18:01 25.07.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ВІКТАР ЧАРНОЎ МЯРКУЕ: ДА САЦЫЯЛЬНАГА ПРАТЭСТУ АПАЗІЦЫЯ НЕ ГАТОВАЯ

Апазіцыя рыхтуецца да Народнага сходу. З вуснаў палітыкаў гучаць заявы і выказваюцца меркаванні, што восенню ў Беларусі магчымы сацыяльны выбух.

Наколькі шырокі цяпер ў краіне сацыяльны пратэст, ці магчымы выступы грамадзян, пра гэта паразважаем з палітолагам Віктарам Чарновым.

- Прагназаваць сацыяльны пратэст практычна немагчыма. Сацыяльныя выбухі загадзя не могуць планавацца. Яны заўсёды ўзнікаюць спантанна, без пэўных планаў. Узнікаюць сацыяльныя выбухі ў выніку сцячэння пэўных абставінаў. Але навукоўцы да гэтага часу не могуць даць адказ, чаму людзі гадамі не выходзяць з пратэстамі, а потым ў адзін момант нешта мяняецца і недавольства выплёскваецца ў выглядзе сацыяльнага выбуху. Таму казаць, што нас чакае сацыяльны выбух менавіта ў пэўны час - не выпадае, хаця ў Беларусі пратэстныя настроі растуць. Змяняецца індэкс чаканняў і матэрыяльнага дабрабыту. Не было раней ніколі ў краіне, што дабрабыт моцна змяніўся. Хаця ў нашым грамадстве трэба рабіць папраўку і на ментальнасць. Беларусы маюць высокую ступень прыстасавання. Замест таго, каб мяняць сітуацыю, грамадзяне прыстасоўваюцца да яе. Мне падаецца, што таму павінен быць яшчэ большы абвал узроўня жыцця людзей, каб яны выйшлі на вуліцы. Найперш гэта тычыцца рабочага класа. Таму тут 50 на 50. Нешта прагназаваць немагчыма. Хаця сцэнар сацыяльнага выбуху неабходна разглядаць.

РР: Наколькі апазіцыя падрыхтаваная да сцэнару сацыяльнага выбуху?

- Я лічу, што на 90% апазіцыя не падрыхтаваная, каб узначаліць гэты выбух. Патрэбны новыя лідары, новыя структуры. Паміж апазіцыяй і рабочымі на прадпрыемствах практычна няма каналаў сувязі. Раней гэтым спрабаваў займацца Віктар Івашкевіч. Але на самой справе сітуацыя даволі складаная. Рэдка дзе існуюць суполкі незалежных прасаюзаў.

РР: А ці падрыхтаваная да сацыяльных пратэстаў улада?

- Канешне, улада больш падрыхтаваная. Яна мае з аднаго боку бізун, а з другога пернік. З аднаго боку ўлада пільна сочыць за настроямі ў калектывах буйных заводаў. Там перыядычна падвышаюцца заробкі, наколькі я ведаю. З другога боку, калі будзе бачна, што магчыма выступленне, то збоку ўлады будзе прыменены і бізун. Абавязкова варта чакаць спробу жорсткага падаўлення пратэсту. Варта ўзгадаць падзеі 1995 году, калі была забастоўка работнікаў метрапалітэну. Яе даволі жорстка задушылі. Таму гэтая тактыка будзе прымененая і на гэты раз. Што да Народнага сходу, то мне падаецца, што ўлады не дадуць правесці гэтае мерапрыемства.

Гутарыў Сяргей Скулавец  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме