і пазітыўныя стымулы да зменаў. Дыялог з ЕС, пры ўсёй яго слабасці, меў важны псіхалагічны ўплыў на свядомасць беларускай улады — пры ангажаванні з Захадам здымаюцца многія пытанні асабістай бяспекі для прадстаўнікоў улады — у выпадку пераходу да постлукашэнкаўскай эпохі. Гэта выключна важна для нава­бранцаў уладнай эліты. Трыццаціпяці- і саракагадовыя прадстаўнікі рэжыму проста не могуць не разумець, што дажыць да пенсіі пры Лукашэнку і пры гэтай сістэме ім наўрад ці ўдасца. Таму гэтая генерацыя ўжо цяпер пачынае задумвацца пра end game.

Паколькі выжыванне сістэмы вымагае больш грунтоўных зменаў, чым гэта магчыма ў межах адаптацыйнага сцэнара, улада вымушана пачаць рэалізацыю карэкцыйнага сцэнара ўласнай трансфармацыі і шукаць новы эканамічны і сацыяльны падмурак для захавання значна мадыфікаванай, але збольшага старой сістэмы. Нельга сказаць, што гэты сцэнар канчаткова аформіўся, але ўжо цяпер можна пазначыць яго контуры. Па-першае, ва ўмовах скарачэння сацыяльных абавязкаў наўмысна пашыраецца зона прыватнай аўтаноміі, каб адпусціць частку грамадства на «падножны корм». У гэтым і ёсць сэнс «разняволення», пра якое шматразова казаў Лукашэнка. Па-другое, дзяржава прапануе ангажаванне і пратэкцыю ўсім сацыяльным суб’ектам, якія гатовыя прыняць правілы гульні, — паводле прынцыпу «хто не супраць нас, той з намі». Па-трэцяе, дзеля эканамічнага самазабеспячэння вылучаецца і адасабляецца пэўны сектар ці шэраг кампаній (у выглядзе эканамічных зонаў або на аснове асобных прэферэнцыяў), дзе адбываецца лібералізацыя дзеля мадэрнізацыі і прыцягнення інвестыцыяў. Пры гэтым такі сектар не выклікае трансфармацыі ўсяго астатняга грамадства і не цягне за сабой больш грунтоўных рэформаў. (На Кубе такім сектарам, напрыклад, стаў турызм.) Такая трансфармацыя можа суправаджацца «закручваннем гаек» і прымітывізацыяй у іншых галінах. Таму, напрыклад, стварэнне паркаў высокіх тэхналогіяў можа суправаджацца абсалютна цемрашальскай антырэформай адукацыйнай сістэмы.

                                     МЕЖЫ ЛІБЕРАЛІЗАЦЫІ

 Неабходнасць пераменаў у сістэме выклікана найперш пашырэннем кола суб’ектаў, з якімі трэба заключаць здзелкі дзеля захавання эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці, падтрымання збалансаваных адносінаў з грамадствам і элітамі. Спіс гэтых суб’ектаў складаецца пераважна са знешніх актараў, якія мусяць кампенсаваць частковы адыход старога геапалітычнага патрона ад функцыяў гаранта беларускай стабільнасці, а таксама тых эканамічных і адміністрацыйных актараў, якія за апошні час набылі пэўную аўтаномію і ўплыў і ад лаяльнасці якіх залежыць эканамічнае выжыванне сістэмы. У той жа час самазахаванне сістэмы пакуль не вымагае кампрамісаў з незалежным грамадствам і тым больш з палітычнай апазіцыяй, мабілізацыйны патэнцыял і здольнасць ажыццяўляць уціск на ўладу ў якіх цяпер практычна на нулі.

Тое, што дзяржаве даводзіцца дамаўляцца з элітамі, а не з масамі, са знешнімі гульцамі, а не з апазіцыяй, і вызначае характар першага этапу лукашэнкаўскай трансфармацыі. Яна складаецца, па-першае, з кволых эканамічных рэформаў і пошукаў новых крыніцаў фінансавання, па-другое, з пэўных геапалітычных манеўраў пераважна дзеля тых жа эканамічных мэтаў. Захады для палітычнай лібералізацыі ажыццяўляюцца толькі тады, калі гэта неабходна дзеля забеспячэння папярэдніх дзвюх мэтаў. Таму рэалізацыя адаптацыйнага і карэкцыйнага сцэнара не толькі не замінае логіцы існавання лукашэнкаўскай сістэмы, але і стварае ўзаемавыгадныя сітуацыі для Лукашэнкі і Захаду. Першы атрымлівае эканамічныя, а цяпер і палі­тычныя выгады, «зліваючы» няпрофільныя актывы (тых жа палітвязняў, якія на свабодзе не стварылі ніякай пагрозы сістэме), другі ўсё ж такі дамагаецца нейкага прагрэсу ў Беларусі, не ўкладаючыся ў гэтым празмернымі палітычнымі абавязальніцтвамі і эканамічнымі інвестыцыямі. Але такія ўзаемавыйгры­шныя сітуацыі канчаюцца тады, калі працэс ангажавання і лібералізацыі падыходзіць да натуральнага каменя сутыкнення — неабходнасці адкрыць прастору для палітычнай канкурэнцыі і легітымізацыі прэтэнзіяў альтэрнатыўных палітычных і сацыяльных актараў на ўдзел у палітычным жыцці і доступу да ўлады.

Гэтыя актары цяпер знаходзяцца ў цалкам маргіналізаваным стане. Калі яны і ўсплываюць на ўнутрыпалітычнай сцэне, то выключна пры пасярэдніцтве і заступніцтве знешніх гульцоў, што складае даволі незвычайную сітуацыю. Асноўны камень сутыкнення дыялогу Беларусі з ЕС — гэта менавіта пытанне прызнання і легітымізацыі права маргіналізаванай уладамі апазіцыі нават не на частку ўлады, а на ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Менавіта падвышэнне статусу гэтых маргіналізаваных гульцоў ёсць тым каменем сутыкнення, на якім дыялог афіцыйнага Мінска з ЕС заходзіць у тупік, і той чырвонай лініяй лібералізацыі, за якую рэжым упарта не хоча заступаць, робячы ўсё, каб выціснуць заходні бок у рэчышча «канструктыўнага дыялогу».

Такая легітымізацыя азначала б добраахвотную здачу пазіцыяў. Яна непрымальная з псіхалагічнага гледзішча асабіста для кіраўніка дзяржавы. Болей за тое, яна аб’ектыўна небяспечная таму, што, не зважаючы на якасць сённяшняй апазіцыі, яна стварае легітымнае поле для канкурэнцыі ў лукашэнкаўскай сістэме. Нават калі гэта не прыводзіць да адчувальных збояў у кіраванні, легітымізацыя такіх зонаў канкурэнцыі паглыбляе «эрозію сэнсаў» і стварае яшчэ адзін чыннік яе ідэалагічнага крызісу. Зазначым, што лукашэнкаўская лібералізацыя стала магчымай акурат тады, калі ў грамадстве вычарпаліся арганізацыйныя і маральныя перадумовы для актыўнага палітычнага супраціву. Там, дзе гэтыя перадумовы ўзнікаюць, сістэма пераналаджвалася — менавіта паводле такога сцэнара ўлады расправіліся ў пачатку 2008 г. з актыўнымі ўдзельнікамі пратэстаў прадпрымальнікаў.

Нават згубіўшы магчымасць вызначаць эканамічны і замежнапалітычны курс, рэжым безумоўна захоўвае права вета адносна ўнутрыпалітычных працэсаў у краіне. Ён будзе настойваць, што з’яўляецца адзіным палітычным гульцом і адзіным «актарам пераменаў» у краіне, захоўваючы права вета адносна парадку дня як унутраных зменаў, так і замежнапалітычнага дыялогу. Калі гэтая манаполія пачынае размывацца, узрастае і пагроза адкату і дэлібералізацыі. Такі сцэнар магчымы, нават імаверны, у двух выпадках. Першы — калі вонкавыя фактары складуцца такім чынам, што алгарытм выжывання сістэмы зноў спросціцца, зноў звядзецца да неабходнасці забяспячваць адзін-два чыннікі, дамаўляцца са жменькай актараў, сярод якіх не будзе ані Захаду, ані апазіцыі, ані міжнародных арганізацый. Такі сцэнар найперш будзе зрэалізаваны, напрыклад, пры аднаўленні шалёнага росту цэнаў на нафту ці пры ўзрастанні фінансавай падтрымкі сістэмы з боку Расіі, ці калі сістэма знойдзе новую «палачку-выручалачку», якой была то нафта, то банкаўскія крэдыты, то калійныя ўгнаенні. Але такі варыянт развіцця падзеяў у агляднай будучыні, з усім вядомых прычынаў, малаімаверны.

Другі, больш верагодны сцэнар адкату — гэта вычарпанне магчымасцяў карэкцыйнага сцэнара і ўзнікненне пагрозаў, што рэалізацыя яго вядзе да значных палітычных небяспекаў. Гэтае адчуванне небяспекі пакрысе назапашваецца ўжо цяпер. Кволыя лібералізацыйныя захады не дазваляюць пакуль збалансаваць сістэму эканамічна, а грамадства ўжо відавочна пачынае паступова пазбаўляцца страху і «станавіцца нахабным», хай і ў межах нейкіх лакальных канфліктаў у праблемах, не звязаных наўпрост з пытаннем улады. У гэтым выпадку можна пайсці і на парушэнне ўсіх магчымых сацыяльных кантрактаў — змяніўшы курс, не зважаючы на эканамічныя страты, і пачаць банальна «за­кручваць гайкі», наўмысна робячы стаўку на прымітывізацыю грамадскіх адносінаў і палітычнай мадэлі. Тым, хто разлічвае, што пры такім ціску могуць выбухнуць пратэстныя настроі і адбудзецца рэвалюцыя, варта нагадаць, што, наўмысна правакуючы грамадскую дэградацыю, прымітыўныя аўтарытарныя сістэмы могуць існаваць дзесяцігоддзямі.

Улада выбярэ паміж лібералізацыяй і адкатам першае толькі ў адным выпадку — калі выпрацуецца формула і паўстануць такія інстытуцыйныя рамкі пераменаў, што вядучыя прадстаўнікі цяперашняй улады займеюць гарантаваную магчымасць забяспечыць свае інтарэсы і перадыслакаваць свой палітычны капітал ва ўмовах кіраванай, а потым канкурэнтнай дэмакратыі. Сцэнар эвалюцыйнай змены сістэмы пры захаванні бяспекі і інтарэсаў яе пратаганістаў тэарэтычна можа аформіцца ў пераходзе да «кіраванай дэмакратыі» паводле прынцыпу «гаміньданаўскай» мадэлі на Тайвані (паступовае ператварэнне манапольнай уладнай эліты ў адну з канкуруючых) ці рэжыму «паўтарапартыйнай сістэмы» ў Японіі. Пры гэтым Беларусь набудзе вонкавыя атрыбуты дэмакратыі, але першыя тры-чатыры электаральныя цыклы існая ўлада ў нейкай новай інстытуцыйнай форме і, можа, з пэўнай зменай асобаў, не сустрэне вялікіх праблемаў з пераабраннем у канкурэнтнай барацьбе. У новай сістэме яшчэ пэўны час пануюць старыя актары, што забяспечваецца як праз кантроль за эканамічнымі рэсурсамі (напрыклад, праз механізмы кантраляванай прыватызацыі), так і праз стварэнне інстытутаў, якія гарантуюць інкарпарацыю і патранаж значнай часткі грамадства і асабліва яго сацыяльна актыўнага сегменту (такім інстытутам патранажу можа стаць «дамінуючая» кіроўная партыя). Адбываецца інкарпарацыя апазіцыі (якую ўлада, магчыма, сама і аформіць) у структуры новага рэжыму, пры тым што ідэалогія апазіцыі (акцэнт на дэмакратыю і правы чалавека) адаптуецца як дамінуючая. У рамках такога сцэнару дзяржава збольшага «выходзіць» з эканомікі, дапускаючы туды рынкавыя сілы і даючы магчымасці для самаарганізацыі.

Кантраляваная трансфармацыя, аднак, вымагае некалькіх умоваў.

· Палітычнай волі і гатоўнасці да грунтоўных пераменаў, што вельмі цяжка здабыць, маючы на ўвазе звычку ўладных элітаў да безапазіцыйнага асяроддзя.

· Новага пункту апоры ў грамадстве, прапановы новых кантрактаў, новых перспектываў сацыяльным групам, якія складуць аснову паноўнай сацыяльнай кааліцыі ў будучай сістэме. Першая магчымасць — гэта стварыць пастаянную праўладную кааліцыю, перанесці цэнтр вагі сацыяльнага кантракту на найбольш актыўныя сацыяльныя групы, патэнцыйных актараў пераменаў. Пры гэтым адбываецца маргіналізацыя старой лукашэнкаўскай кааліцыі, сацыяльных аўтсайдэраў. Магчыма, палітычнай апазіцыі нават надасца магчымасць пагуляць у левы папулізм, што справакуе далейшы яе раскол і інкарпарацыю ліберальнай яе часткі ў новую лукашэнкаўскую кааліцыю — вядомыя рэверансы афіцыёзу ў бок часткі незалежнага грамадства паказваюць на магчымасць такога кроку.

· Новых формаў легітымізацыі сістэмы і стварэння ўмоваў для інкарпарацыі ў гэты праект альтэрнатыўных актараў. Гэта запатрабуе змястоўнага і абгрунтаванага праекту эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў і новай практычнай ідэалогіі, якая б забяспечвала глебу для інкарпарацыі былых апанентаў і легітымізавала б новы курс.

· Нарэшце, такі сцэнар вымагае будаўніцтва інстытутаў (такіх, як тыя ж палітычныя партыі), якія б аформілі правілы гульні ва ўмовах спачатку «кіраванай», а потым і сапраўднай дэмакратыі. Гутарка ідзе перш за ўсё пра фармаванне партыйнай сістэмы, а на першапачатковым этапе — стварэння кіроўнай партыі, якая б забяспечвала інтарэсы лукашэнкаўскай эліты.

Такім чынам, кантраляваная трансфармацыя — гэта надзвычай амбітны для ўлады праект, які можа быць зрэалізаваны ці пачаць рэалізоўвацца. Палітычная воля для яго рэалізацыі можа з’явіцца толькі тады, калі ажыццяўленне адаптацыйнага і карэкцыйнага сцэнара не будзе магчымым. Нейкія прыгатаванні для яго ажыццяўлення робяцца ўжо цяпер (напрыклад, абмяркоўваецца магчымасць пераходу да партыйнай выбарчай сістэмы, адбываецца інкарпарацыя ў дыскурс улады частак нацыянальнага і праеўрапейскага дыскурсу апазіцыі, робяцца захады для стварэння новай пралукашэнкаўскай сацыяльнай кааліцыі), але ўсё гэта яшчэ рэалізуецца ў рамках нашмат менш амбітных сцэнароў адаптацыі і карэкцыі.

                                     ЯК ПАЎПЛЫВАЦЬ ЗВОНКУ?

Інструменты «падштурхоўвання» трансфармацыйных працэсаў у Беларусі на сённяшні дзень вельмі абмежаваныя, у тым ліку таму, што з палітычных працэсаў дагэтуль дэ-факта выключаныя альтэрнатыўныя актары. Ва ўмовах, калі гэтыя перамены немагчыма ініцыяваць, разважаць пра ўдзел апазіцыі ў палітычным жыцці краіны, не кажучы ўжо пра яе шанцы пераўтварыцца ў дзейнага «актара пераменаў» і ажыццяўляць уласныя палітычныя стратэгіі, не выпадае без адраджэння легальнай прасторы для канкурэнцыі. Альтэрнатыўным палітычным сілам і незалежнаму грамадству варта шукаць любой магчымасці, каб выкарыстаць тыя кволыя працэсы адкрыцця палітычнай прасторы і новыя супярэчнасці дзеля пашырэння прасторы свабоды ў грамадстве. Гаворка ідзе і пра «ўбудаванне» апазіцыі ў тыя дыялогавыя працэсы, якія сёння ідуць паміж Беларуссю і ЕС, і аб прапанове, нават навязванні, уласнага парадку дня гэтага дыялогу, і пра штодзённае «тэставанне» сапраўднасці лібералізацыйных намераў уладаў, і пра выкарыстанне тых ці іншых палёгак для разгортвання альтэрнатыўнай дзейнасці.

Пакуль што самым эфектыўным сродкам уздзеяння застаецца спрыянне эрозіі сістэмы. Фактычна, на эрозію працуе ўсё, што спрыяе ўскладненню эканамічных і сацыяльных адносінаў у краіне, размывае вертыкальны прынцып кіравання краінай і эканомікай, пашырае абшар сацыяльнай, эканамічнай, інтэлектуальнай і, калі магчыма, палітычнай свабоды, размывае ці заблытвае ідэалагіч­ную цэльнасць сістэмы, прыўносячы ў яе новыя, супярэчлівыя сэнсы і ідэі. Гэта ўключае інструменты тэхнічнага супрацоўніцтва, культурных кантактаў, эканамічнага ўзаемадзеяння, уцягвання ў працу міжнародных арганізацый, развіццё двухбаковых і шматбаковых кантактаў з заходнімі краінамі, падарожжы, грамадзянскую дыпламатыю і г. д. Эрозіі спрыяе і падтрымка тых працэсаў, якія прыводзяць да эвалюцыі ўлады ў самой сістэме, нават калі гэта азначае не дэмакратызацыю, а яе алігархізацыю. Напрыклад, падтрымка той самай «дыктатарскай прыватызацыі», пра небяспеку якой заяўляе частка беларускай апазіцыі, насамрэч спрыяе паглыбленню тых працэсаў, якія ўрэшце прыводзяць да размывання прэзідэнцкага абсалютызму, большай заангажаванасці краіны ў сусветную эканоміку і падвышаюць кошты міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Гэтыя працэсы могуць нейкі час талеравацца і нават заахвочвацца ўладай — прынамсі пакуль яна ў стане блакаваць тыя рэформы, што прыводзяць да дэстабілізацыі і распаду створанай сістэмы. Таму заахвочванне гэтых працэсаў звонку і выглядае як спробы ратавання рэжыму, бо праз заахвочванне кантраляванай эрозіі ўлада можа знайсці новы пункт раўнавагі — магчыма, з больш шырокім абшарам свабоды. Акурат гэтае пашырэнне абшару будзе ўрэшце выкарыстана як элемент новага сацыяльнага кантракту. Але мы не можам выключаць варыянт, пры якім такі пункт раўнавагі не будзе дасягнуты, а прынятыя лібералізацыйныя меры будуць вымагаць у сваю чаргу ўсё больш грунтоўных рэформаў.

Любы кампрамісны сцэнар трансфармацыі ў Беларусі, з прычыны слабасці ўнутраных актараў і важнасці геапалітычнага кантэксту пераменаў, будзе вымагаць вонкавага спонсарства і гарантыяў. Глыбокая трансфармацыя лукашэнкаўскай сістэмы можа адбыцца толькі ў кантэксце геапалітычнага развароту краіны і далучэння Беларусі да еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў, пры яе «цывілізацыйным» ўцягванні ў Еўропу. Сама логіка цывілізацыйнага ўцягвання засноўваецца не толькі на «мяккім» уплыве, але ўжо і на іншым узроўні абумоўленасці. З аднаго боку, ад Беларусі патрабуюцца грунтоўныя, якасныя, радыкальныя пераўтварэнні. З другога — ёй прапануецца якасна новая цывілізацыйная перспектыва будучыні. Канечне, магчымасць такога ўцягвання залежыць не толькі ад гатоўнасці беларускіх уладаў інтэгравацца ў Еўропу, але і гатоўнасці еўрапейскага боку зрабіць радыкальную прапанову Беларусі, фактычна акрэсліўшы перспектыву яе далучэння да ЕС. Тое, што ЕС пачынае прынамсі размаўляць пра еўрапейскую перспектыву ўсходніх суседзяў, дае надзею, што рэалізацыя падобнага сцэнара магчымая. Аднак любая палітыка ЕС, якая распаўсюджваецца на рэгіён, мусіць пакуль што быць «падагнаная» пад беларускія рэаліі.

Прапанаваўшы еўрапейскую перспектыву Беларусі, ЕС бярэ на сябе абавязкі стаць гарантам эвалюцыйнага характару пераменаў у краіне, што забяспечыць спрыяльнае стаўленне да гэтага працэсу з боку ўладнай эліты. Іншымі словамі, гутарка ідзе пра гарантыю грамадзянскага міру ў постаўтарытарнай еўрапейскай Беларусі, пра прапанову «end game» — пэўнага сцэнара для палітычных пераменаў і гарантавання асабістых інтарэсаў і бяспекі вядучых пратаганістаў рэжыму.

Ці не ёсць усе гэтыя сцэнары і разважанні летуценніцтвам? У прынцыпе, мая задача, калі я сядаў пісаць гэты артыкул, з гэтага складалася — паразважаць над тым, што падаецца немагчымым: пра магчымасці эвалюцыі сістэмы, якая, здавалася б, генетычна не здольная на эвалюцыю. Але глыбінныя змены, якія адбываюцца і ў Беларусі, і ў наваколлі, прымушаюць да асэнсавання, здавалася б, бясспрэчных пастулатаў. Калі стала зразумела, што лукашэнкаўская Беларусь здольная мяняцца, то чаму яна не здольная памяняцца глыбока і радыкальна? На сённяшні дзень не відаць, што сістэма здольная згенераваць ам­бітны праект пераменаў, акрэслены ў дадзеным аналізе. Але ўжо сёння можна спрагназаваць, што калі магчымасці адаптацыі і карэкцыі будуць вычарпаныя, гэты праект раней ці пазней з’явіцца. (Што, у сваю чаргу, не значыць, што прыняты да рэалізацыі будзе менавіта ён, а не жорсткі сцэнар «закручвання гаек».)

Тыя, хто робіць стаўку акурат на дыялог як сродак дамагчыся пераменаў, мусяць быць гатовыя да таго, што падобны сцэнар давядзецца распрацоўваць ці абмяркоўваць. Тыя, хто дагэтуль спадзяецца на рэвалюцыю і бунты прыніжаных і пакрыўджаных, мусяць нарэшце ўсвядоміць, што перамены, якія пойдуць іншым шляхам, пакінуць іх назаўжды на ўзбочыне палітычных працэсаў. Нарэшце, тыя, хто спадзяецца заставацца ля ўлады бестэрмінова, не могуць ужо не разумець, што любы сцэнар трансфармацыі ці нават мадэрнізацыі краіны прывядзе ўрэшце да стану, калі палітычныя перамены будуць непазбежныя. Так што пра магчымасці сумеснага кіравання гэтымі працэсамі не лішне было б задумацца ўжо цяпер.
 Віталь Сіліцкі
______________________________________________________________________
Віталь Сіліцкі — палітоляг, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Сталы аўтар «ARCHE».

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме