01:15 31.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Успамін пра Мікалая Лагодзіча
50 год таму ў 1963 годзе ў Пінску быў арыштаваны за публічную праваабарончую дзейнасць Мікалай Лагодзіч. Пазней асуджаны да 3 гадоў савецкіх канцлагераў. Мікалай Лагодзіч нарадзіўся ў 1928 годзе на Піншчыне – беларускі праваабаронца, савецкі палітычны вязень. Яго асобу ў эфіры “Радыё Рацыя”ўзгадаў пінскі журналіст Віктар Ярашук.
РР: Пры якіх абставінах Вы пазнаёміліся з Мікалаем Лагодзічам?
Віктар Ярашук:Ён быў добрым знаёмым майго бацькі, таму я яго памятаю з дзіцячых гадоў. Але блізка сышліся і пачалі супрацоўнічаць у пачатку 90-х гадоў.
РР: Чым пінчукам запомніўся Мікалай Лагодзіч?
Віктар Ярашук: Вельмі шчыры чалавек, чалавек слова, калі ён сказаў нешта, ён гэта абавязкова зробіць. Мы толькі чулі пра гэтыя мардоўскія лагеры, але ён ніколі не паказваў таго, што вось я такі, я прайшоў, я даўно змагаюся, а вы тут маладыя. Ён усіх мог выслухаць. Ён быў для нас настаўнікам. Настаўнікам не толькі палітычным, але і настаўнікам па жыцці. Гэта быў вельмі мудры чалавек. Самыя чыстыя, чалавечыя ўспаміны пра яго засталіся.
РР: Ці расказваў Мікалай Васільевіч пра мардоўскія лагеры?
Віктар Ярашук: Перад апошнім днём нараджэння Мікалая Васільевіча я рабіў матэрыял пра яго. Вось тады ён крыху расказаў пра гэта. Прычым, ён не расказваў як цяжка было сядзець. Больш расказваў, як цяжка было ягонай жонцы. Мала хто ведае, што, калі Мікалая Васільевіча забралі, то ў гэты дзень ягоная жонка нарадзіла сына. Жанчына шукала мужа, ніхто не ведаў дзе ён. Дома ўсё перавернута, бо быў ператрус.
Мікалай Васільевіч успамінаў людзей, з якімі там сустракаўся. Ён вельмі добра маляваў, у нас у партыйным офісе у свой час вісеў партрэт Кастуся Каліноўскага, які ён намаляваў. Ён нават задумваў стварыць галерэю беларускіх герояў. А пачаў маляваць у мардоўскіх лагерах. Там сядзеў былы мастак, які і вычыў яго. З ім сядзелі украінскія нацыяналісты яшчэ з часоў вайны. Ён удзячны людзям, што былі побач. Расказваў, што лагер стаў для яго школай жыцця, які даў яму веды, якія б ён нідзе больш не атрымаў.
У мардоўскіх лагерах Мікалай Лагодзіч адбываў трохгадовы тэрмін за артыкулы на правабарончыя тэмы у цэнтральным савецкім друку пад псеўданімам Пінчук Палескі. Артыкулы так і не былі надрукаваныя, аўтар знойдзены КДБ і асуджаны за антысавецкую прапаганду. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці Мікалай Лагодзіч рэабілітаваны ў 1992 годзе. Памёр у 2009 годзе.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарка з Віктарам Ярашуком у далучаным гукавым файле:
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме